Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыніцеся!» Лукашэнка, рэагуючы на авіяцыйны скандал, заявіў, што нядобразычліўцы перайшлі да ўдушэньня

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ў Палаце прадстаўнікоў. 26 траўня 2021 году.

Па яго словах, праціўнікі ўлады «пераступілі мноства чырвоных ліній». Таксама Лукашэнка выказаўся пра плянаваны рэфэрэндум і гібрыдную вайну.

26 траўня ў Авальнай залі будынку парлямэнту са зваротам выступіў Аляксандар Лукашэнка. Сход Палаты прадстаўнікоў, паводле анонсу дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1», плянаваўся ў форме «дыскусіі на злобу дня».

«Нядобразычліўцы Беларусі перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэньня»

Лукашэнка у прамове на гадзіну заявіў, што «нядобразычліўцы Беларусі перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэньня, звонку, ды і ўнутры краіны, зьмянілі мэтады атакі на дзяржаву. Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы здаровага сэнсу і чалавечай маралі».

«На працягу 2020 году на Беларусь рабіўся беспрэцэдэнтны ціск. Ніводная краіна ў свеце не сутыкалася з такім шматплянавым, шматузроўневым тэрорам. Чаму абрынуліся на Беларусь? Таму што не зрабіла, як усе, не прагнулася і не паддавалася статкаваму інстынкту, дзейнічала ў першую чаргу ў інтарэсах людзей, а не чыіхсьці глябальных фінансавых амбіцый», — сказаў Лукашэнка.

Самалёт з Раманам Пратасевічам на борце, лічыць Лукашэнка, неабходна было павярнуць у Менск.

«Самалёт павярнулі ля БелАЭС. А калі б раптам сыстэма бясьпекі АЭС была пераведзена ў рэжым поўнай баявой гатоўнасьці? Манэўр з разваротам выглядае нелягічна, да Вільні было 70 км, але пытаньне: чаму іншыя аэрапорты не прынялі самалёт?»

Ён заявіў, што самалёт адмовіліся прыняць у Варшаве, Львове і Кіеве. Аднак тамтэйшыя аэрапорты нічога не паведамлялі пра паступленьне да іх падобных прапаноў.

Насамрэч самалёту настойліва рэкамэндавалі зьмяніць курс на Менск яшчэ пад Лідай, адкуль да Астравецкай атамнай электрастанцыі каля 100 км.

Паводле ТГ-каналу «Пул первого», Лукашэнка заявіў, што

  • у выпадку з самалётам ён дзейнічаў законна, абараняючы людзей, па ўсіх міжнародных правілах;
  • што экіпаж раіўся з гаспадарамі самалёта і аэрапортам у Вільні, але прыняў рашэньне прызямліцца ў Менску;
  • што іншыя аэрапорты не прынялі самалёт;
  • што МіГ-29 не прымушаў да пасадкі, бо задача зьнішчальніка — забясьпечваць сувязь і выводзіць пасажырскі самалёт на пасадку ў выпадку крытычнай сытуацыі;
  • што экіпаж 7 гадзін з кімсьці стэлефаноўваўся і не хацеў ляцець.

Пры гэтым у сёньняшнім выступе Лукашэнкі прагучала інфармацыя, што паведамленьне пра бомбу на борце прыйшло са Швайцарыі, хаця напярэдадні дзяржаўныя СМІ паведамлялі пра пагрозы з боку ХАМАС і ліст ад палестынскага руху за вызваленьне на электронную пошту «некалькіх аэрапортаў», у тым ліку менскага. Сам рух ХАМАС, які ў шэрагу краін лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй, катэгарычна зьняпраўдзіў такую заяву уладаў Беларусі, заявіўшы, што ня дзейнічае такімі мэтадамі.

«Не пасьпеў самалёт сесьці ў Менску, як пасыпаліся напісаныя пад капірку абвінавачаньні з Захаду і забароны на палёты. Занадта ўжо хутка „зрэагавалі“», — сказаў Лукашэнка.

Пра пагрозы Расеі праз падзеі ў Беларусі

Таксама ён заявіў, што Беларусь зьяўляецца для заходніх краін толькі палігонам перад кідком на Ўсход.

«Гэта ўжо не інфармацыйная вайна, а гібрыдная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую. Яны ня могуць нам дараваць ані тратылу, ані манкуртаў, таму баяцца новых выкрыцьцяў у паказаньнях. [...] Адзін экстрэмісцкі канал ужо цалкам працуе супраць Расеі, паказаўшы сапраўдную мэту заходніх стратэгаў».

Пра новы фарпост Эўразіі

Таксама Лукашэнка паабяцаў жорстка рэагаваць на любыя санкцыі і правакацыі з боку Захаду. Ён і ягонае атачэньне ўжо «наеліся» канфліктамі і не зьбіраюцца «ладзіць бойку ў цэнтры Эўропы». Аднак на Захадзе «не пакідаюць іншага выбару».

Паводле Лукашэнкі, ад беларусаў патрабуецца толькі адно: правільнае разуменьне сытуацыі і адзінства ў грамадзтве.

Пракамэнтаваў Лукашэнка і $3 млрд даляраў, якія ня прыйдуць з Эўразьвязу з прычыны інцыдэнту з самалётам.

«Гэтыя тры мільярды пыляцца дзесьці на паліцы ўжо дзесяць гадоў, усё нам абяцаюць. Гэта ўсяго толькі траціна кошту атамнай станцыі. Узамен патрабуюць зьнішчэньня беларускай эканомікі. Сутнасьць рэформаў вы ведаеце. У выніку мы атрымаем разрабаваньне краіны, якая стане жабрацкай за суткі».

Прыкладам таго, як думае Лукашэнка, дарэчна назваць Украіну, зь якой нібыта «вывозяць эшалёнамі чарназём».

Згадаў Лукашэнка і неабходнасьць быць шматвэктарнай дзяржавай.

«Мы экспартаарыентаваная краіна, і нам дзявацца няма куды. Мы прадаем значна больш, чым спажываем з вырабленага. Эканоміка дыктуе нашу шматвэктарнасьць».

Але разам з гэтым ён заявіў, што Беларусь пры руплівай працы можа стаць фарпостам Эўразіі.

«Заменім Эўропу, што няўмольна старэе, Азіяй, якая імкліва расьце. Псыхалягічна наша грамадзтва гатова стаць новай Эўразіяй, яе фарпостам».

«Справядлівасьць на нашым баку, і адказваць усё адно давядзецца. Спыніцеся!»

Зьвяртаючыся да сусьветнай супольнасьці, ён сказаў, што няма сэнсу хістаць Беларусь:

«Мы павінны захаваць сваю краіну і перадаць сваім дзецям у нармальным стане. Час выбраў нас. Мы апынуліся на перадавой новай не халоднай, ужо ледзяной вайны. І выстаяць можа тая дзяржава, якая не паддасца гібрыднаму ціску. Зьвяртаюся да ўсёй сусьветнай супольнасці: няма сэнсу хістаць Беларусь!»

Таксама Лукашэнка перасьцярог заходнія краіны ад дзеяньняў супраць Беларусі.

«Гэта запісана ў ваенных дакумэнтах. Таму, перш чым бразгаць зброяй ля нашых межаў, трэба падумаць. Разумныя людзі разумеюць, што адбываецца. Тых, хто стаіць за правакацыяй, проста спытаю: няўжо вы не разумееце, якімі катастрафічнымі наступствамі гэта пагражае? Аддаяце вы сабе справаздачу ў сваіх дзеяньнях? Вы ж ведаеце, што справядлівасьць на нашым баку і адказваць усё адно давядзецца. Спыніцеся!»

Пра новую Канстытуцыю

Лукашэнка паабяцаў сваім выбарнікам, што рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі пройдзе на высокім узроўні — «дэмакратычна і адкрыта».

Пра дыпляматычны скандал з Латвіяй

Выказаўся ён і пра дыпляматычны скандал з Латвіяй, з узаемнай высылкай работнікаў амбасадаў. На яго думку, Беларусь зрабіла так, як робіць сувэрэнная дзяржава, прыняўшы рашэньне аб высылцы супрацоўнікаў латвійскай амбасады.

На сустрэчу ў Авальную залю запрасілі чыноўнікаў, праўладных палітолягаў, блогераў, сацыёлягаў, а таксама рэдактараў і журналістаў дзяржаўных выданьняў.

Напярэдадні Палата прадстаўнікоў прагаласавала за зварот да Лукашэнкі з прапановай аб’яднаць парлямэнцкія выбары зь мясцовымі і адкласьці іх да 2023 году.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.

  • Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча
    Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча

    20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG