Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла дасьледаваньне, як у Беларусі ў пратэстоўцаў забіраюць дзяцей


Беларускі пратэст, архіўнае фота

Беларуская праваабаронца, экспэртка ў галіне правоў жанчын і дзяцей Дар’я Чурко і экспэртка кааліцыі Правоў дзiцяцi ва Ўкраіне Марыя Ясяноўская прэзэнтавалі дасьледаваньне, прысьвечанае ціску на актывістаў у Беларусі праз узьдеяньне на чальцоў сям’і, уключна дзяцей.

Як адзначаецца ў дасьледаваньні, ад лета 2020 году беларусы бяруць удзел у мірных акцыях супраць дзеяньняў уладаў, справакаваных арыштамі прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, эскаляцыяй гвалту ў дзень выбараў і пасьля, недаверам да вынікаў падліку галасоў.

«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў глыбокім крызісе. Прыцягненьне да адказнасьці — адміністрацыйнай або крымінальнай — зьяўляецца інструмэнтам ціску. Людзей караюць па абсурдным падставах: за сьцяг Японіі ў вакне, за бела-чырвоную вопратку, за аркуш А4 на шкле. Акрамя таго, выкарыстоўваецца і найбольш балючы спосаб узьдзеяньня — пагроза паставіць актыўных грамадзянаў на ўлік як сям’ю, што знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы. Гэта можа прывесьці да кантролю з боку ўладаў, за прыватным жыцьцём, а таксама забіраньня дзяцей у „палітычных“ бацькоў», — адзначаецца ў дакумэнце.

Справаздача ўтрымлівае аналіз якасных і колькасных дадзеных, сабраных з анкетаў, разасланых па ўнутрыбеларускіх суполках. Асноўная тэматыка — «сацыяльна небясьпечнае становішча, пагрозы і канфіскацыя дзяцей».

Форма распаўсюджвалася цягам 1 месяца. Людзі, якія запоўнілі анкету, у палове выпадкаў ужо зьехалі за межы Беларусі. Рэспандэнтам прапанавалі адказаць на 16 пытаньняў, якія ўключалі ў сябе апісаньне фактычнай і юрыдычнай прычыны прыходу дадому сацыяльных ці іншых службаў, канкрэтныя дзеяньні ў дачыненні да дарослых і дзяцей, эмацыйны і фізычны стан у выніку падобных візытаў.

«Колькасьць людзей, якія прыцягваліся ў Беларусі паводле палітычных артыкулаў у рамках адміністрацыйнага працэсу, склала прыкладна 33 тысячы за 2020 год. Пры гэтым 84,7% апытаных праваабарончым цэнтрам „Вясна“, якія былі прыцягнутыя судом да адказнасьці, — гэта людзі, не ўцягнутыя ў грамадзкі рух. Такім чынам, фактар страху і рэальных рэпрэсій ёсьць асноватворным у палітычна матываваным ціску», — тлумачыцца ў дасьледаваньні.

З апрацаваных 24 анкет вынікае наступнае: у адной сям'і забралі дзіця, у адносінах да 13 прагучала пагроза пастаноўкі на ўлік, яшчэ датычна 10 паабяцалі забраць дзяцей, калі бацькі ня спыняць актыўную дзейнасьць.

Сваёй працай Дар’я Чурко і Марыя Ясяноўская намагаліся вывесьці ў публічнае поле факты ціску дзяржавы на людзей з дапамогай інструмэнта «сацыяльна-небясьпечнага становішча» і пагрозаў «канфіскацыі дзяцей».

Таму сярод галоўных задачаў — прааналізаваць усе адказы з улікам беларускага кантэксту: вызначыць правамернасьць рэалізацыі дзейнага заканадаўства дзяржаўнымі органамі, а таксама прапанаваць рэкамэндацыі ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі стандартамі па правах дзіцяці для Беларусі і міжнароднай супольнасці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG