Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго Расея ў Беларусі? Меркаваньне палітоляга


Ці азначаюць заявы Пуціна наконт Беларусі на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме зьмену палітыкі Масквы?

Чаму прэзыдэнт Расеі ня стаў выказваць сваю вэрсію інцыдэнту з пасадкай самалёту Ryanair і арыштам Пратасевіча і Сапегі?

Чаму прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў узяўся камэнтаваць заявы бізнэсоўца Мазепіна пра недатычнасьць да фінансаваньня беларускіх пратэстаў?

Ці зьяўляецца ўдзел у такіх палітычных праектах за мяжой крамлёўскім табу для расейскіх бізнэсоўцаў?

На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў.

Самарукаў

  • Варта ўлічыць, дзе былі зробленыя гэтыя заявы Пуціна.
  • Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум — гэта эўрапейская вітрына Расеі.
  • Мэтавая аўдыторыя форуму — тая частка Захаду, якая цікавіцца Расеяй.
  • Пуцін гаварыў менавіта для гэтай аўдыторыі — не для Лукашэнкі і не для беларускага ці расейскага грамадзтва.
Максім Самарукаў
Максім Самарукаў
  • І галоўны пасыл гэтых заяваў — ня трэба ўлазіць ва ўнутраныя справы дзяржаваў.
  • Яго маглі спытаць пра Таджыкістан, пра М'янму — адказ быў прыкладна такі самы.
  • Маўляў, калі нават Расея заяўляе, што яна хоча захоўваць нэўтралітэт адносна найбліжэйшага саюзьніка і брата, то Захад павінен быць стрыманым у 10 разоў больш.
  • Паводле Пуціна, у Захаду менш правоў займаць нейкі бок у беларускім канфлікце, чым у Расеі.
  • Тут Беларусь — гэта прыватны прыклад, сутнасьць адказу — што заходні інтэрвэнцыянізм — гэта кепска.
  • Паводле Пуціна, каштоўнасны кампанэнт зь міжнародных адносін павінен быць выключаны, бо каштоўнасьці ва ўсіх розныя.
  • Канкрэтныя дэталі падзеяў у Беларусі яго цікавяць вельмі мала.
  • Лукашэнка не прапанаваў пераканаўчай вэрсіі інцыдэнту з самалётам і арыштам Пратасевіча.
  • Але гэта яго праблема, Пуцін ня стаў «упрагацца» за яго ў гэтым пытаньні.
  • Пяскоў камэнтаваў тлумачэньне Мазепіна так, каб не сказаць зашмат.
  • Ён адказаў максымальна ўхіліста.
  • У адказе Пяскова ня трэба шукаць глыбокіх сэнсаў.
  • Што тычыцца Мазепіна, то даўно вядома, што ў яго адносіны з Лукашэнкам ня вельмі добрыя.
  • Яго адказ, яго заява гэта пацьвярджае.
  • Ён таксама сьведчыць пра тое, што чалавек вельмі добра ведае, у якой краіне ён жыве.
  • Напачатку ён кажа пра жахлівага Пратасевіча, які служыў у «нацысцкім» батальёне ў Данбасе, тым самым дэманструецца поўная ляяльнасьць расейскаму кіраўніцтву.
  • А далей ідзе тролінг Лукашэнкі з прыгадваньнем Ніка і Майка і справы «вагнэраўцаў».
  • Гэта дапушчальная ў Расеі крытыка Лукашэнкі.
  • Наколькі ён рэальна ўкладаўся ў тое, што ў Беларусі адбывалася да леташніх выбараў і пасьля іх — невядома.
  • Але я ня бачу прычынаў, дзеля якіх гэта абсалютна немагчыма.
  • Буйны бізнэс, нават на Захадзе, любіць інвэставаць ва ўсе партыі, якія прэтэндуюць на ўладу.
  • Чаму б Мазепіну было не зрабіць такія інвэстыцыі ў Беларусі?
  • Тым больш што там гіганцкіх інвэстыцыяў і не патрабавалася.
  • Але зразумела, што падзеі ў Беларусі адбыліся не таму, што Мазепін выдзеліў грошы.
  • Магчыма, Лукашэнку хочацца верыць, што прычына пратэстаў у грошах Мазепіна.
  • Але рэч жа ня ў гэтым.
  • У Расеі ёсьць такі від бізнэсу — палітычнае прадпрымальніцтва за мяжой.
  • Гэта калі буйныя бізнэсоўцы інвэстуюць у нейкія палітычныя праекты за мяжой на сваю рызыку.
  • Гэтая сыстэма дае Крамлю магчымасьць сказаць, што ён тут ні пры чым, што гэта прыватныя асобы ў нешта ўкладаліся.
  • Такія праекты ёсьць у Афрыцы, ёсьць на Бальканах.
  • Потым глядзяць на вынікі гэтага праекту, і бізнэсовец альбо атрымлівае па галаве, альбо ўзнагароду.
  • На гэтым зрабіў добрую кар’еру Яўген Прыгожын, які раней не ўваходзіў у блізкае атачэньне Пуціна.
  • Кепскія адносіны Мазепіна з Лукашэнкам сталі такімі задоўга да таго, як Расея пачала практыкаваць такое зьнешнепалітычнае прадпрымальніцтва.
  • Я ня думаю, што Крэмль гатовы абараняць рэжым Лукашэнкі любой цаной, і таму я ня думаю, што на інвэставаньне ў такія праекты ў Беларусі было ад Крамля строгае табу.

Што было раней

  • Беларускі бок і затрыманы ў Менску журналіст Раман Пратасевіч мусяць патлумачыць, каго яны мелі на ўвазе, кажучы пра фінансаваньне тэлеграм-каналу Nexta кампаніяй, зьвязанай з адным з расейскіх алігархаў, — заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
  • Затрыманы спэцслужбамі Раман Пратасевіч заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, што «зьвязаная з Уралам і горнай здабычай» кампанія расейскага алігарха рэгулярна пералічвала грашовыя сродкі тэлеграм-каналу Nexta.
  • Падазрэньне пала на генэральнага дырэктара прадпрыемстваў «Уралхим» і «Уралкалий» Дзьмітрыя Мазепіна. У адказ бізнэсовец заявіў, што ня мае дачыненьня да фінансаваньня Nexta.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG