Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды спэцслужбы Ўкраіны папярэджвалі пра небясьпеку актывістаў «Беларускага дому ва Ўкраіне»? Адказ СБУ


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021.

Служба бясьпекі Ўкраіны пацьвердзіла, што расьсьледаваньне справы аб гібелі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова вядуць сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Пра гэта ў адказе на афіцыйны запыт Радыё Свабода паведаміў кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.

Свабода прасіла СБУ адказаць на пытаньні пра тое, ці адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя паплечнікаў Віталя Шышова пра нібыта папярэджаньні супрацоўнікаў СБУ пра магчымыя правакацыі і рэкамэндацыі быць вельмі асьцярожнымі.

Апроч таго, Свабода цікавілася, ці вывучала СБУ дзейнасьць «Беларускага дому ва Ўкраіне», а таксама яшчэ дзьвюх грамадзкіх арганізацый, заснавальнікамі якіх былі загінулы Віталь Шышоў і Радыён Батулін, якому забаранілі ўезд ва Ўкраіну на тры гады. Гэта арганізацыя «Беларуская альтэрнатыва» і дабрачынны фонд «Беларуская дыяспара ва Ўкраіне».

«Згодна з артыкулам 222 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны раскрываць зьвесткі, якія датычаць расьсьледаваньня, можна толькі зь пісьмовага дазволу сьледчага або пракурора і ў тым аб’ёме, у якім яны лічаць магчымым», — адзначаецца ў адказе.

Свабода зьвярнулася з адпаведным запытам у Нацыянальную паліцыю Ўкраіны, але адказу пакуль не атрымала.

Трэцяга жніўня, калі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне непадалёк ад дому, дзе ён жыў, ягоны паплечнік Юры Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» заявіў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Дзяўчына нябожчыка Бажэна Жолудзь у інтэрвію тэлеканалу «Белсат» заяўляла, што прадстаўнікі СБУ пэўны час нібыта суправаджалі Віталя Шышова ў часе ягоных ранішніх прабежак, але пазьней ад гэтага адмовіліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG