Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь адмовілася выплаціць 70 тысяч даляраў украінскаму Краменчуку. Гісторыя адной закупкі беларускіх аўтобусаў


Беларускі амбасадар Ігар Сокал (зьлева) бярэ ўдзел у адкрыцьці зборачнай вытворчасьці ў Крэменчуку. Кастрычнік 2020 году. Фота з сайту Амбасады Беларусі ва Ўкраіне

Гарадзкія ўлады Краменчука ў Палтаўскай вобласьці Ўкраіны ў 2019 годзе купілі 10 аўтобусаў МАЗ і атрымалі вялікую праблему ў 2021-м.

Муніцыпальнае аўтатранспартнае прадпрыемства атрымала крэдыт «Укргазбанку» ў кастрычніку 2019 году адмыслова на набыцьцё беларускіх аўтобусаў у межах праграмы разьвіцьця гарадзкога камунальнага пасажырскага аўтамабільнага транспарту на 2019–2025 гады.

Згодна з умовамі крэдытнай угоды, Міністэрства фінансаў Беларусі мусіла кампэнсаваць гэтаму прадпрыемству камісію за карыстаньне крэдытнымі сродкамі ў памеры 8% гадавых.

Паводле гарадзкіх уладаў, з 1 жніўня 2020 году па 31 чэрвеня 2021-га Міністэрства фінансаў Беларусі не сплаціла 1 988 703 грыўняў (звыш 70 тысяч даляраў у эквіваленце).

Улічваючы, што Крамянчуцкае аўтатранспартнае прадпрыемства зьяўляецца камунальным, а згоду на падпісаньне гэтай крэдытнай угоды давала гарадзкая рада, цяпер выдаткі ў абслугоўваньні крэдыту мусяць ажыцьцяўляцца зь мясцовага бюджэту, але ў ім сродкаў на гэта сёлета не прадугледжана.

Украінскі «Ўкргазбанк» пагадзіўся рэструктурызаваць гэтыя выплаты і перанесьці іх на два гады, пачынаючы са студзеня 2023 году да кастрычніка 2024-га. У той жа час гарадзкія ўлады працягваюць кантакты зь беларускім бокам, спадзеючыся на выкананьне ім сваіх абавязаньняў.

А пакуль гарадзкая рада мусіць таксама даць згоду на падпісаньне дадатковай угоды з банкам аб рэструктурызацыі выплат. Гэтае пытаньне ўключанае ў парадак дня пазачарговай сэсіі Крамянчуцкай гарадзкой рады, якую на 18 жніўня склікаў мэр горада Віталь Малецкі.

Адметна, што аўтобусы ў 2019 годзе паставіла мясцовая кампанія «Альфатекс». Летась у кастрычніку, калі Мінфін Беларусі ўжо тры месяцы не пералічваў кампэнсацыйныя грошы, гэтае прадпрыемства наведваў амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал. Але, паводле афіцыйнага паведамленьня амбасады, візыт адбыўся з нагоды адкрыцьця на гэтым прадпрыемстве новай зборачнай вытворчасьці камунальнай тэхнікі на базе шасі МАЗ.

«Пашанцавала» ня толькі з аўтобусамі

Летась «Белкамунмаш» зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў Краменчука па падаўжэньне тэрмінаў пастаўкі тралейбусаў. Мусілі паставіць 8 адзінак, але праз «палітычную сытуацыю» тэрміны былі сарваныя. Што праўда, кантракт быў выкананы да канца 2020 году, хаця і са спазьненьнем.

Аналягічная сытуацыя была і ў Жытоміры, калі «Белкамунмаш» ня змог своечасова, да канца 2020 году, выканаць умовы тэндэру на пастаўку 50 тралейбусаў у Жытомір.

Колькі беларускіх аўтобусаў Украіна набыла летась

Паводле дасьледаваньня Цэнтру ўдасканаленьня закупак Кіеўскай школы эканомікі, у 2020 годзе на падставе тэндэраў (такія конкурсы праводзяцца, калі закупкі ажыцьцяўляюцца за кошт дзяржаўнага або мясцовага бюджэту. — РС) закупілі толькі 26 адзінак беларускай тэхнікі з амаль трохсот кантрактаў. Большую частку транспарту Беларусь пастаўляла за кошт крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый і на аснове лізінгу.

Найбольшую партыю аўтобусаў у лізінг летась набылі кіеўскія ўлады. На 200 аўтобусаў дзяржаўны «Ўкрагазбанк» таксама выдаткаваў крэдыт у памеры 1,67 мільярда грыўняў. Гэтую колькасьць аўтобусаў мусілі паставіць да канца 2020 году. Але пакуль невядома, ці выканала Беларусь гэты кантракт.

Свабода зьвярнулася ў Кіеўскую гарадзкую адміністрацыю з афіцыйным запытам, у якім пацікавілася станам выкананьня беларускім бокам сваіх абавязаньняў у пастаўцы аўтобусаў і ў кампэнсацыі часткі адсоткаў за карыстаньне крэдытам.

Што такое экспартнае крэдытаваньне?

У Беларусі інстытут экспартнага крэдытаваньня быў заснаваны ў 2009 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Згодна зь ім, замежная кампанія, якая купляе ў крэдыт беларускую прадукцыю, атрымлівае зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі кампэнсацыю часткі адсоткаў.

Ва Ўкраіне ў беларускай праграме экспартнага крэдытаваньня ўдзельнічаюць чатыры ўкраінскія банкі — два дзяржаўныя («Укрексімбанк» і «Ўкргазбанк») і два камэрцыйныя — ПУМБ и «Альфа-Банк Україна».

Беларусь штогод выдаткоўвае каля 200 мільёнаў даляраў на заахвочваньне замежных пакупнікоў нацыянальнай прадукцыі.

Тэарэтычна, у гэтай праграме можа ўдзельнічаць любая кампанія пры закупцы любой беларускай прадукцыі. Але найчасьцей мэханізмы экспартнага крэдытаваньня выкарыстоўваюць пры набыцьці пасажырскага транспарту і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG