Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Помсьцяць за праўду аб катаваньнях». Суд у справе Мікалая Дзядка зацягваецца праз псыхоляга-лінгвістычную экспэртызу

абноўлена

Мікола Дзядок у залі суду. Менск, 29 чэрвеня.

У працэсе над актывістам анархісцкага руху Міколам Дзядком абвясьцілі перапынак.

6 ліпеня працягнуўся суд у крымінальнай справе супраць 32-гадовага палітзьняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Яго затрымалі 11 лістапада, моцна пабілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», судзьдзя Анастасія Папко прызначыла ў справе судовую псыхоляга-лінгвістычную экспэртызу, на якую адправіла каля 20 пастоў з тэлеграм-каналу «Мікола».

Усяго суд прызначыў для разгляду экспэртамі 17 допісаў Мікалая Дзядка. Сярод іх камэнтары анархіста пра блякаваньне дарог, пратэсты студэнтаў, «італьянскія страйкі» рабочых ды іншыя захады, якімі карысталіся і маглі б карыстацца пратэстоўцы. Перад экспэртамі суд паставіў задачу высьветліць, ці не заклікаў падсудны ў сваіх пастах да варажнечы і гвалту супраць сілавікоў і якой была сацыяльная скіраванасьць ягоных выказваньняў на канале.

Адвакат Мікалая Дзядка прапаноўваў даручыць экспэртызу незалежным адмыслоўцам-лінгвістам, але суд вырашыў, што разьбірацца з выказваньнямі будуць экспэрты Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Бацька Мікалая Аляксандар Дзядок мяркуе, што гэта, а таксама тое, як сфармуляваныя пытаньні да экспэртаў, сьведчыць пра намер прадставіць ягонага сына яшчэ больш небясьпечным злачынцам.

«Мяркую, гэта помста сыну за тое, што ён адважыўся і расказаў пра біцьцё і катаваньні пасьля затрыманьня, пра тое, як зь ім абыходзіліся ў ГУБАЗіКу. Яму загадвалі не расказваць пра тыя жудасныя падзеі, а ён не падпарадкаваўся, сказаў усю праўду, і за гэта яму цяпер помсьцяць. Хочуць выставіць яшчэ большым злачынцам, магчыма, падвесьці пад які іншы цяжкі артыкул, я гэтага не выключаю. Ва ўсякім разе, такое рашэньне суду аб экспэртызе дае падставы так меркаваць», — сказаў Дзядок-старэйшы.

На мінулым тыдні падчас допыту Мікалай Дзядок расказаў суду, як яго затрымлівалі ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну байцы САХР і супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле Мікалая Дзядка, яго білі, пырскалі ў твар газам, душылі, каб сказаў пароль ад тэлефонаў і кампутараў. Таксама Мікалай Дзядок расказаў, як яго катаваньнямі прымушалі даваць прызнаўчыя паказаньні.

На судзе Мікалай Дзядок віны не прызнаў. Анархіст паўтарыў тое, што казаў на сьледзтве: што ён не заклікаў да ўжываньня гвалту і не кіраваў пратэстамі, а толькі камэнтаваў дзеяньні пратэстоўцаў, якія, на ягоную думку, маюць права на пратэст супраць фальшаваньня выбараў і ўжываньня гвалту супраць мірных людзей. Таксама Мікалай Дзядок абверг абвінавачаньне ў захоўваньні «кактэйляў Молатава» на кватэры, якую арандаваў у пасёлку Сасновы. Паводле падсуднага, бутэлькі з гаручай вадкасьцю яму падкінулі міліцыянты.

У судзе пры вывучэньні рэчавых доказаў так і не паказалі тых бутэлек, якія, паводле сьледзтва, захоўваў Мікалай Дзядок. Суд абмежаваўся праглядам іх фатаздымкаў. Бацька Дзядка мяркуе, што гэта таксама паказьнік скіраванасьці працэсу.

«Скажу, што суд мае права абмежавацца праглядам і фатаздымкаў, тут парушэньня закону няма, доказы прадстаўляе бок абвінавачаньня. Але гаворка пра асноўныя рэчавыя доказы ў рэзананснай справе, калі суд удвая зацікаўлены ў тым, каб не ўзьнікала аніякіх сумненьняў. Таму суд мог запатрабаваць паказаць наяўныя рэчавыя доказы, каб была магчымасьць іх агледзець, нешта высьветліць у падсуднага. Але чамусьці суд гэтага не зрабіў. Для мяне як былога судзьдзі гэта шмат пра што сьведчыць», — сказаў Аляксандар Дзядок.

Паводле закону, на судовую экспэртызу даецца месяц.

У чым вінавацяць Дзядка?

Мікалая Дзядка вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак; незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.

Мікалаю Дзядку пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

У пачатку працэсу Мікалай Дзядок заявіў, што не прызнае віны ні па адным з артыкулаў. Палітвязень прасіў, каб да ягонай абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы дапусьцілі юрыста Аляксандра Дзядка, ягонага бацьку, але суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.

Мікалай Дзядок быў затрыманы ў верасьні 2020 году ў Асіповіцкім раёне, дзе жыў на арандаванай кватэры. На відэа, паказаным па затрыманьні дзяржаўнай тэлевізіяй, ён выглядаў моцна пабітым. Пазьней гэта пацьвердзіў Дзядок-старэйшы, які бачыўся з сынам у СІЗА. Таксама, паводле Аляксандра Дзядка, апэратыўнікі ўжывалі да ягонага сына электрычнасьць. Скарга Дзядка-старэйшага ў пракуратуру выніку не дала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG