Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Год супраціву». У цэнтры Кіева адкрылася фотавыстаўка пра беларускі пратэст. ФОТА


У цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці, адкрылася фотавыстаўка «Год супраціву: Як паўстае Беларусь», якую супольна арганізавалі Free Belarus Center і Нацыянальны музэй Рэвалюцыі Годнасьці.

Вачамі чатырох фотарэпартэраў украінцы змогуць пабачыць, як пачынаўся і разьвіваўся беларускі пратэст пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, вынікі якіх не прызнала вялікая колькасьць дзяржаў, у тым ліку і Ўкраіна.

Кіраўніца Free Belarus Center Паліна Бродзік
Кіраўніца Free Belarus Center Паліна Бродзік

Кіраўніца Free Belarus Center Паліна Бродзік кажа, што ідэя арганізаваць такую выстаўку зьявілася яшчэ летась у жніўні. «Але тады ўсё было настолькі непрадказальна, эмацыйна і хутка, што мы проста ня ведалі, за што брацца, і накіравалі ўсе высілкі на экстраныя пытаньні па дапамозе беларусам, якія пачалі ўцякаць з краіны. Тады ў нас не было ня тое што Free Belarus Center, але і нават думкі, што такая арганізацыя нам спатрэбіцца, і што ўвесь наступны год прынясе нам адначасова і столькі радасьці, і столькі пакут», — напісала Паліна Бродзік, прадстаўляючы выстаўку.

Свае фатаздымкі прадставілі чацьвёра фотарэпартэраў — Руслан Серадзюк, Алесь Пілецкі, Дзьмітры Марчукоў і Яна Шніпельсон, якія фіксавалі найбольш яскравыя моманты вялікіх акцый у буйных гарадах Беларусі і тых, што адбываліся ў дварах ці невялікіх гарадах па ўсёй краіне.

Да арганізацыі выстаўкі далучыўся праваабаронца і журналіст-фрылансэр з Рэчыцы Андрусь Мядзьведзеў. Нядаўна ён быў вымушаны ўцячы ва Ўкраіну празь перасьлед сілавікоў падчас так званай «зачысткі». Андрусь рыхтаваў тэкставыя суправаджэньні да фатаздымкаў.

«Нашая рэвалюцыя доўжыцца ўжо год, і год адбываюцца рэпрэсіі і катаваньні. Год беларусы вымушаныя ўцякаць са сваёй радзімы... І тое, што гадавіну нашых падзеяў мы можам адзначыць у тым ліку і выставай на галоўнай плошчы ўкраінскай сталіцы — гэта варта таго», — сказаў Свабодзе Андрусь Мядзьведзеў.

Праваабаронца і журналіст мяркуе, што гэтая выстаўка — дадатковая магчымасьць праінфармаваць украінцаў, што насамрэч адбываецца ў Беларусі цягам году.

«Сёньня, пакуль мы мантавалі гэтую выстаўку, да нас падыходзіла шмат людзей. Яны распытвалі, што і чаму адбывалася. І мы бачым, што ня ўсе ўкраінцы ведаюць пра нашыя падзеі, хоць яны даволі шырока асьвятляліся. Цяпер яны чытаюць нашыя тэксты і зьдзіўляюцца, падыходзяць, запытваюць, ці насамрэч так усё і было», — дадаў Андрусь Мядзьведзеў.

На адным са стэндаў — белая пляма. На ёй арганізатары выстаўкі прапануюць беларусам, якія ўцяклі ад перасьледу ва Ўкраіну, напісаць пра сябе і паведаміць, колькі часу яны ўжо не былі дома, а таксама напісаць свае зычэньні тым, хто застаецца ў Беларусі, і тым, хто ўцёк з радзімы.

Выстаўка будзе працаваць да 20 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG