Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік памежнай аховы Латвіі: «Многія мігранты пагаджаюцца вярнуцца, але іх сілай выціскаюць зь Беларусі»


Беларускія ўзброеныя памежнікі не даюць мігрантам вярнуцца ў Беларусь, адкуль яны трапілі ў Латвію, 13 жніўня 2021

У суседняй з Латвіяй Літве заклікалі Эўразьвяз як мага хутчэй прыняць папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуяцс заявіў, што латвійскія памежнікі сёлета не дапусьцілі прыезду ў краіну ўжо 395 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Іх вярнулі ў Беларусь, паведамляе сайт памежнай аховы.

«Таксама вызначаны шэраг іншых групаў мігрантаў, якія жадаюць уехаць у краіну, вядзецца праца для іх вяртаньня ў Беларусь».

Аднак, паводле Пуяцса, многіх мігрантаў затым не пускае да сябе Беларусь, зь якой яны плянавалі трапіць у Латвію, а затым іншыя краіны Эўразьвязу.

Латвійскія ж памежнікі тлумачаць парушальнікам мяжы, што сваімі дзеяньнямі яны могуць трапіць пад Крымінальны кодэкс Латвіі — у выніку большасьць пагаджаецца вярнуцца ў Беларусь, зь якой прыйшлі, а адтуль паляцець назад у Ірак. Аднак зрабіць гэта складана з прычыны дзеяньняў беларускіх памежнікаў, якія не перашкаджаюць пакідаць беларускую тэрыторыю, а назад ужо не пускаюць.

Пры гэтым кожны выпадак перасячэньня мяжы, як запэўнівае кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, ацэньваецца індывідуальна, «выбіраецца найбольш прыдатная тактыка». Напрыклад, аднаго мігранта ўлады ўсё ж прынялі, бо ён меў абмежаваную рухавасьць і ня мог даглядаць сябе паўнавартасна.

Рэкорд 2021 году быў усталяваны 12 жніўня, калі мяжу парушыў 101 чалавек.

У сваю чаргу міністарка ўнутраных спраў суседняй Літвы Агне Білатайце заклікала Эўразьвяз зьмяніць ужо неактуальнае, на яе думку, міграцыйнае заканадаўства уніі, яе словы прыводзіць LRT.

«Заканадаўства ЭЗ у сфэрах аховы межаў, міграцыі і прыстанішча павінна даць магчымасьць Літве і іншым дзяржавам — сябрам ЭЗ эфэктыўна рэагаваць на кіраваньне незаконнымі міграцыйнымі патокамі падчас гібрыднай вайны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС Літвы.

На нацыянальным узроўні літва апэратыўна ўнесла папраўкі ў заканадаўства — яны, на думку МУС, ня толькі дапамаглі стабілізаваць сытуацыю і спыніць міграцыйны паток, але і забясьпечылі выкананьне міжнародных абавязаньняў шляхам стварэньня заявак на прыстанішча ў памежных пунктах пропуску або транзытных зонах, а таксама ў дыпляматычных місіях або консульскіх установах.

«Рэжым у суседняй Беларусі выкарыстоўвае мігрантаў як інструмэнт для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Гэта арганізаваная дзейнасьць, накіраваная на нанясеньне шкоды, таму адказ Эўразьвязу мусіць быць рашучым, а заканадаўства ЭЗ павінна рэагаваць на новую рэчаіснасьць і дакладна рэглямэнтаваць, якія дзеяньні могуць і павінны прымаць дзяржавы-члены, каб прадухіліць злоўжываньні з боку трэціх краін. Пытаньне трэба абмяркоўваць на самым высокім узроўні, таму я прашу прэзыдэнта падняць яго і ў Эўрапейскай Радзе, каб абараніць інтарэсы як нашай дзяржавы, так і ўсяго Эўразьвязу», — сказала Білатайце.

За 7,5 месяца 2021 году ў Літву зь беларускага боку незаконна праніклі ў 50 разоў больш мігрантаў, чым за цэлы 2020 год. Агулам — 4122 чалавекі. Паток рэзка зьменшыўся пасьля таго, як Літва перастала разьмяшчаць мігрантаў у намётавых лягерах, а пачала адпраўляць іх назад у Беларусь.

За 15 жніўня, як сьведчыць Дэпартамэнт статыстыкі, у Літве не затрымалі ніводнага мігранта — усіх разьвярнулі на мяжы. Пры гэтым LRT са спасылкай на Дзяржаўную памежную службу паведаміла, што некаторыя мігранты спрабавалі трапіць у Літву па некалькі разоў у розных месцах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG