Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і прапагандысты атакавалі карэспандэнтку BBC у адказ на пытаньне пра катаваньні і палітвязьняў


Аляксандар Лукашэнка.

На прэсавай канфэрэнцыі ў гадавіну выбараў прэзыдэнта 2020 году карэпандэнтка ВВС Сара Рэйнсфард спытала Лукашэнку пра жорсткасьць падчас разгонаў пратэстаў, катаваньні ў турме на Акрэсьціна, ягоную нелегітымнасьць і патрэбу новых выбараў. Ёй адказаў ня толькі сам Лукашэнка.

Журналістка ВВС Сара Рэйнсфард нагадала Лукашэнку, што падчас разгону мірных пратэстаў затрымалі каля 40 тысяч чалавек, у краіне 610 палітзьняволеных, у тым ліку журналісты і правааабаронцы, многія апанэнты ўлады вымушана зьехалі, у турмах, у прыватнасьці на Акрэсьціна, былі катаваньні. Журналістка спытала, ці лічыць сам Лукашэнка, што пасьля ўсяго гэтага страціў легітымнасьць?

Сама яна не змагла прыехаць на выбары 9 жніўня 2020 году ў Беларусь, ёй не далі акрэдытацыі, але ў Менску тады быў яе калега, прадусар.

«Ваш прадусар проста падсьлепаваты чалавек, — сказаў ёй Лукашэнка.— Паглядзіце на тыя кадры — выбухі, пэтарды, выбухоўка. У адказ на жорсткасьць? Яшчэ нічога не было, а яны ўсё гэта прынесьлі на „мірныя акцыі“. Чаму ў Амэрыцы паўтысячы чалавек сядзяць у турмах за спробу ўварваньня ў парлямэнт? Вам можна? Мы бойню разьвязалі? Нам трэба, каб ламалі хлопцаў-амапаўцаў? 11 чалавек пацярпелі ў першыя дні. А „невероятные“ сінячылі заднія і пярэднія месцы, нібыта іх зьбілі. Пераварот — страшнае злачынства, усюды.

Мы першыя дні жыватамі вас выштурхоўвалі, пакуль не атрымалі заточкі. А каб пайшлі на штурм Палаца незалежнасьці, ніхто б не ўратаваў — ні ЗША, ні Брытанія. Катаваньняў ніякіх не было, гэта вы ўсё прыдумалі. І калі ў вас ёсьць сумленьне, то самі пабачыце, куды вядуць Беларусь. Але ў вас не атрымаецца зьнесьці прэзыдэнта, я вас хутчэй зьнясу. Супакойцеся!»

Лукашэнка таксама назваў фэйкам заявы пра катаваньні ў турме на Акрэсьціна. А сінякі ў людзей былі, маўляў, таму, што яны пацярпелі, нібыта кідаючыся на АМАП і ўнутраныя войскі. Апрача таго, на думку Лукашэнкі, 47 чалавек наглядчыкаў фізычна не маглі зьбіваць 2000 затрыманых. «Дый не было ніякай мэтазгоднасьці», — кажа Лукашэнка.

Пасьля гэтага журналістцы ВВС пачалі эмацыйна адказваць іншыя ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: Канстанцін Прыдыбайла, Рыгор Азаронак, Юлія Аўцюх, іх падтрымаў праўладны палітык Алег Гайдукевіч.

Рыгор Азаронак, тэлеканал СТВ: «Я працытую польскі тэлеграм-канал, які каардынаваў тут масавыя беспарадкі. „Людзі б’юць АМАП каля стэлы“. „У цэнтры Менску дзясяткі тысяч людзей, якія закідваюць сілавікоў бутэлькамі і прарываюць ачапленьне“. „Менчукі будуюць барыкады са сьмецьцевых бакаў“. „500 чалавек заблякавалі ў Пінску гарвыканкам“... Гэта канал, які знаходзіцца на вашай тэрыторыі, на тэрыторыі NATO. Вы гэта апублікуеце? Не, канечне. А што тычыцца Акрэсьціна, дык гэта тая самая зброя масавага паражэньня ў Іраку, вы яе 20 гадоў там шукаеце. Яе няма, але вы забілі мільён іракцаў».

Прыдыбайла, Russia Today: «Грыша, насамрэч усё вельмі проста: мы з табой былі на вуліцы 9, 10, 11 жніўня, а дзяўчына з ВВС сядзела і піла каву дзесьці ў іншым месцы, нават не ў Беларусі. З гэтага вынікае ўвесь адказ на тое пытаньне. Абсалютная і беспадстаўная прапаганда».

Юлія Арцюх, СТВ: «А вы ведаеце, што вашы мірныя людзі, якіх вы цяпер абараняеце, хацелі нас згвалціць, а дзяцей лінчаваць? Калі ласка, мы гатовыя даць інтэрвію, расказаць, як „невероятные“, якіх нібыта рэпрэсавалі, хацелі нас забіць і разарваць. Вось мы — жонкі, дзеці, чаму ж вы нас ігнаруеце?»

Дэпутат Алег Гайдукевіч: «Вы Ірак зьнішчылі, Лібію зьнішчылі. А вось Сырыю вам зьнішчыць не далі, таму вы тут і седзіце, спадзеяцеся, што справіцеся зь Беларусьсю».

Пра сваю гатоўнасьць асабіста адказаць Сары Рэйнсфард і паказаць кадры зь мінулага году пазьней сказала і карэспандэнтка БТ Ксенія Лебедзева.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG