Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не зьбіраліся пакідаць краіну». Заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін пракамэнтаваў словы Лукашэнкі


Аркадзь Добкін (справа), Валер Цапкала і Аляксандар Лукашэнка ў Парку высокіх тэхналёгій у Меснку. 18 лістапада 2010 году

9 жніўня падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «нейкі EPAM і іншыя, Добкін або Дробкін» пералічвалі грошы на пратэставыя акцыі. І заявіў, што дзяржава павінна бачыць «усе фінансавыя патокі».

Кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін з гэтай нагоды даў камэнтар парталу dev.by.

«Тое, што прагучала, безумоўна, нельга назваць прыемным або доўгачаканым. Таму мае сэнс ахарактарызаваць пазыцыю EPAM у цэлым.

Наша адказнасьць перад супрацоўнікамі, кліентамі і інвэстарамі ніколі не дазваляла рабіць неабдуманыя і неправамерныя крокі, якія маглі б прывесьці да рызык парушэньня вытворчай дзейнасьці, або, прасьцей кажучы, да страты рэпутацыі. Усе фінансавыя апэрацыі, якія могуць прама ці ўскосна паўплываць на дзейнасьць кампаніі, строга рэглямэнтуюцца Радай дырэктараў і праходзяць шматлікія міжнародныя аўдыты, што не пакідае месца для некарэктных тлумачэньняў або здагадак».

Аркадзь Добкін запэўніў, што ягоная кампанія не зьбіралася пакідаць Беларусь — калі, вядома, нейкія абставіны ня вымусяць гэта зрабіць.

«Гэта выключна важна, што мы не зьбіраліся пакідаць краіну. І, пакуль ёсьць маладыя людзі, гатовыя вучыцца, пакуль ёсьць таленты, гатовыя жыць і працаваць у краіне, і пакуль ёсьць кліенты, якія цэняць гэты талент і гатовыя працаваць з EPAM, мы плянуем працаваць і разьвіваць кампанію тут. Пакуль нас ня вымусяць краіну пакінуць», — адзначыў ён.

Кампанія ЕРАМ уваходзіць у эліту сусьветнай ІТ-індустрыі, яе падразьдзяленьні працуюць у 40 краінах, дзе працуюць звыш 40 тысяч чалавек (зь іх 10 тысяч — у Беларусі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG