Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня АБСЭ: мы салідарныя зь беларусамі і іх правам выбіраць сваіх лідэраў


Ан Ліндэ

«Мы салідарныя зь беларускім народам і яго правам выбіраць сваіх лідэраў», — заявіла дзейсная старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ з нагоды першай гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Заява Ліндэ апублікаваная на яе старонцы ў фэйсбуку.

Паводле міністаркі, год назад абрынуліся надзеі беларускіх выбарнікаў на свабодныя і справядлівыя выбары.

«Беларускі народ выйшаў на масавыя мірныя дэманстрацыі пратэсту. Беларускія жанчыны зьбіраліся на спакойныя і мірныя вулічныя маніфэстацыі. Рэжым адказаў жорстка. Са жніўня мінулага году рэжым жорстка душыў, перасьледаваў і арыштоўваў удзельнікаў мірных дэманстрацый, апазыцыянэраў, журналістаў, праваабаронцаў», — піша дзейсная старшыня АБСЭ.

«Швэцыя і ЭЗ не прызнаюць перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Яны не былі ні празрыстымі, ні справядлівымі. Народ Беларусі мае відавочнае права выбіраць сваіх лідэраў на свабодных дэмакратычных выбарах», — дадала Ліндэ.

Швэдзкі ўрад, заявіла Ліндэ, з усёй сур’ёзнасьцю ставіцца да разьвіцьця падзеяў у Беларусі.

«Мы ўсе ведаем, што апошнім часам сытуацыя пагоршылася. Мы бачым далейшае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека. Мы ўбачылі налёты на рэдакцыі СМІ і масавае затрыманьне журналістаў і блогераў. Мы ўбачылі, як рэжым прыняў новыя законы, якія яшчэ больш абмяжоўваюць свабоду СМІ, якія аблягчаюць перасьлед і рэпрэсіі», — канстатуе дыпляматка.

Ан Ліндэ (справа) і Сьвятлана Ціханоўская, 17 лістапала 2020 году, Стакгольм
Ан Ліндэ (справа) і Сьвятлана Ціханоўская, 17 лістапала 2020 году, Стакгольм

«Швэцыя і Эўразьвяз будуць і далей выразна патрабаваць ад Лукашэнкі спыніць гвалт і перасьлед мірных дэманстрантаў, апазыцыі і праваабаронцаў. Усе палітычныя зьняволеныя і адвольна затрыманыя, уключаючы Пратасевіча і Сапегу, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя. Палітычна матываваныя абвінавачаньні мусяць быць зьнятыя. Тыя, хто вымушаны быў шукаць прыстанішча за мяжой, павінны мець права вярнуцца, а вінаватыя ў гвалце і рэпрэсіях — прыцягнутыя да адказнасьці», — заявіла старшыня АБСЭ.

Ан Ліндэ перакананая, што толькі мірны і дэмакратычны працэс, падтрыманы моцнай грамадзянскай супольнасцю, пад наглядам незалежных і свабодных масмэдыя будзе спрыяць устойліваму выхаду з сітуацыі, якая склалася.

«Якім мусіць быць палітычны пераход, вырашаць беларускаму народу. Але Швэцыя і астатнія краіны ЭЗ працягнуць падтрымку беларускага народу і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі. АБСЭ таксама гатова падтрымаць дыялог...», — напісала на заканчэньне міністар замежных справаў Швэцыі, старшыня АБСЭ Ан Ліндэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG