Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта выглядае вельмі маштабна». Як новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку


Ілюстрацыйнае фота

У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Разьбіраемся, чым яны небясьпечныя.

Санкцыі ЗША

У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША падпісаў выканаўчы загад аб блякаваньні маёмасьці дадатковых асобаў, датычных да сытуацыі ў Беларусі.

Уводзяцца санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларуськалій», які, як лічыць амэрыканскі бок, зьяўляецца «крыніцай незаконнага ўзбагачэньня рэжыму», і санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які «абвінавачваецца ў адмываньні грошай, ухіленьні ад санкцыяў і абыходзе візавых забаронаў».

У санкцыйны сьпіс таксама ўключаныя «вядомыя бізнэсоўцы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а таксама 15 кампаніяў, зь якімі яны зьвязаны.

  • ЗАТ «Абсалютбанк» — беларускі банк, яго ўладальнік Мікалай Верабей набліжаны да Лукашэнкі;
  • ЗАТ «Новая нафтавая кампанія» — кампанія, якая гандлюе беларускімі нафтапрадуктамі;
  • ЗТАА «Дана Астра» — кампанія-забудоўнік, зьвязаная з сэрбскімі бізнэсоўцамі братамі Карычамі. Праекты кампаніі падтрымлівае Лукашэнка;
  • Спартовы клюб «Шок» Дзьмітрыя Шакуты, якога падазраюць у пабіцьці Рамана Бандарэнкі, ад чаго той пасьля загінуў.
  • Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі — дзяржаўны алімпійскі камітэт Беларусі, адказны за зьняцьце з Алімпійскіх гульняў у Токіё Крысьціны Ціманоўскай.
  • Нафтабітумны завод — завод, які займаецца нафтапрадуктамі, зьвязаны зь бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём;
  • ААТ «Беларуськалій» — прадпрыемства калійных угнаеньняў, флягман беларускай вытворчасьці.
  • ААТ Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» — цыгарэтная фабрыка, адзін з манапалістаў на рынку;
  • ТДА «Белнафтагаз» — кампанія набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксея Алексіна;
  • ТАА «БелКазТранс» — кампанія набліжанага да Лукашэнкі Мікалая Вараб’я, якая займаецца ў тым ліку транзытам;
  • ТАА «Bremino Group» — лягістычная кампанія, якая належыць набліжанаму да ўлады бізнэсоўцу Аляксандру Зайцаву;
  • ТАА «Dubai Water Front» — кампанія, зьвязаная з Dana Holdings і братамі Карычамі;
  • ТАА «Inter Tobacco» — кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна, спэцэкспартэр тытуню;
  • ТАА «Interservice» — кампанія, якая займаецца аптовым гандлем і турыстычнымі паслугамі, зьвязаная з «Абсалютбанкам»;
  • ТАА «Новая нафтавая кампанія „Ўсход“» — дачка беларускай «Новай нафтавай кампаніі», зарэгістраваная ў Смаленску;
  • ТАА «Emirates Blue Sky» — кампанія, зьвязаная з Dana Holdings і братамі Карычамі;
  • СЗАТ «Energo-Oil» — кампанія, зьвязаная зь бізнэсоўцам Аляксеем Алексіным;
  • Сьледчы камітэт Беларусі;
  • Упраўленьне ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці;
  • «Dana Holdings Limited» (Кіпр) — кампанія братоў Карычаў;
  • «БелКазТранс Украіна» — транспартная кампанія, зьвязаная з бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

За мінулы год ЗША купілі ў Беларусі калійных угнаеньняў на 100 мільёнаў даляраў, у 2019 годзе — на 126 мільёнаў даляраў. Экспарт паслуг у ЗША зь Беларусі летась склаў 1,2 мільярда даляраў.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, санкцыі ЗША «выглядаюць вельмі маштабнымі».

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

«У гэтых санкцыях апісаны калійная галіна, тытунь, вайскова-тэхнічная сфэра, банкаўская сфэра. На дэталёвую прапрацоўку такіх санкцый ідзе ад 3 да 6 месяцаў. Гэтыя санкцыі будуць маштабнымі з прымяненьнем другасных санкцый. Абыходзіць іх вельмі складана, калі наогул магчыма. Такія санкцыі мы бачылі на прыкладзе Ірану, калі краіна застаецца ў аўтаркіі (эканамічная палітыка, скіраваная на будаўніцтва незалежнай эканомікі, — РС) толькі разам са сваімі найбліжэйшымі сябрамі», — кажа Леў Львоўскі.

У санкцыйным сьпісе ЗША адзін банк — «Абсалютбанк». Аднак у дакумэнце Executive Order on Blocking Property of Additional Persons Contributing to the Situation in Belarus (Выканаўчы указ аб блякаваньні ўласнасьці іншых асобаў для садзейнічаньня сытуацыі ў Беларусі) гаворыцца пра пашырэньне санкцый ня толькі на пералічаных юрыдычных асобаў, а шырэй — гэта арганізацыі, якія кантралюе ўрад Беларусі.

У дакумэнце, напрыклад, называецца Нацбанк, а гэта значыць, што санкцыі могуць закрануць 7 банкаў, у якіх ёсьць доля дзяржавы ці капітал дзяржаўных органаў.

Санкцыі Вялікай Брытаніі

  • Вялікая Брытанія абвясьціла аб забароне на набыцьцё каштоўных папер і фінансавых інструмэнтаў, выпушчаных урадам Рэспублікі Беларусі, дзяржаўнымі банкамі. Таксама забаранілі выдаваць крэдыты.
  • Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці цыгарэт.
  • Увяла санкцыі ў авіяцыйнай галіне для прадухіленьня пералётаў або пасадкі беларускіх авіяперавозчыкаў у Вялікай Брытаніі і забарону на аказаньне тэхнічнай дапамогі парку элітных самалётаў Аляксандра Лукашэнкі.
  • Вялікая Брытанія ўводзіць санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева, «вядомага расейскага бізнэсоўца, які зьяўляецца адным з галоўных прыватных інвэстараў у Беларусі і даўнім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі».

Экспарт у Вялікую Брытанію зь Беларусі летась — 803 мільёны даляраў, з гэтага нафтапрадукты — 701 мільён даляраў. Экспарт паслуг у Вялікую Брытанію зь Беларусі летась — 392 мільёны даляраў.

«Вялікая Брытанія ня вельмі любіць накладаць санкцыі; калі ЭЗ увёў санкцыі, Вялікая Брытанія іх не адразу падтрымала. Санкцыі Вялікай Брытаніі найбольш важныя для гандлю нафтапрадуктамі. Юрыдычна гандаль нафтапрадуктамі робіцца праз такія краіны, як Вялікая Брытанія і Швайцарыя», — падкрэсьлівае Леў Львоўскі.

Асабліва важна, што ў санкцыйным сьпісе зьявіўся Міхаіл Гуцэрыеў, які зьяўляецца інвэстарам у беларускую эканоміку і ў сфэрах інтарэсаў якога нафта і нафтапрадукты. «Міхаіл Гуцэрыеў асабліва важны для беларускай эканомікі ў пэрыяд абыходу санкцый. Гэта чалавек з сувязямі ў нафтавым сьвеце, які быў бы карысны беларускаму ўраду ў пляне абыходу санкцый», — мяркуе Леў Львоўскі.

Якія яшчэ санкцыі ўвялі супраць уладаў Беларусі

Гэтыя дадатковыя санкцыі — працяг тых, якія Вялікая Брытанія ўвяла 21 чэрвеня 2021 г. па ўзгадненьні з ЗША, Канадай і ЭЗ у адказ на затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пасьля незаконнай пасадкі самалёта рэйсу Ryanair FR4978 у траўні 2021 году.

За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў у Беларусі. Таксама ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі:

  • На экспарт і перадачу абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў дзеля маніторынгу або перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • На экспарт у Беларусь тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • На экспарт у Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • На імпарт у ЭЗ нафтапрадуктаў зь Беларусі.
  • На імпарт у ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі.
  • На доступ на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых інстытутаў і суб’ектаў.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Да санкцыяў ЭЗ далучыліся Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія.

Трэцяга чэрвеня зноў уступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Пад амэрыканскія санкцыі падпалі прадпрыемствы:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно» ААТ
  • «Лякафарба»
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG