Лінкі ўнівэрсальнага доступу

46 тысяч пратэстоўцаў і «катаваньні прыдумалі». Дзе Лукашэнка сказаў няпраўду


Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі, 9 жгіўння 2021

Праверылі некалькі заяў Аляксандра Лукашэнкі падчас сёньняшняй «вялікай размовы» на прадмет адпаведнасьці фактам.

Закрытая мяжа

Падчас «Вялікай размовы» 9 жніўня Лукашэнка згадаў пра закрыцьцё межаў ва ўсім сьвеце і дадаў, што ў Беларусі мяжу нібыта не закрывалі.

«Мы не закрылі ніводнай мяжы», — сказаў Лукашэнка.

Насамрэч гэта не зусім так. 9 сьнежня беларускія ўлады ўвялі абмежаваньні на выезд для грамадзян. Паводле Савета міністраў, гэта было зроблена «ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі». Праз наземную мяжу беларускія грамадзяне могуць цяпер выехаць толькі на вучобу, працу ці лячэньне.

Пратэсты

Лукашэнка падлічыў, што на леташнія пратэсты ў Менску на піку выходзіла 46 700 чалавек. Усё астатняе, маўляў, — штучная карцінка. На чале — «баевікі, адмарожаныя, уркі»; у хвасьце — моладзь, якая хоча «хайпануць»; па краях — разявакі, пералічыў ён. Такія зьвесткі яму падрыхтавалі «экспэрты праваахоўных органаў».

Калі пераглядзець фатаздымкі з усіх маршаў, то нідзе няма ні баевікоў, ні хоць кагосьці са зброяй. На піку пратэстаў 23 жніўня на вуліцах Менску было, па ацэнках розных СМІ і назіральнікаў, да 250 тысяч чалавек.

Сталін і беларусы

Лукашэнка заклікаў паставіць у Беларусі помнік «вялікаму Сталіну», які нібыта аб’яднаў беларусаў. Каб не было 17 верасьня 1939 году, не было б самой Беларусі, сказаў ён.

«Вялікі дзякуй Ёсіфу Вісарыёнавічу, тут нічога іншага ня скажаш», — сказаў ён, выказаўшы спадзяваньне, што новае сьвята «яднаньня» стане адным зь любімых сярод жыхароў краіны.

Судовымі і пазасудовымі органамі зь лістапада 1917-га да красавіка 1953 году ў БССР з палітычных матываў асудзілі звыш 250 тысяч чалавек. Пік рэпрэсій прыпаў на 1935–1940 гады, якраз калі ў Савецкім Саюзе правіў Сталін. Па падліках некаторых дасьледчыкаў, колькасьць рэпрэсаваных з 1920-х па 1950-я гады XX стагодзьдзя можа даходзіць да 600 000 — 1 500 000 чалавек.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКВД у Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у тым ліку 22 беларускіх пісьменьнікаў.

Біцьцё і катаваньні затрыманых пратэстоўцаў

Адказваючы на пытаньне карэспандэнткі ВВС пра масавыя затрыманьні, больш як 600 палітзьняволеных і катаваньні ў ізалятары на Акрэсьціна і ў іншых месцах, Лукашэнка чарговы раз заявіў, што ўсё гэта фэйк. Ён дадаў, што пратэсты не былі мірнымі.

«Катаваньні на Акрэсьціна — гэта фэйк, — заявіў Лукашэнка. — Калі там і быў нехта зь сінякамі, то яны атрымалі іх на вуліцы. На Акрэсьціна яны былі ўсе шаўковыя. Вы гэта прыдумалі».

Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 9 жніўня ў Беларусі 610 чалавек прызнаныя палітвязьнямі. Агулам пасьля дня выбараў на працягу восені падчас масавых акцый пратэсту было затрымана больш як 30 тысяч чалавек. Праваабаронцы ацэньваюць колькасьць распачатых з палітычных матываў крымінальных спраў больш як у 4500. Паводле інфармацыі, агучанай у ААН, задакумэнтавана звыш 450 выпадкаў катаваньняў у ІЧУ, што на завулку Акрэсьціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG