Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Язэпа Юхо


Гісторык права Язэп Юхо. Фота ЦНБ НАН Беларусі

Падзеі 29 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

29 ліпеня 2004 году памёр Язэп Юхо, юрыст, гісторык, заснавальнік беларускай навуковай школы гісторыі дзяржавы і права, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Калісьці, на вырашальнай для Беларусі мяжы 1980–1990-х гадоў, існаваў такі адыёзны часопіс ЦК КПБ — «Политический собеседник», на старонках якога я атрымаў бяздоказны аглабельны адпор за тое, што называў у сваіх публікацыях Полацкае княства першай беларускай дзяржавай.

Аўтар таго пагромнага артыкулу відавочна не чытаў Язэпа Юхо, чые погляды былі значна больш радыкальныя: ён лічыў, што дзяржаўныя ўтварэньні на сучасным беларускім абшары існавалі, магчыма, яшчэ да нараджэньня Хрыстовага.

На вялікі жаль, на нашым гістарычным факультэце БДУ ў мае студэнцкія 1970-я гады лекцыяў ён не чытаў.

Відаць, нас, будучых «байцоў ідэалягічнага фронту», старанна бераглі ад неартадаксальных поглядаў спадара Язэпа.

Затое студэнтам юрфаку, дзе ён працаваў некалькі дзесяцігодзьдзяў, пашанцавала. Яны, да прыкладу, маглі даведацца, што Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў самым дасканалым зборам законаў ува ўсёй тагачаснай Эўропе і што наш Статут цягам цэлага сэмэстру вывучаюць на спэцкурсе студэнты-юрысты Сарбоны.

Дзіва што! Наш Статут, які дасьледаваў Язэп Юхо, ужо чатыры стагодзьдзі таму абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, бараніў усіх яе жыхароў незалежна ад веравызнаньня, уводзіў паняцьце прэзумпцыі невінаватасьці, вызваляў ад крымінальнага перасьледу дзяцей і падлеткаў, гарантаваў удзел у судовым працэсе адваката, стаяў на абароне прыродных багацьцяў краіны значна лепей за некаторыя сучасныя законы.

Прафэсар Юхо абвяргаў высновы польскіх ды савецкіх гісторыкаў адносна Крэўскай і Люблінскай вуніяў і казаў пра канфэдэрацыйны лад Рэчы Паспалітай, у якой дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — мела столькi сувэрэнітэту, колькi Беларускай ССР у «братняй сям’і саюзных савецкіх рэспублік» і ня сьнілася.

Юхо стаў заснавальнікам навуковай школы вывучэньня гісторыі дзяржавы і права Беларусі.

Менавіта ён першым пачаў тады дасьледаваць жыцьцё й дзейнасьць Тадэвуша Касьцюшкі і ў выніку сваімі артыкуламі і кнігаю «За вольнасьць нашу і вашу» (1989) вярнуў імя паўстанцкага правадыра ў гістарычную памяць беларусаў.

Незалежнасьць Бацькаўшчыны была ягонаю марай, а потым сталася штодзённым клопатам.

Язэп Юхо браў чынны ўдзел у распрацоўцы Канстытуцыі 1994 году і шмат якіх іншых заканадаўчых актаў.

Ён непахісна верыў, што краіна абавязкова вернецца ў сям’ю дэмакратычных народаў і яшчэ зьдзівіць Эўропу, як некалі ўразіла яе сваім Статутам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 518-519.

Таксама ў гэты дзень

1921 — Адальф Гітлер робіцца лідэрам Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Нямеччыны.

1939 — Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне перайменаваць горад Менск у Мінск.

1957 — уступіў у сілу статут Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргіі (МАГАТЭ).

Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене
Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене

1968 — папа Рымскі Павал VI у энцыкліцы «Humanae Vitae» («Чалавечае жыцьцё»), забараніў каталікам усе штучныя мэтады кантролю за нараджальнасьцю.

У гэты дзень нарадзіліся

1805 — Алексіс дэ Таквіль, францускі пісьменьнік, гісторык і сацыёляг.

1883 — Бэніта Мусаліні, італьянскі палітычны дзяяч, стваральнік фашызму, кіраўнік Італіі ў 1922–1943 гадох.

1888 — Уладзімір Зварыкін, расейскі і амэрыканскі інжынэр, вынаходнік тэлевізіі.

1908 ― Юрка Лявонны, беларускі паэт.

Юрка Лявонны
Юрка Лявонны

1929 ― Жан Бадрыяр, францускі філёзаф-постмадэрніст, сацыёляг, літаратар.

У памяці

1856 ― Робэрт Шуман, нямецкі кампазытар і піяніст

1890 — Вінцэнт Ван Гог, галяндзкі мастак (скончыў жыцьцё самагубствам).

Вінсэнт ван Гог, «Прагулка вязьняў» (1890)
Вінсэнт ван Гог, «Прагулка вязьняў» (1890)

1938 ― Вільгельм Кнорын, савецкі партыйны дзяржаўны дзяяч, публіцыст, адмаўляў існаваньне беларускай нацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG