Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі дазволаў на іміграцыю і на прытулак беларусы атрымалі ва Ўкраіне. Статыстыка ад жніўня 2020-га


31-я гадавіна з дня ўхваленьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, Кіеў, 27 ліпеня 2021 г.

У Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны зьвярнуліся 64 грамадзяніны Беларусі дзеля атрыманьня статусу ўцекача або дадатковай абароны ўкраінскай дзяржавы.

Гэтулькі заяваў міграцыйная служба атрымала з 1 жніўня 2020 па 31 ліпеня 2021 году.

За гэты ж пэрыяд 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Ўкраіну і на гэтай падставе цяпер могуць зьвярнуцца па від на сталае жыхарства. Дазволы на іміграцыю найперш выдаюць высокакваліфікаваным спэцыялістам, якіх патрабуе эканоміка Ўкраіны.

Як адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды, з 1 жніўня 2020 да 31 ліпеня 2021 году 811 грамадзян Беларусі атрымалі від на сталае жыхарства, яшчэ 3348 — на часовае, а 572 беларусам падоўжылі магчымы тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне.

У той жа час у міграцыйнай службе не змаглі ўдакладніць колькасьць відаў на часовае жыхарства ва Ўкраіне, выдадзеных на падставе зваротаў валянтэрскіх арганізацыяў, у тым ліку «Беларускага дому ва Ўкраіне», фармальнага кіраўніка якога 3 жніўня знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне на ўскраіне Кіева.

Свабода таксама прасіла прадставіць інфармацыю пра звароты яшчэ дзьвюх арганізацыяў, да якіх мелі дачыненьне Віталь Шышоў, які загінуў, і Радзівон Батулін, якому Ўкраіна забараніла ўезд на сваю тэрыторыю на тры гады. Ідзецца пра арганізацыі «Беларуская альтэрнатыва» і дабрачынны фонд «Беларуская дыяспара ва Ўкраіне».

«Улік іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якім аформілі віды на часовае жыхарства на падставе валянтэрскай дзейнасьці, у Дзяржаўнай міграцыйнай службе не вядзецца. Такім чынам, падаць інфармацыю пра колькасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, якім аформілі віды на часовае жыхарства на падставе зваротаў гэтых арганізацыяў, немагчыма», — сказана ў адказе, які падпісаў кіраўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Максім Сакалюк.

У чатах тэлеграм-каналу «Беларускага дому ва Ўкраіне» пэрыядычна публікавалі інфармацыю пра тое, што рыхтуюцца падаць у Дзяржаўную міграцыйную службу сьпісы беларусаў, якія нелегальна перасеклі мяжу, пратэрмінавалі дазволены час знаходжаньня іншаземцаў ва Ўкраіне, і тых, хто жадае атрымаць статус уцекача. Цяпер гэтыя паведамленьні выдаленыя.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра перадачу такіх сьпісаў «Беларускім домам ва Ўкраіне», як і ўвогуле пра супрацу з гэтай арганізацыяй.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома?

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.

Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.

Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.

Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG