Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні, зь якімі мы звыкліся


Сьляды зьбіцьця ў затрыманага ў Гомлі ў жніўні 2020 году. Сьледчы камітэт не завёў справаў супраць сілавікоў, якіх абвінавачвалі ў катаваньнях.

Пра масавыя катаваньні ў Беларусі мы загаварылі празь некалькі дзён пасьля выбараў — калі пачулі, як крычаць людзі на Акрэсьціна, і калі ўбачылі, у якім стане адтуль выходзяць (калі могуць самастойна ісьці). Вядома ж, катаваньні ў краіне прымяняліся і раней — напрыклад, з 2012 па 2015 год у розныя падразьдзяленьні Сьледчага камітэту паступіла 614 заяваў пра катаваньні (у выніку пачалі 10 крымінальных спраў). Але пасьля выбараў у 2020 годзе мы ўбачылі такія маштабы зьдзекаў, якія раней было немагчыма ўявіць.

26 чэрвеня ААН абвясьціла міжнародным днём у падтрымку ахвяраў катаваньняў. Цяпер гэта дзень падтрымкі ўсіх нас — тых, каго катавалі ўдарамі, сьпёкай і холадам, голадам і адсутнасьцю пітной вады, адсутнасьцю мэдычнай дапамогі, рэзкім кругласуткавым сьвятлом і гучным радыё па 16 гадзін у суткі, гукамі зьбіцьця іншых людзей, утрыманьнем у перапоўненых камэрах, заліваньнем камэры вадой з хлёркай і іншымі спосабамі. Гэта дзень падтрымкі тых, каго міліцыя катавала невядомасьцю, хлусячы гадзінамі і нават суткамі, быццам іх родных няма сярод затрыманых. Дзень падтрымкі тых, каго біцьцём, запалохваньнямі і шантажом вымушалі нагаворваць «прызнаньні» на камэру. Дзень падтрымкі тых, хто ўбачыў так званае інтэрвію з Раманам Пратасевічам на АНТ, і тых, хто вымушаны быў вырашаць, ці сыходзіць з прэс-канфэрэнцыі, на якую нечакана прывялі ўсё таго ж зьняволенага Пратасевіча.

Але каб атрымаць падтрымку і пачаць залечваць раны пасьля катаваньняў, трэба прынамсі прызнаць, што катаваньні былі. Я добра памятаю, як на сутках жанчыны адмаўляліся называць рэчы сваімі імёнамі і казалі пра камэру — «палата», а пра ІЧУ — «санаторый». Калі такі мэханізм спрацоўвае «ў працэсе», гэта можа быць нават карысна, але потым, калі ўсё скончылася, вельмі важна ўсё ж назваць усё тым, чым яно на самой справе было.

Беларусак і беларусаў масава катуюць, і чым далей, тым больш у нас падвышаецца талерантнасьць да пакутаў. Так арганізм адаптуецца да таго пекла, у якім даводзіцца жыць, але ж трэба хоць час ад часу прыбіраць мэханізмы псыхічнай самаабароны і глядзець на рэальнасьць «вачыма здаровага чалавека». Бо ў тым, каб звыкаць да катаваньняў, дакладна няма нічога здаровага.

А мы звыкаем і да катаваньняў, і да таго, як у цэлым усё мацней і мацней парушаюць нашыя правы. Калі ў верасьні мне прысудзілі сем сутак адміністратыўнага арышту, гэта было о-го-го злачынствам супраць свабоды прэсы! Цяпер жа, калі некага з калег затрымалі і ўсё абышлося адміністратыўнай справай, гэта нагода для сьвята. І гэта ненармальна.

Ненармальна было і радавацца таму, што Юліі Чарняўскай хай і прад’явілі нейкае абвінавачаньне ў справе tut.by, але не паслалі ў СІЗА, а пакінулі пад хатнім арыштам. Але шмат хто радаваўся, і я таксама! Бо інфармацыя пра хатні арышт зьявілася на трэці дзень пасьля таго, як Юлія проста зьнікла.

Нас катуюць, мы да гэтага звыкаем і ўвесь час прыніжаем свае пакуты параўнаньнем зь іншымі людзьмі, якім прыйшлося яшчэ горш. Здаецца, я толькі раз ці два чула, каб чалавек сказаў «так, мне вельмі моцна дасталася». Усе астатнія — незалежна ад колькасьці адседжаных дзён ці месяцаў і характару атрыманых траўмаў — кажуць, што ім, маўляў, яшчэ нармальна, яны ня тое каб па-сапраўднаму пацярпелі. Мая знаёмая, якая ўжо адседзела пяць адміністратыўных арыштаў за ўдзел у пратэстах, увогуле адмаўляецца лічыць сябе пацярпелай. І ніякія аргумэнты не дапамагаюць.

Мы — закатаваная нацыя, і я ня ведаю, колькі гадоў ці дзесяцігодзьдзяў нам давядзецца лекавацца пасьля гэтага ўсяго. Але дакладна ведаю, што, адмаўляючы рэальнасьць, мы зацягваем працэс і павялічваем пакуты.

Давайце вучыцца быць дабрэйшымі да сябе. Быць пацярпелымі ня сорамна. Саромецца мусяць тыя, хто нас катуе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG