Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычная сьмерць Лукашэнкі ад тысячы стратэгічных, палітычных парэзаў», — Натальля Каляда — пра падрыхтоўку да суду ў Гаазе


Лукашэнка з аўтаматам вітае АМАП каля палацу Незалежнасьці. 23 жніўня 2020. Ілюстрацыйнае фота.

Праграмная дырэктарка Creative Politics Hub, арт-дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатру Натальля Каляда выступіла сьведкай падчас папярэдняга разгляду дакумэнтаў і сьведчаньняў, каб распачаць у Міжнародным Крымінальным судзе крымінальны перасьлед па фактах злачынстваў кіраўніцтва Беларусі.

Матэрыялы сабралі і перадалі ад імя чатырох няўрадавых арганізацый: Міжнароднае партнэрства па правах чалавека (IPHR), Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, адвакацкая арганізацыя Global Diligence і арганізацыя Truth Hounds. Аснову дакумэнтаў склалі гісторыі пацярпелых беларусаў, якія вымушана выехалі з краіны пад ціскам уладаў.

Натальля Каляда расказала Свабодзе, на якім этапе цяпер гэтая ініцыятыва, якія мэханізмы могуць быць задзейнічаныя і на які міжнародны досьвед можна абапірацца ў такіх справах.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Асноўныя тэзісы Натальлі Каляды


Якая фармулёўка ў абвінавачаньня

— На гэтай сустрэчы прысутнічала міжнародная супольнасьць, палітыкі і дыпляматы і ўсе бакі, якія падаюць дакумэнты. У тым ліку брытанскія адвакаты Global Diligence, якія якраз і працавалі з паказаньнямі сьведак і ўсім тым, што пацьвярджае масавыя рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць свайго народу. Дакладная фармулёўка — гвалтоўная дэпартацыя і перасьлед, што зьяўляецца злачынствам супраць чалавечнасьці.

Для адкрыцьця дадзенай справы Міжнародным крымінальным судом нам нават ня трэба мець забойства. Мы кажам пры тысячы выпадкаў, пра тых людзей, якіх прымусілі пакінуць Беларусь рознымі спосабамі. (ціск на сям’ю праз пагрозы забраць дзяцей, прымусовыя арышты, пазбаўленьне працы). У дадзенай сытуацыі не абавязкова мець сам факт фізычнага гвалту.

Адкрытыя і закрытыя сьведкі

Натальля Каляда
Натальля Каляда

— Маё паказаньне як сьведкі — адно з многіх сотняў паказаньняў сьведак. Паводле правілаў Міжнароднага крымінальнага суду сьведкі могуць назаўсёды застацца ананімнымі, каб быць абароненымі. Я выступаю адкрытым сьведкам і гавару пра працягласьць рэпрэсій, пра тое, што гэта не пачалася толькі ў траўні 2020 году, працягнулася ў жніўні і працягваецца цяпер. У ліпені гэтага году будзе 27 гадоў, як гэта існуе. На жаль, я асабіста ня думаю, што ў ліпені адбудуцца зьмены. 27 гадоў ідзе чарада вялізарных рэпрэсій супраць свайго народу. Я расказвала, што адбывалася са мной у турме ў 2010 годзе, у якіх умовах нас утрымлівалі тады, пра пагрозы згвалтаваньня, які паступалі мне асабіста. Мне пашчасьціла і пашанцавала, што мяне не згвалтавалі. На жаль, многіх згвалтавалі, многіх катавалі, уключаючы кіруючых дырэктараў нашага тэатру. І тыя крыкі, якія яны чулі ў турме летась у жніўні, яны не забудуць да канца жыцьця. На падставе майго сьведчаньня можна падкрэсьліць працягласьць і так званы патэрн рэпрэсій на працягу многіх гадоў.

На якім этапе гэтая справа цяпер


— У дадзены момант мы знаходзімся на самым пачатку этапу. 19 траўня быў пададзены пакет дакумэнтаў, абмалёўваецца сытуацыя ў краіне (колькі арыштаў, колькі людзей прымусілі выехаць зь Беларусі з пэўных прычынаў перасьледу). Усё гэта грунтуецца на доказах, якія зьбіралі сьледчыя на месцы, сьледчыя, якія працуюць на грамадзянскую супольнасьць, падрыхтаваныя людзі, якія валодаюць гэтымі тэхнікамі. Цяпер гэта пайшло ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, і офіс пачынае разгляд, ці дастаткова ўсіх гэтых паказаньняў, што неабходна яшчэ зрабіць. Трэба разумець, што гэта самы пачатак.


Што неабходна зрабіць


— Неабходны неверагодны ціск, які павінны аказваць офіс Сьвятланы Ціханоўскай, НАК з Паўлам Латушкам, усе дэмакратычныя лідэры на ўрады суседніх краінаў — Літвы, Латвіі, Польшчы, і ня толькі на суседзяў, і на ўрад Нямеччыны... Паколькі гэтыя краіны падпісалі Рымскі статут, які не ратыфікавала Беларусь. Яны могуць падтрымаць і накіраваць гэтыя паказаньні ад сваіх краінаў, што паскорыць працэс, каб пракурор прыняў рашэньне разгледзець. Цяпер мы знаходзімся на этапе папярэдняга разгляду. Крымінальная справа яшчэ не адкрытая.

Ці «дастаткова забітых», каб адкрыць справу?


— Тут важная палітычная воля, найперш краінаў-суседзяў. Прааналізаваўшы ўсю сытуацыю са жніўня і тыя павольныя недастатковыя палітычныя крокі Эўразьвязу, ЗША, усіх дэмакратычных краінаў, я магу сказаць, што недастаткова дзеяньняў. Пакуль мы ўсе тонем у вялікай колькасьці словаў і знаходзімся ў сымбалічным статусе падтрымкі. У 1999 годзе, калі былі выкрадзеныя нашыя сябры, размаўляючы з ЭЗ, мы прасілі ўвесьці санкцыі, гаварылі, што гэта трэба тэрмінова рабіць, і тады нам адказвалі, што ў нас «недастаткова забітых». На сёньня ў Беларусі 35 тысяч арыштаваных, больш за 400 палітвязьняў, паводле розных дадзеных розная колькасьць забітых. І ўзьнікае пытаньне, ці дастаткова ўжо?

Палітычная воля


— На дадзены момант палітычная воля павінна быць стратэгічнай і сыстэмна, калі павінны ўводзіцца фінансавыя, эканамічныя санкцыі, і ў той жа час павінны падключыцца ўсе міжнародныя інстытуцыі, уключаючы Міжнародны крымінальны суд, каб была адкрытая гэта крымінальная справа. Гэтак жа павінна запусьціцца плятформа па міжнародным мэханізьме справаздачнасьці па ўсіх злачынствах.

Дэмакратычныя зьмены, якія павінны былі адбыцца ў жніўні, не адбыліся. І мы падышлі да моманту, калі існуе адзіны варыянт, каб спыніць усе рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта палітычная сьмерць Лукашэнкі ад тысячы маленькіх стратэгічных, палітычных парэзаў.

Будынак Міжнароднага Крымінальнага суду
Будынак Міжнароднага Крымінальнага суду

Міжнародны крымінальны суд — гэта ня самая простая сыстэма, гэта вельмі складаная сыстэма, і калі запускаецца такая крымінальная справа, гэта патрабуе мільёнаў даляраў расходаў.


Якія былі прэцэдэнты


— У 2019 годзе суд у Гаазе пагадзіўся на ўзбуджэньне крымінальнай справы па злачынствах у дачыненьні да мусульман-рахінджа з Мʼянмы, якія масава, да мільёна чалавек, уцякалі ў суседні Банглядэш. Мʼянма таксама не падпадала пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, але было прынята прэцэдэнтнае рашэньне аб тым, што разглядацца гэты кейс будзе, паколькі ўлады Банглядэш ратыфікавалі Рымскі статут у 2010 годзе, і на гэтай падставе судзьдзі МКС палічылі, што крымінальная справа таксама падпадае пад яго юрысдыкцыю.

Ёсьць адсылка да суданскага выпадку, калі на арышт Аль-Башыра ў 2009–2010-м выдаў пастанову Міжнародны крымінальны суд. І толькі ў 2019-м рэвалюцыя яго «дагнала», цяпер ідуць мірныя перамовы паміж пераходным урадам пра адкрыцьцё свайго суду ўнутры краіны, і ідуць перамовы, каб яго ўсё ж перадаць у суд у Гаагу. Розныя канцэпцыі і мэтодыкі трэба дэталёва вывучаць дзеля працы па Беларусі.

Які досьвед у адвакатаў, якія вядуць беларускую справу


— Цяпер удзельнічаюць адны з найлепшых брытанскіх адвакатаў, якія займаліся выпадкамі ў Судане і Мʼянме, якія займаюцца судом па Ўкраіне і па Грузіі. Гэта неверагодная экспэртыза, якая знаходзіцца на беларускім баку. Адвакаты будуць весьці сурʼёзную працу, каб справа была адкрыта. Яны прадставілі ўсе неабходныя пацьверджаньні пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі і пра тое, колькі людзей змусілі пакінуць краіну. Працуюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія грунтуюцца на працы беларускіх праваабаронцаў. У працу ўключана вялізарная колькасьць людзей. Што ня ўключана яшчэ — краіны-суседзі. І наша задача пераканаць іх узяць на сябе гэтую адказнасьць і падаць гэтыя справы ў Міжнародны крымінальны суд.


Разгляд у Міжнародным крымінальным судзе — ня хуткая справа


— Мы павінны быць рэалістамі. Міжнародны крымінальны суд — ня хуткая справа. Гэта можа зацягнуцца на вялікую колькасьць гадоў. Да слуханьняў пройдзе кавалак часу. Мы б хацелі, каб гэта было заўтра, бо ёсьць пацьверджаньні ўсіх рэпрэсій. Гэта рашэньне офіса пракурора — якая колькасьць людзей павінна паўстаць перад судом на падставе ўсіх прадстаўленых паказаньняў. І другое — хто ў дасяжнасьці для арышту. Калі адбываюцца дэмакратычныя перамены, і ўсе, хто знаходзіцца ў краіне, паўстануць перад судом, то новая дэмакратычная ўлада вырашыць, ці судзіць на месцы, ці перадаваць Міжнароднаму крымінальнаму суду. Пэўная людзі перамяшчаюцца па сьвеце, і іх могуць затрымаць у любым пункце сьвету і перадаць у Гаагу.

Дэтальна пра сутнасьць і шанцы распачаць крымінальную справу ў Гаазе супраць кіраўніцтва Беларусі распавёў у сваім тэлеграм-канале Мікалай Халезін, муж і паплечнік Натальлі Каляды ў Creative Politics Hub і Беларускім Свабодным тэатры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG