Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце Кабулу хаос — тысячы людзей спрабуюць пакінуць краіну. ВІДЭА


Натоўпы людзей перад аэрапортам Кабулу

«Талібан» заявіў аб заканчэнні 20-гадовай вайны ў Афганістане. Гэтую заяву зрабіў прадстаўнік талібаў Мухамад Наім у інтэрвію каналу Al Jazeera.

Ён дадаў, што форма кіраваньня ў краіне будзе вызначана ў найбліжэйшы час. Паводле яго, ніводная дыпляматычная місія і ніводзін з будынкаў дыпмісій не зьяўляюцца цэлямі «Талібану».

«Мы гатовыя весці дыялёг з усімі асобамі ў Афганістане і гарантуем ім неабходную абарону. Мы робім кожны крок адказна і робім усё неабходнае, каб забяспечыць мір з усімі», — заявіў ён.

Баевікі групоўкі «Талібан» ўвайшлі ў сталіцу Афганістану Кабул 15 жніўня. Паводле паведамленьня МУС краіны, талібы падступілі да гораду з усіх бакоў. У 13 гадзін паводле мясцовага часу яны абвясцілі, што цалкам кантралююць усю тэрыторыю Афганістану, а баі ў Кабуле скончыліся.

Хаос у аэрапорце Кабулу

Тым часам тысячы афганцаў і замежных грамадзян выходзяць на ўзлётна-пасадачную паласу міжнароднага аэрапорту Кабулу, каб ляцець з краіны. Некаторыя самалёты аказваліся перагружанымі, і пасажыраў здымалі з рэйсаў, піша The Guardian. Замежныя амбасады папярэдзілі сваіх грамадзян і грамадзян Афганістану, што ехаць у аэрапорт небяспечна і ісьці туды можна толькі паводле ўказаньняў.

«Мы вярнуліся і ўбачылі мноства людзей, якія сядзяць пад крыламі самалёта непадалёк ад ВПП у надзеі, што для іх знойдзецца месца. Людзі былі ў шоку — бегалі ад аднаго самалёта да другога і ня ведалі, што рабіць», — расказаў BBC адзін зь відавочцаў аб тым, што адбываецца. Ён дадаў, што ахова аэрапорту пачала «адпужваць людзей стрэламі ў паветра», і што ён пэрыядычна чуе «стрэлы і гук верталётаў».

AFP са спасылкай на відавочцу паведамляе, што вайскоўцы ЗША стралялі ў паветра ў аэрапорце Кабулу таму, што людзі выйшлі на ўзлётна-пасадачную паласу. «Мне вельмі страшна, яны шмат страляюць у паветра», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Афіцыйны прадстаўнік ЗША пацвердзіў Al Arabia, што амэрыканскія вайскоўцы адкрылі агонь. Ён сказаў, што «натоўп выйшаў з-пад кантролю», і «стральба была праведзена толькі для таго, каб разрадзіць хаос».

«РИА Новости» са спасылкай на крыніцу паведамляюць, што некалькі чалавек загінулі ў выніку страляніны вайскоўцаў ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG