Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскі дзіцячы госьпіс зьбіраюцца ліквідаваць у судовым парадку


Уваход у дзіцячы госьпіс у Горадні

Кіраўніца госьпісу Вольга Вялічка вымушана зьехала за мяжу, а беларускія ўлады дадалі яе ў розшук па лініі Інтэрполу. Госьпіс сьпярша выгналі з ранейшага памяшканьня, а цяпер намагаюцца закрыць.

Улады Беларусі зьбіраюцца ліквідаваць горадзенскі дзіцячы госьпіс. Яны тлумачаць гэта пятым пакетам санкцый, якія заходнія дзяржавы ўвялі супраць афіцыйнага Менску за рэпрэсіі супраць грамадзян.

Кіраўніца госьпісу Вольга Вялічка апублікавала ў Facebook ліст ад начальніцы Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму Алены Юргель. У лісьце паведамляецца, што ў суд накіравалі заяву аб ліквідацыі грамадзкага дабрачыннага аб’яднаньня «Горадзенскі дзіцячы госьпіс».

Раней на Вольгу Вялічку ў Беларусі завялі дзьве крымінальныя справы і ўнесьлі яе ў сьпіс Інтэрполу.

Паводле сілавікоў, 37-гадовая Вялічка «датычная да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Гаворка пра «Марш адзінства», які прайшоў у Горадні мінулай восеньню. Ранейшая справа заведзена па артыкуле «крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены ў буйным памеры». Нібыта ў 2018 годзе Вольга скрала грошы, сабраныя госьпісам на апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама выдзеленыя на рамонт службовага памяшканьня.

Вольга Вялічка — нэўрапсыхоляг і онкапсыхоляг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіраваньня ў сацыяльнай сфэры. У 2007 стварыла і ўзначаліла дзіцячы госьпіс. У разгар пандэміі пры ўстанове працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Увосень 2020 у майстэрню прыйшла праверка ДФР, валянтэраў выгналі.

Вольга Вялічка была ў камандзе Віктара Бабарыкі, незалежнай назіральніцай падчас выбараў, уваходзіла ў раду народнага даверу, якую стварылі пасьля выбараў і якая мелася аб’яднаць чыноўнікаў і грамадзкіх актывістаў. У кастрычніку яна была змушаная пакінуць Беларусь.

Што такое Горадзенскі дзіцячы госьпіс?

Горадзенскі дзіцячы госьпіс імя сьвятога Губэрта быў утвораны 19 верасьня 2008 году. Гэта недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя, якая існуе толькі за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

Пад апекай госьпісу ў 2020 годзе знаходзіліся больш як 70 цяжка і невылечна хворых дзяцей. Дзеці жывуць у сем’ях, але наведваюць заняткі і сьвяты ў госьпісе, да іх дадому прыходзяць валянтэры.

Дзякуючы госьпісу іхнія сем’і могуць атрымліваць гуманітарную дапамогу: лекі, мэдычнае абсталяваньне, цацкі, адзеньне. Зь дзецьмі і бацькамі працуюць псыхолягі. Могуць дапамагчы і матэрыяльна, калі сям’я ў цяжкім становішчы. Калі трэба, у сем’і падапечных запрашаюць сьвятароў.

Улетку 2020 пры госьпісе адкрыўся цэнтар паліятыўнай дапамогі. Там аказвалі сацыяльныя паслугі невылечна хворым дзецям. Сярод іх паслугі псыхоляга, клясычныя ЛФК і масаж, нетрадыцыйныя формы ўсходняй мэдыцыны — су-джок-тэрапія, іншыя мэтодыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG