Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля офісу прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся сутыкненні паліцыі з нацыяналістамі. Ёсьць пацярпелыя з абодвух бакоў


Кіеў, 14 жніўня 2021 году.

Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ супраць удзельнікаў пратэставай акцыі «Спынім капітуляцыю» каля будынку Офісу прэзыдэнта Ўкраіны. Пра гэта 14 жніўня паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Некалькі праваахоўнікаў атрымалі траўмы, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў.

Акрамя таго, у прэс-службе Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве Радыё Свабода паведамілі пра некалькі пацярпелых зь ліку «староньніх асобаў», але не ўдакладнілі іх колькасьць і не паведамілі, ці ідзе гаворка менавіта пра ўдзельнікаў акцыі.

«У выніку сутыкненьня 7 паліцыянтаў атрымалі апёкі вачэй, некалькі нацгвардзейцаў атрымалі траўмы. Цяпер сытуацыя спакойная. МУС Украіны заклікае ўсіх удзельнікаў акцыі захоўваць парадак і пратэставаць мірна», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка МУС Арцёма Шаўчэнкі.

Акцыя была арганізаваная шэрагам грамадзкіх арганізацый, у тым ліку — праварадыкальным рухам «Нацыянальны корпус». Удзельнікі мерапрыемства, як сьцьвярджаюць у МУС Украіны, адмовіліся праходзіць агляд перад падыходам да ўрадавага будынку і справакавалі канфлікт з паліцыянтамі.

Пасьля сутыкненьняў актывісты пайшлі маршам да дому, у якім жыве прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Удзельнікі выступаюць супраць выкананьня краінай Менскіх пагадненьняў па рэалізацыі міру ў Данбасе і падачы вады ў анэксаваны Крым. Паводле арганізатараў, у акцыі ўзялі ўдзел чатыры тысячы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG