Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 28 ліпеня: трасуць Міронава-«хлопотное дельце» і кіраўніцу «Фонду разьвіцьця Берасьцейскай крэпасьці»

абноўлена

Берасьцейская крэпасьць

Сілавікі штодня праводзяць ператрусы ў дамах грамадзян і ў грамадзкіх арганізацыях. Свабода сочыць за падзеямі.

Зноў трасуць «хлопотное дельце»

Сілавікі прыйшлі зь ператрусам да Сяргея Міронава, вядомага сваім мэмам пра страйк як «хлопотное дельце».

Пра гэта жыхары менскага мікрараёну Малінаўка паведамілі тэлеграм-каналу зьняволенага блогера Ігара Лосіка.

У кватэры Сяргея і яго маці ўжо неаднаразова ладзіліся ператрусы, яны абодва адбывалі адміністрацыйныя арышты. Прычына чарговага візыту пакуль што невядомая.

Прыйшлі да кіраўніцы «Фонду разьвіцьця Берасьцейскай крэпасьці»

У Берасьці праходзіць ператрус у Натальлі Зданевіч, якая ўзначальвае праекты «Фонду разьвіцьця Берасьцейскай крэпасьці», піша Эўрарадыё.

Фонд стварылі ў 2013 годзе. Грамадзкая арганізацыя аб’ядноўвае намаганьні міжнародных экспэртаў у галіне вывучэньня спадчыны Берасьця і Берасьцейскай фартэцыі, ініцыюе архіўныя дасьледаваньні, а таксама «спрыяе папулярызацыі гісторыі ў новых сучасных фарматах».

Пазьней дырэктарка Фонду развіцьця Берасцейскай крэпасьці Аліны Дзеравянка ў інтэрвію «​Белсату» зьняпраўдзіла інфармацыю пра ператрус ва ўстанове. Паводле яе, сілавікі прыйшлі да Натальлі Зданевіч дадому, але ператрусаў у офісе арганізацыі не было.

Аб 11-й гадзіне ператрус у Натальлі Зданевіч быў скончаны. Ён праходзіў у месцы рэгістрацыі актывісткі — у доме бацькоў. Самой яе там не было.

«Прыйшлі з КДБ а 6-й раніцы. Нічога не забралі. Глядзелі, якія кнігі стаяць», — паведаміла @euroradio Натальля Зданевіч.

З чым можа быць зьвязаны візыт сілавікоў, яна ня ведае. У офісе фонду, дзе яна працуе, ператрусу не было.

У Беларусі на мінулым тыдні несудовым чынам зьліквідавалі прынамсі 57 арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Геаграфія зьліквідаваных арганізацыяў ахоплівае практычна ўсю Беларусь, хоць асноўная маса дзейнасьці аб’ектыўна сканцэнтраваная ў Менску. Яшчэ каля 20 арганізацыяў ліквідуюць праз суды.

Ператрусы ў праціўнікаў Акумулятарнага заводу ў Берасьці

Да праціўнікаў працы акумулятарнага заводу ў Берасьці прыйшлі з ператрусамі. Пра гэта «Белсату» паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.

«Я думаю, гэта працяг зачысткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, ідзе запалохваньне людзей ва ўсіх сфэрах жыцьця», — сказаў ён.

Жыхары Берасьця некалькі гадоў пратэставалі супраць пабудовы акумулятарнага заводу, які ўлады, нягледзячы на супраціў, пабудавалі недалёка ад гораду. Затым людзі сталі апэляваць да таго, што праца заводу можа быць вельмі небясьпечнай з пункту гледжаньня шкодных адкідаў у паветра. Пасьля мінулай восені публічны пратэст улады здушылі, і запусьцілі працу заводу.

Прадпрыемства цяпер часткова належыць кіраўніку Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыю Баскаву.

«Так званыя ўлады лічаць пытаньне з заводам вырашаным і караюць тых, хто яго ўздымае», — дадаў Кісьляк.

Навагрудак

У Наваградку супрацоўнікі міліцыі прыйшлі зь ператрусам да мясцовай актывісткі Ірыны Трафімік. Жанчыну выманілі з хаты, адключыўшы сьвятло. Вобшук праводзілі людзі са зброяй, пры гэтым акрамя Ірыны ў хаце знаходзілася ейная маленькая дачка. Нібыта ператрус быў зьвязаны са справаю аб абразе судзьдзі Лобан, якая раней прысудзіла жанчыне штраф 100 базавых велічыняў, піша «Вясна».

Гомель

МУС у сваім тэлеграм-канале паведаміла пра затрыманьне 34-гадовага жыхара Гомля па крымінальнай справе аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). «У жніўні мінулага году мужчына стварыў у Telegram дэструктыўны чат, дзе абмяркоўваліся радыкальныя дзеяньні ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады», — піша МУС.

На мяжы затрымалі жыхара Горадні

41-гадовага жыхара Горадні, які ноччу 11 ліпеня на Кургане Славы ў абласным цэнтры замацаваў палатно бел-чырвона-белага колеру на дзяржаўным сьцягу, пры спробе выехаць зь Беларусі сёньня затрымалі беларускія памежнікі. Сьледчыя завялі на яго крымінальную справу за зьдзек зь дзяржаўным сьцяга Рэспублікі Беларусь, піша МУС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG