Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамлёўскі палітоляг раіць, як утрымаць Беларусь без Лукашэнкі ў арбіце Масквы


Фёдар Лук'янаў, архіўнае фота

Галоўны рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук'янаў надрукаваў артыкул, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі і расейска-беларускім дачыненьням.

Фёдар Лукьянаў лічыцца адным з найбольш блізкіх да Крамля палітолягаў, ён узначавльвае Прэзыдыюм Рады па зьнешняй і абароннай палітыцы, зьяўляецца дырэктарам па навуковай працы Міжнароднага дыскусійнага клюбу «Валдай», у якім рэгулярна выступае Ўладзімер Пуцін.

У сваім артыкуле «Што трэба зрабіць Маскве, каб прывязанасьць да яе Беларусі не залежала ад Лукашэнкі», зьмешчаным на сайце часопісу «Россия в глобальной политике», Лук’янаў выказвае свае прапановы на гэты конт.

У прыватнасьці, ён піша:

"Што ж забясьпечвае гарантыю ляяльнасьці? Выкарыстоўваючы амэрыканскі выраз, boots on the ground, «боты на зямлі», прамая вайсковая прысутнасьць...

Адрозьненьне Беларусі ад Армэніі менавіта ў тым, што там няма расейскай ваеннай прысутнасьці. Тэма расейскай ваеннай базы падымалася за гады кіраваньня Лукашэнкі ня раз, але далей размоў справа не ішла.

Нязьменны прэзыдэнт, як ужо сказана, валодае выдатнай інтуіцыяй. Ён ведае, што знаходжаньне на ўласнай тэрыторыі замежных войскаў, нават саюзных, мяняе сытуацыю. Аднак тыдзень таму, кажучы пра чарговыя пагрозы звонку, ён дапусьціў магчымасьць запрашэньня ў краіну расейскіх вайскоўцаў, каб супрацьстаяць разам.

Верагодна, гэта была чарговая фігура мовы, але за яе варта было б зачапіцца, ідэю размяшчэньня ваеннай базы ў Беларусі актыўна вітаць — не для абароны ад NATO, а з мэтай прывесьці адносіны зь Менскам у зразумелую і стабільную форму. А тады ўжо тэма транзыту і далейшых адносінаў паўстала б у іншым сьвятле. І, магчыма, Расеі было б значна менш клопату да таго, хто і як кіруе ў Беларусі, абы кіраўнікі разумелі, што спробы правядзеньня недружалюбнай палітыкі выклічуць рэакцыю ў тым ліку сілавога характару. Як правіла, да такога не даходзіць, бо сама наяўнасьць вялікага кантынгенту настройвае на канструктыўны лад.

Трымаць «зьнешні контур», гэта значыць задаваць рамкі для палітыкі краіны — важнага суседа, аддаўшы ўсю ўнутраную дзейнасьць на водкуп самім народам і іх разуменьню дэмакратыі, — нядрэнная альтэрнатыва інтэграцыі або абʼяднаньн.. Армэнія да гэтага фармату ўжо даволі блізкая. Для Беларусі, магчыма, ён стаў бы выхадам.

Калі апісаная гіпотэза дакладная і прыйшла ў галаву ня толькі аўтару гэтых радкоў, зразумела, чаму кіраўнікі расейскіх сілавых і палітычных структураў так ахвотна падтрымліваюць рыторыку Лукашэнкі аб бясконцых ворагах зьнешніх. Чым іх больш, тым больш актуальная тэма расейскай ваеннай дапамогі. І тым бліжэй магчымасьць сысьці з патавай пазыцыі, якая стаміла ўсіх", — піша Лукʼянаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG