Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У яго там дзяўчына», — «прызнаньні» Пратасевіча разьбірае былы вязень данецкай турмы, які прайшоў такі самы допыт перад тэлекамэрай


Раман Пратасевіч у эфіры АНТ

У 2019 годзе Станіслаў Асееў, украінскі журналіст, пісьменьнік, цяпер аналітык Украінскага інстытуту будучыні, прайшоў такі самы допыт пад тэлекамэрай, як і Раман Пратасевіч.

Асеева вывезьлі з турмы «Ізаляцыя» ў бібліятэку імя Крупскай, у самы цэнтар Данецку, зьнялі кайданкі і пачалі размову пра яго «шпіянаж». Насупраць сядзеў расейскі прапагандыст Аляксандар Сладкоў. Ён працуе ў Данецку да гэтага часу.

Праект «Донбасс. Реалии» запытаўся ў Станіслава Асеева пра яго ўражаньне ад відэа з Пратасевічам: як паводзяць сябе прапагандысты за кадрам? Чым Раману маглі пагражаць? Як чалавека рыхтуюць да такіх інтэрвію?

— Я фактычна глядзеў сябе ў люстэрку мінулага, гэта сапраўды вельмі нагадвае тое, што адбывалася са мной у «Сладкоў+». Але я ж даваў інтэрвію праз амаль паўтара года зьняволеньня, а па Пратасевічу відаць, што ён усё яшчэ ў стане шоку. Мы зусім ня ведаем, што зь яго целам — магчыма, пад кашуляй ён увесь сіні. Тыя невялікія сьляды на запясьці, якія ўдалося заўважыць, думаю, невялікая частка таго, што зь ім рабілі.

Але мне цалкам зразумела, якім чынам гэтага чалавека пасадзілі на гэтае крэсла. Яго ня трэба было катаваць. Відавочна, што ён праходзіў празь нейкую сыстэму фізычнага гвалту — былі гэта катаваньні і пабоі ці толькі пабоі — але арыштаваная яго дзяўчына. Увогуле на гэтым сканчаюцца ўсе пытаньні, таму што як толькі ў гэтую сыстэму трапляе хто-небудзь з вашых блізкіх — ці ёсьць пагроза, што ён трапіць, як было ў маім выпадку (мяне шантажавалі бясьпекай маёй маці), на гэтым усё і сканчаецца. Яго ня трэба катаваць, досыць паказаць яго дзяўчыну ў суседняй камэры і ў фарбах распавесьці, што цяпер зь ёй будуць рабіць на яго вачах.

— Ці патрабуюць ад закладніка дэманстраваць нейкія эмоцыі падчас такога інтэрвію? Бо ўсё зьнята вельмі драматургічна, з розных ракурсаў. Ці чалавека рэальна даводзяць да такога стану, што ён плача або сьмяецца?

— Што да апошняга эпізоду гэтага інтэрвію са сьлязьмі і паўгістэрыкай, то гэта цалкам рэальна: чалавек у крытычнай сытуацыі, і яго міміка, жэсты, гістэрычны, я б сказаў, выраз твару, калі ён спрабаваў сьмяяцца… усё гэта магло выліцца ў шчырыя сьлёзы, але яны абсалютна не зьвязаныя з тым, што ён кажа. Эмоцыі — гэта адно, а эмацыйны бок той формы, у якую ўбралі гэтае інтэрвію, — зусім іншае.

У маім выпадку такой драматургіі не было, мяне не прымушалі спэцыяльна паказваць на камэру якія-небудзь эмоцыі, ад мяне патрабавалася проста адказваць на пытаньні ў адпаведнасьці з тымі матэрыяламі, якія яны сфабрыкавалі, і я ішоў па гэтай лягічнай лініі.

— Наколькі падрабязна прагаворвалі зьмястоўную частку?

— Не прагаворвалі, мне загадзя сказалі, што калі мы прымусім цябе вывучыць тэкст, гэта заўсёды будзе відаць, нам важна, каб ты адказваў ад сябе, але ўсе пытаньні будуць зьвязаныя са «шпіянажам», і ты ня маеш права адступаць крок направа ці налева ад таго, што напісана ў тваёй «крымінальнай справе». То бок, калі цябе пытаюць, ці працаваў ты на выведку, натуральна, ты адказваеш «так».

— Як паводзіць сябе чалавек, які вядзе інтэрвію — у вашым выпадку гэта быў Аляксандар Сладкоў? Вядоўца выпраменьвае ўпэўненасьць, спрабуе ўзвысіцца над суразмоўцам, робіць драматычныя ўстаўкі. А што было за кадрам, ён гэтаксама сябе паводзіў?

— Была размова 5–7 хвілін да пачатку здымкаў. Калі казаць пра Сладкова, то чалавек перад камэрай і да камэры — гэта розныя людзі. Як толькі мы зайшлі ў бібліятэку Крупскай, ён павітаўся за руку, спытаў, ці патрэбна мне нейкая дапамога, і размова была не напружаная. Як толькі ўключылася камэра, ён пачаў адпрацоўваць задачы. Я не магу гаварыць пра журналіста, які браў інтэрвію ў Пратасевіча, але што тычыцца Сладкова, — думаю, ён верыў, што я «шпіён», таму што праверыць, рэальна гэта ці не, ён ня меў ніякай магчымасьці, і адпаведна ён да мяне ў кадры і ставіўся.

— Ці доўга вас угаворвалі на гэтае інтэрвію?

— Так, гэта доўжылася каля тыдня. Прыехалі опэры з так званай контравыведкі, завялі мяне ў суседнюю камэру — гэтыя тыя кадры, якія потым трапілі ў інтэрвію Сладкова, гэта была жаночая камэра, жанчын вывелі, і прымусілі зьесьці грачаную кашу, якую адмыслова для мяне зварылі, пагартаць на відэа кнігу, і калі я задаў пытаньне, для чаго — яны сказалі, гэта не твая справа. Я зьеў кашу, пагартаў на камэру кнігу і сказаў, што ніякіх інтэрвію даваць ня буду. З гэтага моманту кожны дзень да мяне пачаліся візыты, якія скончыліся тым, што мне нагадалі, што ў мяне тут маці, якую я магу бачыць у суседняй камэры. «Не забывай, што ў цябе тут маці», — гэта быў, вядома, ключавы аргумэнт. Таму я і кажу, што ў Пратасевіча там дзяўчына. На гэтым усё заканчваецца.

— Як вы лічыце, навошта беларускім уладам запісваць такое інтэрвію? Калі вас убачылі ў інтэрвію Сладкова, каштоўнасьць гэтага была ў тым, што вас убачылі жывым. Але для прапаганды каштоўнасьць гэтага сумнеўная. А што хоча паказаць Лукашэнка?

— У гэтым сэнсе мы з Пратасевічам у зусім розных сытуацыях. Маё інтэрвію было наступствам галадоўкі. Пра гэта сталі пісаць украінскія і заходнія СМІ, ім давялося паказаць, што я жывы і ў парадку (хоць пра галадоўку не было сказана ні слова ні мной, ні Сладковым).

У выпадку з Пратасевічам зразумела, што Лукашэнка ня мае наогул ніякага аўтарытэту, і ўсё гэта накіравана на людзей у Менску, якія ўчора глядзелі гэтую трансьляцыю, мэта — паказаць, што ёсьць унутраныя ворагі, зь якімі мы жорстка разьбіраемся. Гэта выключна для ўнутранага спажыўца.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG