Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь скарачае пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Як на гэта рэагуе Кіеў?


Ілюстрацыйнае фота

Скарачэньне паставак беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіне ня выклікала дэфіцыту паліва. Як сьведчыць статыстыка, нястачу змаглі кампэнсаваць за кошт павелічэньня ўласнай вытворчасьці і паставак зь іншых краін.

Свабода разьбіралася, ці захаваецца такая тэндэнцыя, якія яшчэ шляхі шукаюць ва Ўкраіне, каб пазьбегнуць магчымага паліўнага крызісу, і хто можа замяніць Беларусь на ўкраінскім рынку.

Пра што сьведчыць гандлёвая статыстыка

Паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, цягам студзеня—траўня 2021 году пастаўкі зь Беларусі нарошчваліся літаральна па ўсіх відах нафтапрадуктаў — амаль удвая павялічыліся аб’ёмы паставак лёгкіх дыстылятаў і бэнзінаў з актанавай лічбай 95 і вышэй. Агульны аб’ём нафтапрадуктаў, якія пазначаюцца ў статыстыцы пад кодам 2710000000, павялічыўся ў 1,7 раза да 1,536 мільёна тон у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Такую дынаміку не змаглі забясьпечыць з палівам для рэактыўных рухавікоў. Згодна з украінскай статысткай (беларуская ўвогуле адсутнічае), за пяць месяцаў 2021 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну 5,874 тысячы тон гэтай прадукцыі на 3,183 мільёна даляраў супраць 14,789 тысяч тон на 9,747 мільёна даляраў летась у гэты ж пэрыяд.

Паступова пачалі зьніжацца аб’ёмы вугляводных прадуктаў у газападобным стане і нафтавага бітуму. Але тэмпы падзеньня за пяць месяцаў году ўсё ж былі не катастрафічныя.

Афіцыйныя дадзеныя аб выніках гандлю нафтапрадуктамі Беларусі з Украінай за паўгода пакуль не апублікаваныя, але экспэрты пераконваюць, што ўжо ў чэрвені і ліпені беларускія пастаўкі скараціліся амаль на чвэрць.

У прыватнасьці, паводле кансалтынгавай групы «А-95», пастаўкі аўтамабільных бэнзінаў зь Беларусі ў ліпені скараціліся на 22% да ўзроўню ліпеня мінулага году і склалі 68,5 тысячы тон. Пры тым, што агульны месячны аб’ём паставак імпартнага паліва на ўкраінскі рынак застаўся на тым жа ўзроўні — 109,1 тысячы тон.

Што выратавала ад магчымага крызісу

У траўні ўрад Украіны правёў тэрміновую нараду з трэйдэрамі і нацыянальнымі вытворцамі нафтапрадуктаў. Усе заявілі пра гатоўнасьць павялічыць аб’ёмы вытворчасьці і перавозак. Далей менавіта ў гэтых двух кірунках узмацнілася дзейнасьць.

Найперш, дзьве ўкраінскія кампаніі — «Укртатнафта» (Крэменчуцкі НПЗ) і «Укргазвидобування» (Шабялінскі НПЗ) — павялічылі аб’ём перапрацоўкі нафты і, адпаведна, пастаўкі паліва на ўнутраны рынак. Гэта дазволіла закрыць амаль палову патрэбаў спажыўцоў.

Адначасова павялічыліся пастаўкі нафтапрадуктаў зь дзьвюх іншых краінаў — Літвы і Польшчы, якія ажыцьцяўляла польская кампанія PKN Orlen. Гэта найбуйнейшая ў Цэнтральнай Эўропе нафтаперапрацоўчая кампанія, у кіраваньні якой сем нафтаперапрацоўчых заводаў — тры ў Польшчы, тры ў Чэхіі і адзін у Літве.

11 жніўня стала вядома, што вялікая дэлегацыя гэтай кампаніі знаходзіцца ва Ўкраіне зь візытам. Паводле інфармацыі інтэрнэт-выданьня Enkorr, якое вывучае рынак нафтапрадуктаў, энэргетыкі і вугалю, прадстаўнікі PKN Orlen правялі сустрэчы ў Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны і ў кампаніі «Нафтогаз України», але тэмы перамоваў не ўдакладняліся. Афіцыйныя прэс-рэлізы кампаній таксама пакуль адсутнічаюць.

На тле заяваў Расеі і Беларусі аб магчымым абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў ва Ўкраіну ўрад тэрмінова распрацоўвае, каб накіраваць на разгляд у парлямэнт, праект закону «Аб мінімальных запасах нафты і нафтапрадуктаў».

Як заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Ўкраіны Максім Нямчынаў, гэты закон павінен гарантаваць надзейную працу ўкраінскіх НПЗ, забясьпечыць наяўнасьць прадукцыі на рынку і «абараніць спажыўца ад якога-небудзь уплыву дзяржаў, зь якіх Украіна пастаўляе нафтапрадукты».

Чакаецца, што закон запрацуе ў 2023 годзе.

Нафтакантрабанду абмяжуюць

Беларускія нафтапрадукты трапляюць на ўкраінскі рынак ня толькі праз афіцыйныя пастаўкі. Іх увозяць і кантрабандным чынам, заніжаючы мытныя плацяжы на падставе неадпаведных паказчыкаў колькасьці мэтылявага сьпірту. Потым паліва «абагачаецца» на нелегальных міні-НПЗ і накіроўваецца на продаж празь нелегальныя запраўкі.

Паводле мытных органаў Украіны, аб’ём нелегальнага паліва дасягае ва Ўкраіне 15-20 мільярдаў грыўняў (ад 500 да 800 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Сёлета ў траўні Служба бясьпекі Ўкраіны раскрыла маштабную схему кантрабанды нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі, паводле якой ва Ўкраіну цягам 2020–2021 гадоў завезьлі паліва больш як на 100 мільёнаў грыўняў (звыш 3 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

У 2012 годзе з заканадаўства Ўкраіны была выключана норма аб крымінальнай адказнасьці за кантрабанду падакцызных тавараў, у якія ўваходзяць і нафтапрадукты. Сёлета дзякуючы ўнесеным зьменам ў Крымінальны і Крымінальны працэсуальны кодэксы, катрабандыстам будуць пагражаць ня толькі вялікія штрафы, але і пазбаўленьне волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG