Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з Джо Байдэнам


Сьвятлана Ціханоўская з Джо Байдэнам у Белым Доме

Сьвятлана Ціханоўская, якая працягвае свой візыт у ЗША, сустрэлася ў Белым Доме з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Джо Байдэнам.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн расказаў пра сустрэчу ў Твітэры:

«Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека».

Выйшаўшы зь Белага Дому, Ціханоўская сказала карэспандэнту «Голасу Амэрыкі»:

«Так, я сустрэлася з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Вы ведаеце, наколькі шчыльны расклад у прэзыдэнта Байдэна. Часу мы працялі няшмат — каля 15 хвілін, але гэта была вельмі цёплая сустрэча. Я ўбачыла чалавека, якому неабыякава, што адбываецца ў Беларусі.

Я данесла да спадара прэзыдэнта нашы мэсыджы пра тое, што ў Беларусі барацьба не геапалітычная. Гэта наша барацьба супраць гвалту, супраць беззаконьня. Пра тое, што ў нас адны каштоўнасьці, і што я ад’яжджаю зь Белага Дому ўпэўненая ў тым, што ў ЗША будуць зь беларусамі і цяпер, і пазьней, пасьля новых выбараў. Упэўненая, што ўсё тое, што мы прагаворвалі з дараднікамі спадара Байдэна, зь яго прадстаўнікамі, будзе выканана».

Падрабязьней сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская падзялілася ў Тэлеграме.

«Стоячы ля Белага дому перад журналістамі, я спрабавала зразумець свае пачуцьці пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй сьпінай - 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаваньні. 10 зь іх - загінулі. Але ўсе яны казалі маім голасам на гэтай сустрэчы.

Як беларуска я ганаруся сваім народам, які паўстаў супраць рэжыму і ўжо год супрацьстаіць яму.

Як палітык, я радая гэтай сустрэчы. Прэзыдэнт Байдэн сказаў, што ў сьвеце працягваецца барацьба паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй. І вы ведаеце, што Беларусь у гэтай барацьбе знаходзіцца на перадавой. Таму я заклікала прэзыдэнта Байдэна дапамагчы нам зрабіць Беларусь пасьпяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі.

Я выходжу зь Белага дома з упэўненасьцю, што голас мільёнаў беларусаў быў пачуты».

Сьвятлана Ціханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартаменту. Лідэрка беларускай апазіцыі ўжо правяла перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсменамі і сэнатарамі. 19 ліпеня яна сустрэлася зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, яго намеснікам Вікторыяй Нуланд і дараднікам Дзярждэпартаменту ЗША Дэрэкам Шоле.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG