Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь лягеру для ўцекачоў у Літве зьбеглі 12 чалавек


Мігранты на мяжы Літвы і Беларусі

Пяцёра пазьней вярнуліся ў лягер, сямёх яшчэ шукаюць.

Мігранты, якія раней незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі і былі затрыманыя літоўскімі памежнымі службамі, уцяклі з намётавага мястэчка на палігоне Руднінкай, паведамляе радыё LTR.

На мінулым тыдні ў гэтым самым намётавым лягеры адбыліся беспарадкі. Мігранты скардзіліся на прамоклыя палаткі, дрэнныя ежу і ваду. Некаторыя ўжо тады спрабавалі ўцячы. Каб супакоіць насельнікаў лягеру, на месца выяжджалі спэцатрады сілавікоў.

На мінулым тыдні Літва зьмяніла тактыку працы зь вялікім патокам мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. Іх больш не прымаюць, а адпраўляюць назад у Беларусь. Акрамя таго, літоўскія ўлады заявілі, што гатовыя выплачваць па 300 эўра гатоўкай кожнаму мігранту, які пагодзіцца вярнуцца на радзіму. Выплату можна будзе атрымаць толькі адзін раз і непасрэдна перад пасадкай у самалёт.

9 жніўня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа адправіцца ў Мікунай у Віленскім раёне, каб сустрэцца з памежнікамі Літвы і супрацоўнікамі Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex, якія дапамагаюць у ахове мяжы.

Таксама на панядзелак заплянавана тэлефонная размова Наўседы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Яны абмяркуюць гібрыдныя пагрозы з боку афіцыйнага Менску і далейшую тактыку супрацьстаяньня наплыву мігрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG