Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, пра што будзе гаварыць з Пуціным у Сочы


Аляксандар Лукашэнка ў Палаце прадстаўнікоў. Менск, 26 траўня 2021 году.

Перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы заплянаваныя на 28 траўня.

Пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы ў бліжэйшую пятніцу паведамілі ў Крамлі.

Расеі не патрэбен галаўны боль з уключэньнем Беларусі ў свой склад, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў.

«Глупства, калі сёньня хтосьці думае, што трэба нейкія землі далучыць да якой-небудзь дзяржавы, як часта нас палохаюць Расеяй. Ім такі галаўны боль не патрэбен. Гэта быў бы падарунак калектыўнаму Захаду, каб Расея ставіла сваёй мэтай уключыць Беларусь у свой склад. Часы памяняліся, сёньня іншыя падыходы», — цытуе яго БелТА.

Беларусь і Расея як дзьве суверэнныя, незалежныя дзяржавы здольныя выстраіць «такую магутную сыстэму ўзаемаадносін і адзінства, што гэта будзе магутней, чым сыстэма адзінства ў самой Расеі», працягнуў далей Лукашэнка.

«І мы гэтыя шляхам рухаемся. Лепшае бярэм у іх, чамусьці яны ў нас вучацца. Мы для Расеі такія ж каштоўныя, як Расея для нас», — падсумаваў ён.

Лукашэнка таксама расказаў пра парадак дня падчас ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным у Сочы.

«Ня буду называць канкрэтныя пытаньні, але гэта ў асноўным эканоміка. У сувязі з той сытуацыяй, якая складваецца вакол Беларусі і Расеі, як мы будзем рухацца далей. У ваенна-палітычных і іншых пытаньнях мы ўжо даўно дамовіліся і дзейнічаем».

Лукашэнка заявіў, што плянуе абмеркаваць з Пуціным сытуацыю з кампаніямі, якія трапілі пад санкцыі, у тым ліку продаж Беларусі нафты, паведамляе РИА «Новости».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG