Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва ByPol абвясьціла, што стварае падпольнае народнае апалчэньне


Пратэст 16 жніўня 2020 году ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Як гаворыцца ў адмысловым відэазвароце прадстаўнікоў ініцыятывы ByPol, кожная дзяржава ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы праводзіць мабілізацыю для барацьбы зь небясьпекай.

«Для аднаўленьня законнасьці і правапарадку, абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі сытуацыйна-аналітычны цэнтар рыхтуе мабілізацыйны плян „Перамога“, у якім мусіць узяць удзел кожны патрыёт сваёй Радзімы. Гаворка пра падпольнае народнае апалчэньне, якое будзе фармавацца паводле прынцыпу пастаноўкі на вайсковы ўлік. Пасьля ананімнай рэгістрацыі ў чат-робаце, база дадзеных якога захоўваецца на абароненых сэрвэрах, кожны, залежна ад магчымасьцяў і навыкаў, зойме месца ў арганізацыйна-штатнай структуры „Перамогi“. Калі структура будзе гатовая да выкананьня пастаўленых задач для мірнай перадачы ўлады народу, усе атрымаюць падрабязнае мабілізацыйнае прадпісаньне», — гаворыцца ў звароце ініцыятывы ByPol.

Дзеля таго, каб перамагчы, патрэбен кожны, хто здольны выканаць сваю ролю, адзначаюць у відэазвароце былы старшы пракурор Генэральнай паркуратуры Алег Талерчык і экс-начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Аляксандар Азараў.

Чым больш будзе сабрана сіл і сродкаў, тым бясьпечней і хутчэй зможа рэалізавацца плян, падсумоўваюць яны.

Сьвятлана Ціханоўская таксама падтрымала мабілізацыйны плян «Перамога».

«Я часта чую ад беларусаў: мы не зьбіраемся маўчаць і цярпець, гатовыя да актыўных дзеяньняў, але хочам ведаць, што будзем не адны. І гэта правільна. Усе мы памятаем, што бясьпека актыўных дзеяньняў расьце тады, калі расьце іх масавасьць», — адзначыла яна, выказаўшы спадзяванне, што гэты плян будзе адказам на самыя галоўныя запыты грамадзтва:

  • як вярнуцца на вуліцы масава
  • як мабілізаваць прафэсійныя ўменьні грамадзян
  • як зьберагчы рэсурсы, выкарыстоўваць іх эфэктыўна і ў патрэбны момант.

Ціханоўская нагадала, што арганізатары клапоцяцца пра ананімнасьць і бясьпеку: ня трэба пакідаць сваё імя і іншыя адчувальныя дадзеныя і наогул рабіць больш, на што чалавек гатовы. Галоўнае, даць зразумець астатнім, што вы не адны.

Мэта пляну «Перамога» — аднаўленьне законнасьці і правапарадку ў краіне шляхам арганізаванай і мірнай перадачы ўлады народу, падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале BYPOL, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, BYPOL рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Цяпер ініцыятыва аб’ядноўвае ня толькі былых, а і дзейных беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG