Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: Ацэнка расейскім бокам прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не зьмянілася, Лукашэнка абраны законна


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы 28 траўня 2021 г. Ілюстрацыйнае фота.

«Ацэнка расейскім бокам прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году не зьмянілася. Зыходзім з таго, што А. Р. Лукашэнка быў законна абраны беларускімі грамадзянамі», — заявіў намесьнік дырэктара Дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі Мікалай Лахонін.

«Расейскія назіральнікі, у адрозьненьне ад місіі БДІПЧ АБСЭ, якая адмовілася ехаць у Беларусь па надуманых падставах, ажыцьцяўлялі маніторынг галасаваньня ў складзе місій па лініі СНД і саюзнай дзяржавы. Па выніках назіраньня было канстатавана, што выбары прайшлі арганізавана, безь відавочных парушэньняў і ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі», — растлумачыў пазыцыю Масквы Лахонін.

«Пры гэтым дапускаем, што ў беларускім грамадзтве на момант правядзеньня выбараў быў запыт на пэўныя палітычныя зьмены, — адзначыў ён. — На жаль, зьнешнія сілы паспрабавалі выкарыстоўваць дадзеную акалічнасьць у сваіх мэтах, каб рэалізаваць у рэспубліцы чарговы сцэнар „каляровай рэвалюцыі“».

«Мэта відавочная: зрынуць дзейнае кіраўніцтва і прывесьці да ўлады падкантрольныя Захаду палітычныя сілы, „адарваць“ Беларусь ад Расеі», — сказаў прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства РФ.

«Адначасова на афіцыйны Менск працягваецца масіраваны палітычны і санкцыйны ціск з боку Захаду, — працягнуў прадстаўнік расейскага МЗС. — Беларуская эмігранцкая апазыцыя, якая заклікала да разгойдваньня палітычнай сытуацыі і больш жорсткіх эканамічных абмежаваньняў, атрымлівае ад заходніх краін беспрэцэдэнтную фінансавую і інфармацыйную падтрымку. Інакш як грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы гэта назваць нельга».

«Са свайго боку рашуча асуджаем любыя спробы прамога і ўскоснага ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычныя працэсы Беларусі. Нагадваем аб незаконнасьці любых аднабаковых санкцый, якія прымаюцца ў абыход Рады бясьпекі ААН. Лічым, што толькі сам беларускі народ мае права самастойна вызначаць будучыню сваёй краіны на аснове дзеючага нацыянальнага заканадаўства», — заявіў Лахонін.

Расея, паводле ягоных слоў, будзе надалей аказваць «брацкай Беларусі і яе народу» неабходнае садзейнічаньне ў супрацьстаяньні ціску з Захаду і адстойваньні сувэрэнітэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG