Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што ня будзе сустракацца зь Зяленскім: «Кіраўніцтва сёньняшняй Украіны відавочна да нас непрыязнае»


Уладзімір Пуцін падчас «прамой лініі» 30 чэрвеня 2021 году

Пуцін падчас «прамой лініі» 30 чэрвеня заявіў, што ня будзе сустракацца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і лічыць, што «кіраўніцтва сёньняшняй Украіны відавочна да нас непрыязнае». «Пра што зь ім размаўляць?» — зазначыў ён.

«Я не лічу ўкраінцаў непрыязным народам, — заявіў ён. — Але кіраўніцтва сёньняшняй Украіны відавочна да нас непрыязнае. Інакш цяжка растлумачыць праект закону аб карэнных народах, які цяпер накіраваны ў Раду. У якім запісваюць расейцаў як некарэнны народ Украіны!»

«Спрадвеку там жылі расейцы, а яны абвяшчаюцца некарэнным народам! — заявіў Пуцін. — Яны ва Ўкраіне адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку. Выціскаюць расейскую мову з штодзённага жыцьця ва Ўкраіне. Ім трэба будзе зьяжджаць — а куды? Ці запісвацца нерасейцамі. Значыць, расейцаў будзе менш ва ўсім сьвеце. А гэта супастаўна наступствамі з ужываньнем зброі масавага паражэньня!»

«Усюды хапае вузкалобых нацыяналістаў. Яны дзейнічаюць ад чыстага сэрца, але не ад вялікага розуму», — заўважыў ён.

Ён асобна падкрэсьліў, што ня бачыць сэнсу сустракацца зь Зяленскім. Прэзыдэнт Украіны ў пачатку красавіка прапанаваў Пуціну сустрэцца «на Данбасе — у любым пункце, дзе ідзе вайна».

«Які сэнс сустракацца зь Зяленскім, калі ключавыя пытаньні жыцьцядзейнасьці Ўкраіны вырашаюцца ня ў Кіеве? Яны вырашаюцца ў Вашынгтоне, і часам у Бэрліне і Парыжы, — заўважыў ён. — І пра што зь ім размаўляць?»

Працягваючы тэму расейскага народу, Пуцін заявіў, што «расейскі народ заўсёды стараліся расьцягнуць і раздрабніць, гэтым займалася Польшча і потым Аўстра-Вугоршчына, а потым бальшавікі ўнесьлі сваю лепту, пачалі падзяляць вялікі рускі народ». Ён таксама заявіў, што напіша артыкул на гэтую тэму, таму што «людзі ня ведаюць гісторыі, жывуць у сваім сьвеце».

Пуцін 18-ы раз праводзіць «прамую лінію», звычайна яна доўжыцца 3-4 гадзіны. Летась падобнага «стэлефаноўваньня» не праводзілі з прычыны пандэміі каранавірусу, але сёлета палітык зноў вырашыў адказаць на пытаньні расейцаў. Лінія праводзіцца «без пасярэднікаў» у выглядзе журналістаў: пытаньні Пуціну можна было задаваць па тэлефоне ці праз аплікацыю для смартфонаў. Як расказаў перад прэс-канфэрэнцыяй прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, больш за ўсё расейцаў цікавіць сытуацыя вакол COVID-19 і вакцынацыі: ці будзе яна ў Расеі абавязковай, ці не.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG