Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту


Кабул, 1996 год

Больш як за 100 гадоў сваёй незалежнасьці Афганістан быў і сьвецкай манархіяй, і камуністычнай рэспублікай, і ісламскім эміратам. Але цягам усяго ХХ стагодзьдзя ўлада ні разу не перадавалася там мірным шляхам. Расказваем, як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту.

Калі Афганістан упершыню займеў дзяржаўнасьць

Сучасная тэрыторыя Афганістану некалькі тысячаў год пераходзіла ад адной імпэрыі да другой. Гэтыя землі захоплівалі пэрсы, грэкі, індыйцы, арабы, манголы. Але мясцовае насельніцтва шматкроць падымала паўстаньні супраць чарговых захопнікаў.

Толькі ў 1747 годзе, пасьля сьмерці ўладара Пэрсіі Надзір-шага, ягоны жаўнер Ахмад-шаг Абдалі абвясьціў сябе эмірам і заснаваў Дуранійскую імпэрыю, якую афганцы лічаць пачаткам сучаснага Афганістану. Паштуны, карэнны народ Афганістану, называюць Ахмад-шага Абдалі «Бацькам».

У першай палове XIX стагодзьдзя за Афганістан пачалі супернічаць Брытанская імпэрыя і Расея. Падсумоўваючы ягоную гісторыю ў XIX стагодзьдзі, ангельцы назвалі краіну «могілкамі імпэрыяў». Толькі ў гэтым стагодзьдзі яны самі прайгралі там тры вайны. Пасьля чарговай вайны з афганцамі, якая пачалася ў 1919 годзе, брытанцы нарэшце прызналі незалежнасьць Афганістану.

Ці былі спробы мадэрнізацыі Афганістану

У 1926 годзе эмір Аманула-хан, той самы, што абвясьціў поўную незалежнасьць краіны, абвясьціў Афганістан каралеўствам.

Яшчэ да ўзыходжаньня на трон ён сымпатызаваў так званым моладаафганцам — сэкулярысцкаму моладзеваму руху. Яго ўдзельнікі выступалі за ўвядзеньне канстытуцыі і абавязковай адукацыі як для мужчын, так і для жанчын, мадэрнізацыю эканамічнай і палітычнай сыстэм, а таксама за аддзяленьне рэлігіі ад улады.

За час панаваньня Аманула-хан сабраў каманду рэфарматараў на чале зь пісьменьнікам і паэтам Махмуд-бэкам Тарзі, ім удалося рэалізаваць вялікую частку зьменаў. У гэты пэрыяд урад скасаваў рабства, адправіў большую частку вайскоўцаў у адстаўку, адмяніў паранджу для жанчын і абавязаў насельніцтва насіць «эўрапейскае» адзеньне.

Мадэрнізацыйная палітыка і эканамічныя рэформы Аманулы-хана прыйшліся даспадобы ня ўсім. Рэлігійныя і пляменныя лідэры Афганістану былі незадаволеныя мадэрнізацыяй і рэформамі. Яны называлі гэтыя працэсы вэстэрнізацыі патураньнем імпэрыялізму. Пасьля пачатку паўстаньня паштунскіх плямёнаў у 1928 годзе Аманула-хан адрокся пасаду і ўцёк.

На зьмену яму пры падтрымцы паштунскіх плямёнаў і Вялікай Брытаніі прыйшоў былы генэрал Мухамад Надзір-шаг. Ён працягнуў адмяняць рэформы першага караля, здолеў ліквідаваць амаль усю палітычную апазыцыю і пашырыў уплыў вайсковых і сілавых структур. Але ў 1933 годзе яго забіў студэнт элітнай школы Амані падчас параду.

Мячэт у Кандагары
Мячэт у Кандагары

Што такое «Залаты век» Афганістану

Так называюць 40-гадовы пэрыяд кіраваньня сына Надзір-шага — Мухамада Загір-шага.

У адрозьненьне ад свайго бацькі, Загір-шаг пачаў плаўную дэмакратызацыю манархіі. За час яго праўленьня ў каралеўстве прынялі новую мадэрнізаваную Канстытуцыю, пабудавалі мноства ўнівэрсытэтаў. Адбыліся ўсеагульныя выбары ў парлямэнт, былі пашыраныя грамадзянскія правы і правы жанчын. Афганістан яшчэ больш адкрыўся для сусьветнай дыпляматыі і замежных інвэстараў, балянсуючы ад пачатку «халоднай вайны» паміж ЗША і СССР.

Час ад часу ў пляменных рэгіёнах Афганістану ўздымаліся паўстаньні, але і яны хутка сьціхалі. Каралю ўдавалася захоўваць мір, прызначаючы на дзяржаўныя пасады прадстаўнікоў розных этнасаў і плямёнаў. Нягледзячы на тое, што ў гэты ж пэрыяд урадавы дыскурс з традыцыйна ісламскага станавіўся больш сьвецкім, мясцовыя імамы амаль не выказвалі незадаволенасьці — на зьмену незалежным рэгіянальным мэдрэсэ прыходзілі ўрадавыя. Маштабная незадаволенасьць палітыкай караля і фэадальнай формай праўленьня пачала расьці толькі з 1960-х сярод студэнцкіх марксісцкіх рухаў.

Кабул, 1967 год
Кабул, 1967 год

Як краіна пачала збліжэньне з СССР

У 1973 годзе, пасьля сур’ёзнага эканамічнага крызісу, выкліканага засухай, маладыя афіцэры і камуністы зрынулі ўладу караля, пакуль той быў зь візытам у Італіі. Новым лідэрам краіны стаў ягоны брат Мухамад Дауд, які заявіў пра канец манархіі і абвясьціў Рэспубліку Афганістан.

У палітыцы Дауд спрабаваў манэўраваць паміж Захадам і Ўсходам. Але за некалькі год ён стаў аўтакратам: у Афганістане ўвялі аднапартыйную сыстэму, з ураду выгналі былых саюзьнікаў-камуністаў, у краіне адбыліся палітычныя забойствы. А ў 1978-м былыя хаўрусьнікі Дауда, камуністы, зрынулі яго ў выніку рэвалюцыі. У ноч на 28 красавіка паўстанцы ўварваліся ў палац Дауда, дзе расстралялі і прэзыдэнта, і 15 ягоных сямейнікаў. Улада ў краіне перайшла да рэвалюцыйнай рады. Новае кіраўніцтва краіны абвясьціла пра стварэньне Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан і абрала курс на збліжэньне з СССР.

1986 год
1986 год

Якую палітыку праводзілі камуністы

Новым прэзыдэнтам Афганістану стаў камуніст Нур Мухамад Таракі. Ягоны марксісцкі ўрад анансаваў праграму радыкальных рэформаў, якія ставілі на мэце лібэралізацыю грамадзкага жыцьця ў краіне. Жанчыны пачалі атрымліваць палітычныя пасады, спыніліся прымусовыя шлюбы, пачалася шырокая адукацыя насельніцтва. У той жа час Таракі праводзіў палітыку палітычных рэпрэсій і гвалту над нязгоднымі. Марксісцкая лінія Таракі была і антырэлігійнай. У выніку глыбока ісламскае афганскае грамадзтва выступіла супраць рэформаў, у краіне пачалася грамадзянская вайна. Асновай пратэстаў супраць ураду сталі муджагеды — ісламскія баевікі.

У 1979 годзе кіраўніком Афганістану стаў былы паплечнік Таракі Хафізула Амін. Ён імгненна пачаў чысткі ўнутры ўлады. Ад іх загінуў і сам Таракі. Амін паспрабаваў праводзіць умераную палітыку, пераконваючы афганцаў, што ўрад не антыісламскі. У замежнай палітыцы Амін спрабаваў знайсьці раўнавагу, адыходзячы ад СССР. Гэта ўсхвалявала Маскву. Праз тры месяцы, як Хафізула Амін прыйшоў да ўлады, каля ягонага палаца ў Кабуле прызямліўся савецкі спэцназ «Альфа». Аміна забілі. Ягонае месца заняў ляяльны Маскве Бабрак Кармаль.

Савецкая апэрацыя, якая спачатку плянавалася як кароткатэрміновая, перарасла ў працяглы канфлікт.

Салдаты савецкай арміі трэніруюць афганскіх салдат, 1988 год
Салдаты савецкай арміі трэніруюць афганскіх салдат, 1988 год

Хто і за што змагаўся падчас савецка-афганскай вайны

Адданы Маскве Кармаль спрабаваў, як і ягоны папярэднік, праводзіць прыхільную ісламу палітыку. Вяртаў мячэты, прыпыніў сельскагаспадарчую рэформу. Але барацьба афганскіх партызанаў з савецкімі войскамі і афганскай арміяй працягвалася некалькі год.

Насельніцтва пачало ўцякаць у Пакістан і Іран, дзе ўзьнікалі базы падрыхтоўкі муджагедаў. Іх падтрымлівалі ня толькі арабскія краіны, але і ЗША з краінамі Захаду.

У 1986 годзе Бабрака Кармаля зьмяніў Мухамад Наджыбула, якому расейцы далі магчымасьць стрымліваць канфлікт. Аднак і яму гэта не ўдалося. Праз два гады Афганістан, СССР, ЗША і Пакістан падпісалі мірнае пагадненьне, і савецкія войскі пачалі пакідаць Афганістан, страціўшы там дзясяткі тысяч жаўнераў.

Яшчэ некаторы час Наджыбулу ўдавалася стрымліваць муджагедзкія сілы. Але ў 1991 годзе ЗША і СССР абвясьцілі, што спыняюць дапамогу бакам афганскага канфлікту. Праз год Наджыбула страціў уладу.

Вывад савецкіх войскаў з Афганістану
Вывад савецкіх войскаў з Афганістану

Як выглядаў посткамуністычны Афганістан

Ад вясны 1992 году, калі Кабул быў заняты муджагедамі, Афганістанам кіравала Кіроўная рада, якая складалася зь лідэраў 10 груповак апазыцыі. Часовым прэзыдэнтам краіны стаў таджык Бурганудзін Рабані. Але неўзабаве сярод былой мусульманскай апазыцыі адбыўся раскол — талібы абвясьцілі вайну муджагедам, прыхільнікам Рабані. У краіне ўзьнікла некалькі зонаў уплыву.

Дзяржава ператварылася ў «чорную дзірку». Зьнішчаны Афганістан ператварыўся ў бандыцкія зоны, дзе кіравалі палявыя камандзіры, перасварыўшыся паміж сабою. Вялікае значэньне займеў наркабізнэс — афганскія фэрмэры вырабляюць амаль 90% сусьветнай вытворчасьці апіятаў.

Трагічную карціну дапаўнялі лічбы: два мільёны ахвяраў вайны, пяць мільёнаў уцекачоў у Іране і Пакістане, мільёны калекаў і сіротаў на вуліцах.

Кабул, 1996 год
Кабул, 1996 год

Як узьнік Талібан

Ісламская фундамэнталісцкая групоўка «Талібан» узьнікла ў 1994 годзе. Яе падтрымліваў Пакістан, каб уплываць на сытуацыю ў Афганістане. Удзельнікі Талібану, як і мірнае насельніцтва, былі расчараваныя працяглай вайной, навязаным Захадам урадам і муджагедамі, якія адышлі ад «правільных» каштоўнасьцяў і заняліся разбоем і барацьбой між сабою за ўладу. Лідэр руху і вэтэран вайны мула Мухамад Умар, які страціў у баях правае вока, абяцаў усталяваць у краіне мір.

У 1996 годзе талібы занялі Кабул, а цягам наступных месяцаў узялі пад свой кантроль усю краіну. Але ўладу талібаў прызналі ўсяго некалькі краінаў.

Талібан увёў жорсткія законы шарыяту. Жанчынам было забаронена працаваць, іх абавязалі насіць паранджу. Мужчынам мералі бараду, каб яна была па даўжыні такая самая, як у прарока Мухамада. Было забаронена глядзець тэлевізію, слухаць музыку і карыстацца інтэрнэтам. Талібы перасьледавалі рэлігійныя меншасьці, у прыватнасьці шыітаў, а таксама хрысьціян і індуістаў. Спальваліся кнігі і кінастужкі, разбураліся помнікі, а за правапарушэньні людзям маглі адсякаць канечнасьці. Былога прэзыдэнта-камуніста Наджыбулу талібы публічна пакаралі сьмерцю.

Але і пад уладай талібаў Афганістан заставаўся адным з найбуйнейшых вытворцаў наркотыкаў у сьвеце. Нягледзячы на тое, што афіцыйна вытворчасьць опіюму была забароненая, яна заставалася галоўнай крыніцай фінансаваньня ўлады талібаў.

Тэракт у Нью-Ёрку, 2001 год
Тэракт у Нью-Ёрку, 2001 год

Што зьмянілася пасьля нападу на World Trade Center

Пасьля тэрарыстычнага нападу на ЗША ў 2001 годзе амэрыканцы запатрабавалі ад талібаў выдаць Усаму бін Ладэна, якога яны абвінавацілі ў арганізацыі тэрактаў. Талібы адмовіліся. У адказ ЗША ў кастрычніку пачалі апэрацыю супраць Талібану. Войскі NATO нанесьлі авіяўдары па ўрадавых будынках і трэніровачных лягерах Аль-Каеды. Да сярэдзіны 2000-х у Афганістан перакінулі звыш 100 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.

Ім дапамагалі вайскоўцы з «Паўночнага альянсу» — аб’яднаньня палявых камандзіраў паўночнага Афганістану, якія былі асноўнай апазыцыйнай сілай ад часу, калі талібы занялі Кабул у 1996 годзе. Цягам году сілы талібаў былі зьнішчаныя, а самі яны перайшлі да партызанскай барацьбы, хаваючыся ў гарах.

Вясной 2011 году вайскоўцы ЗША ў сумеснай апэрацыі са спэцслужбамі Пакістану забілі бін Ладэна. У 2015-м стала вядома пра сьмерць мулы Мухамада Умара.

Як выглядаў Афганістан пасьля талібаў

У 2002 годзе кіраўніком Афганістану стаў Хамід Карзай, а праз 3 гады пачаў працу новы парлямэнт, у які ўвайшлі лідэры этнічных групаў і плямёнаў, былыя талібы, а таксама жанчыны, для якіх было зарэзэрвавана 25% мандатаў.

Новыя ўлады заняліся адбудовай краіны пасьля 20-гадовай вайны.

Але атакі на ўладу і міратворчыя сілы не спыняліся ад моманту сыходу талібаў з Кабулу. Ад канца 2000-х талібы нарошчвалі сілу і адраджалі свае структуры, не ў апошнюю чаргу дзякуючы Пакістану. Да 2014 году актыўнасьць Талібану ў рэгіёне зноў узмацнілася. ЗША мусілі замарозіць праграму вываду войскаў і ўвесьці дадатковы кантынгент. Талібы на той момант кантралявалі каля 10% усёй тэрыторыі краіны.

Футбольны матч паміж камандамі Туркмэністану і Афганістану. Кабул, 2003 год
Футбольны матч паміж камандамі Туркмэністану і Афганістану. Кабул, 2003 год

Як ЗША сыходзілі з Афганістану

Пасьля 2015 году ў Афганістане заставалася больш дзесяць тысяч салдатаў міратворчых сілаў, пераважна амэрыканцаў.

Пасьля прыходу да ўлады ў 2016 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што з гэтага часу Вашынгтон пакіне ў краіне частку вайскоўцаў, але ЗША больш ня будуць будаваць у Афганістане дэмакратычнае грамадзтва, а будуць проста «забіваць тэрарыстаў». За час ваеннай апэрацыі загінулі амаль 3,5 тысячы вайскоўцаў NATO і некалькі дзясяткаў тысяч мірных жыхароў.

Вясной 2020-га Дональд Трамп абвясьціў аб падпісаньні мірнага пагадненьня з Талібанам і завіў пра пачатак вываду войскаў з краіны. Тады ўлады Афганістану рэзка скрытыкавалі рашэньне ЗША і дэталі гэтага пагадненьня.

Праз год пасьля падпісаньня мірнага пагадненьня паміж ЗША і Талібанам сытуацыя ў сфэры бясьпекі ў Афганістане рэзка пагоршылася. У краіне павялічылася колькасьць выбухаў, а вясной 2021 году талібы пачалі нападаць на вайсковыя і дзяржаўныя абʼекты ў Афганістане. У ліпені прадстаўнікі Талібану заявілі, што кантралююць 85% тэрыторыі Афганістану.

Фактычна амэрыканцы пачалі пакідаць Афганістан у траўні гэтага году, вывад меўся завяршыцца да 11 верасьня. Ён адбываўся на фоне наступальнай апэрацыі Талібану.

Кабул, ліпень 2021 году
Кабул, ліпень 2021 году

У сваёй заяве ад 8 ліпеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «ЗША ішлі ў Афганістан не на тое, каб будаваць там дзяржаўнасьць», і ўсклаў адказнасьць па падтрыманьні бясьпекі ў краіне на афганскі ўрад. Ён таксама заявіў, што «давярае патэнцыялу афганскіх узброеных сіл, якія лепш навучаныя, лепш аснашчаныя і больш кампэтэнтныя ў пляне вядзеньня баявых дзеяньняў».

Афганская армія, у якой нібыта служыла каля 300 тысяч чалавек, аказалася, аднак, няздольнай весьці баявыя дзеяньні лепш, чым талібы, якіх налічваецца каля 75 тысяч. Афганскае войска пры набліжэньні да Кабулу літаральна разьбеглася, а прэзыдэнт краіны Ашраф Гані ўцёк за мяжу.

Чаму афганская армія так лёгка адступіла

Ад 2001 году толькі ЗША патрацілі на абаронны сэктар Афганістану амаль 83 мільярды даляраў. У гэтым годзе NATO перадало мясцовай арміі больш як 70 мільёнаў даляраў, ня лічачы рыштунку — такога, як мэдычнае абсталяваньне і бронекамізэлькі. Тым часам афганскае войска адступае перад талібамі без баёў.

Экспэрты, на якіх спасылаецца часопіс Foreign Policy, вінавацяць урад прэзыдэнта Ашрафа Гані. У краіне распаўсюджаная карупцыя, безгаспадарнасьць, няма эфэктыўнага кіраўніцтва.

Афганскія сілы бясьпекі, 2019 год
Афганскія сілы бясьпекі, 2019 год

Мілітарызаванай афганскай паліцыі ня плацяць месяцамі, нягледзячы на ўкараненьне сыстэмы электронных плацяжоў. Шмат у якіх раёнах салдаты і паліцыянты не атрымліваюць належнай ежы, вады, боепрыпасаў і зброі. Прадукты крадуць і прадаюць на чорным рынку.

Многія салдаты і паліцэйскія пакінулі свае пасты, каб вярнуцца дадому і абараняць свае семʼі і маёмасьць. Апошнім часам войска зьмяншалася на 5 тысяч салдат у месяц, а новых у той жа час набіралі па 300–500 чалавек. Многія спрабавалі супрацьстаяць талібам, пакуль у іх ня скончыліся прадукты харчаваньня і боепрыпасы. Яны выклікалі падмацаваньні, але тыя часта не прыходзілі, таму жаўнеры ўцякалі. У Афганістане за дэзэртэрства не караюць.

Што кажуць талібы?

Байцы Талібану разьмясьціліся па ўсім Кабуле. Яны занялі, сярод іншага, апусьцелыя паліцэйскія пастарункі.

Прадстаўнік руху «Талібан» заявіў у інтэрвію каналу «Аль-Джазіра», што вайна ў Афганістане скончылася і што форма праўленьня ў краіне будзе вызначана бліжэйшым часам.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка палітычнага бюро Талібану Мухамада Наіма, ніводная дыпляматычная місія не адносіцца да цэляў талібаў. Ён запэўніваў, што талібы гарантуюць бясьпеку грамадзян і замежных місій у Афганістане, а таксама гатовыя да дыялёгу з усімі палітычнымі фігурамі ў краіне. Ён таксама сказаў, што талібы будуць паважаць і правы жанчын і меншасьцяў — але толькі ў рамках шарыяту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG