Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Лукашэнка: «Ды падавіцеся вы!»


Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Брытанія ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць калійнай галіны і галіны нафтапрадуктаў, а таксама накладае абмежаваньні на тавары і тэхналёгіі двайнога прызначэньня.

А таксама:

  • Вялікая Брытанія абвясьціла аб забароне на набыцьцё каштоўных папер і фінансавых інструмэнтаў, выпушчаных урадам Рэспублікі Беларусі, дзяржаўнымі банкамі. Таксама забаранілі выдаваць крэдыты.
  • Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці цыгарэт.
  • Увяла санкцыі ў авіяцыйнай галіне для прадухіленьня пералётаў або пасадкі беларускіх авіяперавозчыкаў у Вялікай Брытаніі і забарону на аказаньне тэхнічнай дапамогі парку элітных самалётаў Аляксандра Лукашэнкі.
  • Вялікая Брытанія ўводзіць санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева, «вядомага расейскага бізнэсоўца, які зьяўляецца адным з галоўных прыватных інвэстараў у Беларусі і даўнім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі».

Гэтыя дадатковыя санкцыі — працяг тых, якія Вялікая Брытанія ўвяла 21 чэрвеня 2021 г. па ўзгадненьні з ЗША, Канадай і ЭЗ у адказ на затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі пасьля незаконнай пасадкі самалёта рэйсу Ryanair FR4978 у траўні 2021 г. Вялікая Брытанія працягвае заклікаць да неадкладнага вызваленьня Пратасевіча, Сапегі і іншых беларускіх палітвязьняў, гаворыцца ў тлумачэньні брытанскага ўраду.

«Гэтыя санкцыі дэманструюць, што Вялікая Брытанія не прымае дзеяньняў Лукашэнкі пасьля фальсыфікацыі выбараў, — сказаў з нагоды новых санкцыяў міністар замежных спраў Домінік Рааб. — Рэжым Лукашэнкі працягвае руйнаваць дэмакратыю і парушаць правы чалавека ў Беларусі».

  • Трэцяга жніўня Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам.

«Мы адданыя падтрымцы правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, — цытавалі СМІ словы Джонсана з сустрэчы зь Ціханоўскай. — Мы рашуча падтрымліваем народ Беларусі і, я думаю, мы былі аднымі зь першых, хто ўвёў санкцыі пасьля захопу лайнэра з Раманам Пратасевічам».

Ціханоўская падзякавала Джонсану за падтрымку. «Вельмі важна разумець, што адна з самых магутных краінаў сьвету падтрымлівае Беларусь», — сказала яна.

Калі было абвешчана пра санкцыі, у Менску ішла вялікая прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Калі яму сказалі пра толькі што ўведзеныя абмежаваньні, Лукашэнка заявіў: «Ды падавіцеся санкцыямі, вы, прыхвасьні амэрыканцаў!»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўзмацненьне жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Беларусі можа прывесьці да трэцяй сусьветнай вайны, а ў ёй пераможа ня Захад. Так ён адказаў на пытаньне журналісткі падчас «Вялікай размовы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG