Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі чацьвёра крымскіх татараў атрымалі ад 12 да 18 гадоў калёніі па справе «Хізб ут-Тахрыр»


Акцыя ў падтрымку асуджаных каля суду ў Растове-на-Доне. 16 жніўня 2021

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў тэрміны ад 12 да 18 гадоў калёніі строгага рэжыму чатыром крымскім татарам па так званай алушцінскай справе «Хізб ут-Тахрыр», паведамляе выданьне «Крымская солидарность»

Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і падрыхтоўцы да незаконнага захопу ўлады, некаторых зь іх — у арганізацыі дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.

Прысуды былі вынесеныя Руслану Месутаву, Ленуру Халілаву, Эльдару Кантыміраву і Руслану Нагаеву.

Адвакаты асуджаных лічаць рашэньне суду незаконным. Пасьля абвяшчэньня прысуду звыш 150 крымскіх татараў правялі акцыю ля суду: яны надзелі белыя накідкі з надпісамі «Вывучэньне рэлігіі — не тэрарызм», «Не — дзяржаўнаму тэрору», «Стоп рэпрэсіям», «Крымскія татары — не тэрарысты».

Чатырох мужчын затрымалі 10 чэрвеня 2019 году пасьля ператрусаў, якія прайшлі ў іх дамах. Нагаеў займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў Алушце, Ленур Халілаў быў кіраўніком і заснавальнікам мусульманскай грамады «Алушта», а Руслан Месутаў быў у ёй ахоўнікам. Эльдар Кантыміраў скончыў Кіеўскі Ісламскі ўнівэрсытэт пры Духоўнай управе мусульманаў Украіны.

Падобныя крымінальныя справы расейскія ўлады пачалі заводзіць адразу пасьля анэксіі паўвострава — у траўні 2014 году.

«Хізб ут-Тахрыр аль-Ісламі» («Ісламская партыя вызваленьня») была заснавана ў 1953 годзе ва Ўсходнім Ерусаліме. Арганізацыя забароненая ў Расеі, Нямеччыне, Казахстане, Турэччыне, Пакістане, Таджыкістане, Узбэкістане, а таксама ва ўсіх арабскіх краінах, акрамя Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ), Лібану і Емэну.

Вярхоўны суд Расеі забараніў «Хізб ут-Тахрыр» у 2003 годзе, пры гэтым арганізацыя да гэтага часу не забароненая ва Ўкраіне. Прадстаўнікі арганізацыі заяўляюць, што адкідаюць тэрарыстычныя мэтады і зазнаюць несправядлівы перасьлед у Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG