Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 2 гады «хатняй хіміі» асудзілі жанчыну, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Касьянчык


Вольга Сінялёва і яе грудное дзіця

У Заводзкім раённым судзе Менску абвясьцілі вырак у крымінальнай справе супраць жанчыны, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора.

Судовыя слуханьні да прысуду праходзілі ў закрытым рэжыме. 33-гадовая Вольга Сінялёва, уладальніца менскай кватэры, прапанавала вядомай удзелам у палітычных прысудах Аліне Касьянчык зьехаць. Тая пагадзілася і, калі знайшла новае жыльлё, дамову на найманьне кватэры скасавалі па згодзе бакоў. Аднак затым супраць Вольгі пачалі крымінальную справу паводле 190-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Парушэньне раўнапраўя грамадзян»).

На абвяшчэньне прысуду Аліна Касьянчык не прыйшла.

«Шкада яе вельмі. Яна сваю бесьсьмяротную душу проста ўтоптвае», — сказала Вольга Сінялёва пра Касьянчык, якая праходзіць на судзе пацярпелай.

Жанчына да суду была пад падпіскай аб нявыезьдзе. 30 чэрвеня судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч вынесла вырак — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу, так званай «хатняй хіміі».

Ужо ў дзень першага пасяджэньня высьветлілася, што адваката Сінялёвай Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі.

Вольга Сінялёва — маці дваіх дзяцей, знаходзіцца ў водпуску для догляду дзіцяці, мае вышэйшую адукацыю, працуе праграмістам.

Аліна Касьянчык вядомая ўдзелам у працэсах у крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцай у справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «плошчы Пераменаў» асудзілі на 2 гады калёніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачваньне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG