Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на актыўных людзей ціснуць празь іх дзяцей. Праваабаронца — пра вынікі дасьледаваньня, якія шакуюць


Ілюстрацыйнае фота.

Беларуская праваабаронца, экспэртка ў галіне правоў жанчын і дзяцей Дар’я Чурко і экспэртка кааліцыі Правоў дзiцяцi ва Ўкраіне Марыя Ясяноўская прэзэнтавалі дасьледаваньне, прысьвечанае ціску на актывістаў у Беларусі праз узьдзеяньне на чальцоў сям’і, у тым ліку дзяцей.

Дар’я Чурко падзялілася са Свабодай галоўнымі высновамі і вынікамі дасьледаваньня.

Сьцісла

  • Адна рэспандэнтка заяўляла, што прадстаўнік дзяржаўных сілавых структураў сеў да яе ў машыну і пагражаў неаказаньнем мэдычнай дапамогі яе дзіцяці.
  • Гэты інструмэнт заўсёды будзе дзейсным — людзі ў выніку або зьяжджаюць (каб дзяцей не забралі, каб дзеці нармальна жылі), або спыняюць грамадзянскую актыўнасьць.
  • Актыўная жанчына зь дзецьмі больш уразьлівая, на яе значна лягчэй паўплываць, націснуць, пагражаючы адабраньнем дзяцей.
  • Дзецям тэлефануюць зь сілавых структураў з прычыны актыўнасьці іх бацькоў і размаўляюць зь непаўналетнімі без прысутнасьці і без апавяшчэньня бацькоў.

«Абсалютная большасьць выпадкаў ціску прыпадала на жанчын»

— Дарʼя, якія асноўныя высновы дасьледаваньня?

Дар'я Чурко
Дар'я Чурко

— Для мяне асноўная выснова — гэта тое, што дзяржава ўспрымае дзяцей як абʼект, а не субʼект, празь які можна ціснуць на дарослых людзей. Паколькі пагроза рэальная (забраць дзяцей або паставіць на ўлік), выкарыстоўваць гэты інструмэнт становіцца досыць проста, у тым сэнсе, што ён заўсёды будзе дзейсны — людзі па выніку або зьяжджаюць (каб дзяцей не забралі, каб дзеці нармальна жылі), або спыняюць грамадзянскую актыўнасьць. Яшчэ адна выснова (для мяне гэта было ня дзіўна) — абсалютная большасьць выпадкаў ціску прыпадала на жанчын. Па выніках дасьледаваньня толькі двое мужчын было, адзін зь якіх бацька, другі — дзіця (на дадзены момант ужо паўналетні). Астатнія — 22 жанчыны.

— Наколькі за апошні год павялічыўся ціск на бацькоў праз так званы «СОП» (пастаноўку на ўлік па прыкмеце «сацыяльна небясьпечнага становішча»)?

— Канкрэтнага адказу даць не магу, бо ў мінулым-пазамінулым гадах такіх дасьледаваньняў не было. Магу меркаваць, што павялічыліся выпадкі, улічваючы і асабістыя гісторыі, пра якія мне мае знаёмыя казалі, і гісторыі ў СМІ з пачатку рэвалюцыі, і вынікі дасьледаваньня. Калі два гады таму гэта тычылася малога адсотка актыўных людзей, цяпер гэта закранула значна большы адсотак. Гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, якія сядзелі суткі, якія атрымлівалі штрафы, а гэта, як вядома, досыць вялікая колькасьць людзей.

«Усё гэта адбываецца бязь ведама, без прысутнасьці, бяз згоды бацькоў»

— Якія былі найбольш драматычныя гісторыі, зьвязаныя зь ціскам на семʼі?

— Для мяне гэта ўсё гісторыі, у якіх было беспасярэдняе ўзьдзеяньне на дзяцей. Гэта і «размовы» настаўніц у школе. Напрыклад, зь верасьня 2020-га ў школах з 8—9-летнімі дзецьмі «праводзілі нейкае падабенства палітінфармацыі, прымушалі маляваць дзяржаўны сьцяг, а калі дзеці малявалі бел-чырвона-белы, ім пагражалі», настаўніцы казалі дзецям 12–13 гадоў, што «тыя, хто выходзяць на мірныя акцыі пратэсту, — злачынцы і фашысты».

Гэта і гутаркі адзін на адзін зь дзіцем. Гутаркі са школьнымі псыхолягамі — «малых дзяцей забірае школьны псыхоляг пагаварыць», або гутаркі з участковымі — адна з жанчын расказала, што міліцыянты запалохвалі 9-гадовае дзіця тым, што яго забяруць зь сямʼі, ад мамы. Усё гэта адбываецца бязь ведама, без прысутнасьці, бяз згоды бацькоў.

Дзецям тэлефануюць зь сілавых структураў з прычыны актыўнасьці іх бацькоў і размаўляюць пра гэта зь непаўналетнімі без прысутнасьці і без апавяшчэньня бацькоў. Важна адзначыць, што бацькі даведваюцца пра такія гутаркі толькі тады, калі дзеці самі пра гэта ім расказваюць.

Распаўсюджаная сытуацыя — затрыманьні бацькоў і ператрусы дома сілавікамі са зброяй у прысутнасьці малых дзяцей. Затрыманьні ў прысутнасьці непаўналетніх дзяцей прыводзяць да таго, што дзецям становіцца небясьпечна знаходзіцца дома, небясьпечна спаць дома, у іх зьяўляецца трывога і страх.

Яшчэ адна жахлівая сытуацыя. Адна рэспандэнтка заяўляла, што прадстаўнік дзяржаўных сілавых структур сеў да яе ў машыну, дзе пагражаў неаказаньнем мэдычнай дапамогі яе дзіцяці: «У твайго сына ныркі няма, у адзін момант яму проста не акажуць мэдычную дапамогу». Пагрозы рэспандэнткам і рэспандэнтам паступалі ад супрацоўнікаў сілавых структур і пасьля ператрусаў і затрыманьняў.

— Якія дзяржаўныя і грамадзкія структуры задзейнічаныя ў працэсе адбіраньня дзяцей, пагрозах адабраць дзяцей за апошні год?

— Як і раней — школы, дзіцячыя сады, выканкамы, у некаторых выпадках ініцыятар — міліцыя.

«На актыўную жанчыну значна лягчэй паўплываць, націснуць, пагражаючы адабраць дзяцей»

— Якія беларускія і міжнародныя законы парушаюцца?

— Гэта Канвэнцыя аб правах дзіцяці і Закон аб правах дзіцяці (права на жыцьцё ў сямʼі, права на здароўе — фізычнае і псыхічнае, права свабодна выказваць гэтыя погляды па ўсіх пытаньнях, якія закранаюць дзіця), Канвэнцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (права на недыскрымінацыю), і, адпаведна, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (права не зазнаваць адвольнага або незаконнага ўмяшаньня ў асабістае і сямейнае жыцьцё, самавольных або незаконных замахаў на недатыкальнасьць жыльля, права бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх думак, права на свабоднае выказваньне сваёй думкі, права на мірныя сходы).

Коратка растлумачу, чаму гэта дыскрымінацыя. Як паказалі вынікі дасьледаваньня, а таксама ўлічваючы грамадзтва, у якім мы жывём, адказнасьць за дзяцей — абавязак жанчыны. Такім чынам, пра пагрозе забраць дзіця жанчыне адмаўляюць у рэалізацыі сваіх правоў, тады як бацька дзіцяці можа працягваць іх рэалізоўваць. У такіх сытуацыях актыўная жанчына зь дзецьмі больш уразьлівая, на яе значна лягчэй паўплываць, націснуць, пагражаючы адабраць дзяцей.

Таксама парушаная Пастанова Савету Міністраў ад 15 студзеня 2019 году аб прызнаньні дзяцей такімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

— Якім спосабам вы праводзілі дасьледаваньне? Ці было гэта складана, улічваючы цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі?

— Так, вядома, гэта было складана.Я стварыла гугл-анкету, узгадніла з Марыяй і стала распаўсюджваць па лякальных групах, чатах, людзях. Гэта быў ліпень, калі абстаноўка ў Беларусі была вельмі напружаная.

— Якім чынам вы зьбіраецеся выкарыстоўваць вынікі дасьледаваньня?

— Я пачала распаўсюджваць іх па міжнародных арганізацыях (Камітэт па правах дзіцяці, Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, ды іншыя), па праваабарончых міжнародных арганізацыях і іншых, дзеля таго каб яны прынялі да ўвагі той факт, што ціск на людзей у Беларусі адбываецца з розных бакоў. Я думаю і пра іншыя напрамкі работы ў гэтай сфэры.

«Без абскарджваньня, дакумэнтальных дзеяньняў рабіць далей нічога будзе нельга»

— Ці ёсьць законныя і дзейныя спосабы абараніцца ад такога ціску празь дзяцей?

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі з выкананьнем дзейнага заканадаўства складана, я настойваю на тым, што неабходна абскарджваць незаконныя рашэньні ці дзеяньні. Паколькі ў выпадку падачы скаргі, нават калі яе вынік будзе адмоўны (што дае права падаваць скаргу далей), тыя людзі, якія прымаюць рашэньне паставіць дзіця ў «СОП», забраць дзіця, або пагражаюць гэтым, пачнуць задумвацца аб сваіх дзеяньнях. Без абскарджваньня, дакумэнтальных дзеяньняў нічога рабіць далей будзе нельга.

— Як бы вы пракамэнтавалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён не ваюе з жанчынамі, абапіраючыся на вынікі дасьледаваньня?

— Мне складана камэнтаваць ягоныя словы, неяк рэагаваць на ўсё, што ён кажа. Я ўжо даўно не сачу за гэтым. Наконт жанчын, зь якімі не ваюе... 91% рэспандэнтак — жанчыны, якія пацярпелі ад ціску празь іх дзяцей, іхныя дзеці пацярпелі таксама.

Хачу адзначыць, што ціск празь дзяцей, напрыклад, пагрозы паставіць у «СОП», — гэта не аднаразовае дзеяньне, гэта доўгі мэтанакіраваны ціск, калі тэлефануюць, часта прыходзяць дадому, выклікаюць у школу, дзіцячы садок, размаўляюць зь дзецьмі бязь ведама бацькоў. А гэта — штодзённы маральны ціск і на маці, і на дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG