Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як нам вызваляць украінскі Данбас, разьбяромся і безь яго», — ва Ўкраіне адрэагавалі на заявы Лукашэнкі


Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка

Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 9 жніўня 2021 году зрабіў шмат заяваў пра Ўкраіну, яе кіраўніцтва і мірныя перамовы для ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе краіны.

Свабода сабрала рэакцыю ўкраінскіх палітыкаў на гэтыя заявы.

«Яўка з павіннай»

Кіраўнік міжфракцыйнай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка лічыць, што Аляксандар Лукашэнка прызнаўся ў супрацы так званымі «ЛНР» і «ДНР», якія ва Ўкраіне прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«Дыктатар Лукашэнка пацьвердзіў, што асабіста даў дазвол на допыт Рамана Пратасевіча тэрарыстамі з так званай „ЛНР“. Гэта яўка з павіннай. Лукашэнка, які сілай захапіў і ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, прызнаў, што супрацоўнічае з тэрарыстычнымі арганізацыямі», — заявіў Аляксей Ганчарэнка.

У чэрвені група дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўжо патрабавала ад генэральнага пракурора Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай завесьці крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі паводле факту прызнаньня так званых «ЛНР» і «ДНР». Цяпер пракуратура вывучае перададзеныя матэрыялы.

Апроч таго, дэпутаты таксама патрабуюць ад выканаўчай улады Ўкраіны цалкам спыніць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю і далучыцца да эўрапейскіх санкцый.

«Вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі»

Міністэрства замежных справаў Украіны заклікала ўладу ў Беларусі вызваліць усіх палітычных вязьняў, спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і грамадзкіх арганізацый, а таксама аднавіць павагу да асноўных правоў і свабодаў чалавека.

Ва ўкраінскім МЗС разглядаюць магчымае паглынаньне Беларусі Расеяй як пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны і ўсяго рэгіёну.

«А любыя формы падтрыманьня Менскам палітыкі Крамля, накіраванай на падрыў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, будзем расцэньваць як недружалюбны акт і фактычную падтрымку расейскай агрэсіі, што будзе мець адпаведныя міжнародна-прававыя наступствы», — заявілі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны.

У МЗС падкрэсьлілі, што Ўкраіна ня ўмешвалася і ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, а ўсе заявы пра падрыхтоўку баевікоў і зброі з тэрыторыі Ўкраіны — гэта выдумкі, якія ўводзяць у зман беларускае грамадзтва.

«Украіна застанецца адкрытай і гасьціннай для грамадзян Беларусі, якія вымушаныя шукаць месца жыхарства і працы ва Ўкраіне», — адзначаецца ў заяве.

«Як нам вызваляць украінскі Данбас, разьбяромся і без Лукашэнкі»

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка, якая з 2014 па 2019 год працавала ў складзе менскай Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, заявіла, што Лукашэнка ня ўдзельнічаў у мірных перамовах і ня можа ведаць, як яны адбываліся.

«Непрызнаны беларускі дыктатар, замест таго каб расказаць аб сваім удзеле ў перадачы Пуціну вагнэраўцаў і адказаць на пытаньні аб палітвязьнях, парушэньні правоў чалавека і катаваньнях, пусьціўся ва ўспаміны пра менскія перамовы ў 2014-2015 гадах. Тады роля Лукашэнкі зводзілася да (функцый) боку, які прымае. Украіна і цывілізаваны сьвет далі яму магчымасьць вырвацца з міжнароднай ізаляцыі.

Упершыню за дзесяцігодзьдзе ён сустракаў высокіх госьцяў з Эўропы ў холе свайго новага пампэзнага прэзыдэнцкага палаца. Яго адзіным „удзелам“ у тагачасных падзеях стала афіцыйнае фота з прэзыдэнтамі і канцлеркай», — заявіла Ірына Герашчанка.

Паводле Ірыны Герашчанкі, Лукашэнка ня ўдзельнічаў у складаных і зьнясільваючых менскіх перамовах, не прысутнічаў ні на адным з раўндаў ці на якой-небудзь закрытай сустрэчы. «Таму вельмі дзіўна слухаць ягоную вэрсію падзеяў, якую ён можа ведаць толькі са словаў свайго сувэрэна Пуціна. „Вагу“ слова Пуціна ведае ўвесь сьвет», — падкрэсьліла дэпутатка.

«Расейская Фэдэрацыя напала на нас і акупавала частку ўкраінскай тэрыторыі. А як нам вызваляць украінскі Данбас, мы разьбяромся й без Лукашэнкі. Лукашэнку варта паклапаціцца пра незалежнасьць Беларусі, дзе сёньня вольна разгульвае ФСБ і іншыя структуры акупацыйнай Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG