Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крыж на Tut.by ставіць рана». Дыскусія экспэртаў


Якія наступствы для эканомікі Беларусі будзе мець справа Tut.by? Якія партал мае магчымасьці для выжываньня?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць ІТ-прадпрымальнік, сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў і мэдыяэскпэрт Павал Быкоўскі.

Баграцоў

  • Лёгіку ў казуістычных абвінавачаньнях у адрас Tut.by знайсьці можна, здаровага сэнсу мы ў іх ня знойдзем.
  • Калі б я працаваў у Камітэце дзяржкантролю, я б падумаў, што нехта наносіць шкоду інтарэсам краіны.
  • Tut.by засьвяціўся дзякуючы сваёй рэпутацыйнай палітыцы, і ПВТ тут ні пры чым.
Максім Баграцоў
Максім Баграцоў
  • Напэўна, вырашылі, што эканоміка — гэта зручны спосаб зрабіць больш балюча і пасадзіць як мага болей людзей.
  • Тым самым наносіцца ўдар курыцы, якая нясе залатыя яйкі, якую і так абскублі і пабілі.
  • Паралельна эканамісты камэнтуюць спробы разьмясьціць пазыку ў Расеі.
  • Каб нехта купляў дзяржаўныя аблігацыі, ён павінен бачыць эканоміку, якая разьвіваецца.
  • Крытэры гэтага — разьвіцьцё прадпрымальніцтва, свабода эканомікі зразумелыя правілы.
  • Гэта тычыцца і расейскіх інвэстараў, інвэстары ж усе аднолькавыя.
  • Атака на Tut.by была на другі дзень пасьля ўгодкаў сьмерці Юрыя Зісера.
  • Мне давялося папрацаваць зь ім у 1995 годзе.
  • Ён адзін зь нешматлікіх людзей, якія страцілі амаль усё, але паўсталі, як фэнікс з попелу.
  • І так ён стварыў Tut.by.
  • Калі нечы ўнёсак і заслужыў права карыстацца льготамі ПВТ пажыцьцёва, дык гэта, зразумела, Tut.by.
  • Такі самы ўнёсак у разьвіцьцё ІТ у Беларусі, як Зісер, зрабілі хіба яшчэ пару чалавек.
  • У сьвеце ёсьць шмат прыкладаў, калі брэнд ня здраджваў сваёй аўдыторыі і сваім прынцыпам, аўдыторыя таксама захоўвала вернасьць гэтаму брэнду.
  • У 1995 годзе можна было не дапусьціць газэту ў друкарню, і яна не трапляла да чытача.
  • Цяпер гэта немагчыма зрабіць тэхнічна.
  • У Беларусі няма рэсурсаў, каб абмежаваць інтэрнэт так, як у Кітаі; мяркую, што нават у Расеі іх ня хопіць.
  • Можна толькі адключыць ад інтэрнэту ўсю краіну, як у Паўночнай Карэі.

Быкоўскі

  • Да гэтага часу Tut.by ахопліваў прыкладна палову аўдыторыі Беларусі.
  • Калі заблякаваны асноўны канал, то частка аўдыторыі страціцца.
  • Калі былі выпадкі блякаваньня сайту парталу, вырасла яго аўдыторыя ў ФБ.
  • Калі ў жніўні 2020 году былі праблемы з доступам у інтэрнэт, быў рост папулярнасьці альтэрнатыўных інфармацыйных пляцовак, у тым ліку і ў Tut.by.
Павал Быкоўскі
Павал Быкоўскі
  • Больш складанае пытаньне — зь фінансамі.
  • Партал сам зарабляў грошы, і яму будзе складана.
  • Рэклямадаўцы спадзяваліся, што іх рэкляму ўбачыць трохмільённая аўдыторыя сайту Tut.by, а не аўдыторыя розных плятформаў.
  • Рэдакцыя парталу — адна з самых прафэсійных у краіне.
  • Крыж на Tut.by ставіць рана.
  • Іншае пытаньне, што партал будзе мяняцца.
  • Думаю, што публіцыстыкі на партале цяпер стане больш.
  • Ня думаю, што крамлёўскія праекты здольныя перахапіць аўдыторыю Tut.by.
  • Цяпер існуе прорва паміж аб’ёмам аўдыторыі Tut.by і абʼёмамі аўдыторыі ўсіх астатніх рэсурсаў.
  • У гіпатэтычным варыянце спыненьня працы парталу яго аўдыторыя разьмяркуецца паміж асноўнымі гульцамі.
  • Нешта можа дастацца і крамлёўскім праектам, але няшмат.
  • «Спутник» можа павялічыць аўдыторыю.
  • Тут як на выбарах: калі кандыдат здымаецца з гонкі, ён ня можа загадаць сваім выбарнікам, за каго ім галасаваць.

Што было напярэдадні

  • Учора ў офісе Tut.by і ў кватэрах кіраўнікоў выданьня прайшлі ператрусы. Больш за 10 чалавек затрымалі, завялі крымінальную справу.
  • Учора сілавікі прыходзілі таксама ў офісы асацыяваных з Tut.by кампаній Hoster.by і Av.by.
  • На службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
  • Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайту Tut.by, спасылаючыся на тое, што Генпракуратура выявіла факты парушэньняў закону «Аб СМІ» ў частцы разьмяшчэньня ў публікацыях забароненай інфармацыі, у прыватнасьці незарэгістраванага фонду BYSOL.
  • Абмежаваны доступ і да іншых інтэрнэт-рэсурсаў Tut.by, уключаючы пошту mail.tut.bу і праект для збору грошай на лячэньне help.blog.tut.by.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG