Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьбіраюцца зьліквідаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў


Саюз беларускіх пісьменьнікаў

Таксама пад ліквідацыю рызыкуе трапіць аб’яднаньне раварыстаў «ВелоГродно».

Справу аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» будзе разглядаць Вярхоўны суд. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які прыйшоў з суду на адрас арганізацыі.

У СБП адзначаюць, што такое разьвіцьцё падзей ня стала для іх чымсьці дзіўным.

24 жніўня ў 14.30 у Вярхоўным судзе адбудзецца апытаньне «ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбору». Зьліквідаваць недзяржаўную арганізацыю пісьменьнікаў просіць у сваім пазове Міністэрства юстыцыі.

  • Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў створаны ў 1933–1934 гадах.
  • У 2005 годзе ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, ляяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
  • У СБП больш за 450 сябраў.
  • На пачатку тыдня Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці СБП, запатрабаваўшы дакумэнты з 1 студзеня 2018 году па 1 ліпеня 2021 году па 27 пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.
  • 14 ліпеня ў офіс СБП уварваліся сілавікі, правялі ператрус, апячаталі памяшканьне і канфіскавалі тэхніку.
  • Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскамі аб неразгалошваньні і аб нявыезьдзе.

У Горадні ўлады хочуць ліквідаваць мясцовае аб’яднаньне раварыстаў «ВелоГродно». Афіцыйная падстава — парушэньні і памылкі ў дакумэнтаабароце. Першы працэс, прысьвечаны гэтай справе, адбудзецца ў канцы жніўня.

«ВелоГродно» існуе з 2013 году. Арганізацыя ўваходзіла ў склад каардынацыйных грамадзкіх радаў: па турызьме і па разьвіцьці веларуху пры Горадзенскім выканаўчым камітэце, у экалягічную раду пры Камітэце прыродных рэсурсаў. Таксама «ВелоГродно» ўдзельнічала ў грамадзкіх абмеркаваньнях будаўніцтва новых мікрараёнаў у Горадні.

На папярэднім тыдні стала афіцыйна вядома аб плянах уладаў ліквідаваць у Горадні дзіцячы госьпіс, які шмат гадоў дапамагаў цяжка хворым дзецям.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG