Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020 год — што гэта было? Дыскусія аналітыкаў


Менск, 16 жніўня 2020

15 траўня 2020 году быў апошні дзень падачы заяваў у ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Ці было перадвызначаным тое, што адбылося потым у Беларусі? Як зьмянілася Беларусь за гэты год? Ці засьведчылі падзеі мінулага году раскол у беларускім грамадзтве?

Пра гэта ў «Праскім акцэнце» спрачаюцца палітолягі Тацяна Чуліцкая і Вячаслаў Бабровіч і шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.

Бабровіч

  • Я рады таму, што не было грамадзянскай вайны
  • Але тое, што я раней пісаў пра канфлікт, пра «халодную грамадзянскую вайну», я ўбачыў падчас пратэстаў больш выразна
  • Тады па днях было бачна, як нарастае антаганізм
  • Незадавальненьне, якое назапашвалася доўгія гады, вылілася вонкі
Вячаслаў Бабровіч
Вячаслаў Бабровіч
  • Калі я пішу пра грамадзянскую вайну, гэта ня значыць, што яна вось-вось пачнецца
  • І пішу пра тое, што такая небясьпека ёсьць
  • Яна не пачалася найперш таму, што сыстэма паказала сябе даволі моцнай
  • Грамадзянскія войны адбываюцца тады, калі ўлада аслабела, калі ў людзей улады ўзьнікаюць сумневы, на чыім баку быць
  • Тады сілы робяцца прыкладна роўнымі
  • На працягу мінулага году яны не былі роўнымі
  • У інфармацыйным сэнсе перавага была на баку пратэстоўцаў, але ў сэнсе рэсурсаў роўнасьці сілаў не было
  • Дзяржаўная прапаганда ўзяла на ўзбраеньне тэзу пра грамадзянскую вайну, пра яе пагрозу
  • Мае апазыцыйныя калегі не ўсьведамляюць небясьпекі гэтага, хоць яна існуе
  • Раскол у грамадзтве ёсьць. Пытаньне, ці можна яго пераадолець без грамадзянскай вайны
  • Калі ў выпадку прыходу да ўлады мы будем рабіць, што лічым патрэбным, не зважаючы на іншых, лічачы што расколу няма, якраз тады грамадзянская вайна можа і здарыцца
  • Я прад’яўляю прэтэнзіі тым, хто лічыць сябе больш прагрэсіўнай сілай
  • Калі ўлада сёньня не прызнае неабходнасьці дыялёгу, то гэта таму, што цяпер такія суадносіны сілаў
  • Калі гэтыя суадносіны стануць іншымі, яна будзе вымушаная пайсьці на дыялёг
  • Прыхільнікі ўлады небясьпеку грамадзянскай вайны ўсьведамляюць значна лепш, яны ўпэўненыя, што ёсьць дзьве Беларусі
  • Падзел не паводле пытаньня аб незалежнасьці. Калі глядзець так, то другую частку, якая супраць незалежнасьці, слухаць ня трэба
  • Абедзьве Беларусі — за незалежнасьць, але разумеюць яе па-рознаму
  • Сталеньне непазьбежнае для ўсіх, хто ня хоча застацца ў дзяцінстве назаўжды
  • Сталеньне — гэта часам балючы працэс, гэта ацьверазеньне
  • Тыя, хто гаварыў пра Плошчу ў 2006 і 2010 гадах, — гэта была невялікая частка грамадзтва, асноўная маса насельніцтва ў гэта ня верыла

Дынько

  • Я нязгодны з мэтафарай грамадзянскай вайны
  • Напружаньне ў беларускім грамадзтве і цяпер не дайшло да стадыі, калі б вялікая колькасьць людзей выкарыстоўвала гвалт супраць сваіх палітычных праціўнікаў
  • Улады часам падаюць сытуацыю так, што нібыта ідзе тэрарыстычная барацьба супраць улады
  • За ўвесь час канфлікту ніводзін беларускі сілавік не загінуў і ня быў паранены агнястрэльнай зброяй
Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
  • Што да «3% за Лукашэнку», то я хачу прыгадаць досьвед першых свабодных выбараў у былых савецкіх сатэлітах — у ГДР і ў Чэхаславаччыне
  • Там, здавалася б, ранейшы рэжым быў цалкам дыскрэдытаваны, апазыцыя моцная і сыстэма сканала
  • У ГДР яны ўжо ўступілі ў ФРГ
  • Але ў абедзьвюх краінах партыі былога рэжыму — Партыя дэмакратычнага сацыялізму і камуністычная партыя Чэхаславаччыны — атрымалі 15–20%
  • І гэта натуральна — значная частка грамадзтва тых краінаў была ўплеценая ў сыстэму: супрацоўнікі спэцслужбаў, часткі дзяржаўнага апарату
  • Там крах сыстэмы быў відавочны, тым ня менш — 15–20%
  • У нас крах сыстэмы відавочны для нас з вамі, гэта пытаньне часу, але для многіх ён невідавочны
  • Пры дэмакратыі няважна, за цябе 3% ці 49%, але калі за цябе не прагаласавала 50%, ты мусіш сысьці
  • Каштоўнасны раскол — гэта цяжкое пытаньне для Беларусі
  • У нас дзьве нацыі ў адной дзяржаве
  • Ёсьць людзі, якія не прымаюць Беларусі як дзяржавы, якія хочуць, каб яна была Расеяй
  • Побач ёсьць Расея, якая таго ж хоча
  • Над пераадоленьнем гэтага расколу трэба працаваць і інтэлектуалам, і журналістам, і чыноўнікам
  • Як можна шкадаваць аб непазьбежным? Тое, што адбылося летась, не магло ня здарыцца
  • Розьніца паміж тым, што было і што стала, невялікая
  • Людзей і раней і катавалі, і арыштоўвалі, можа не ў такой колькасьці, як цяпер
  • Новага з боку дыктатуры няма
  • Ад жорсткай дыктатуры нельга пазбавіцца overnight
  • Некаторыя людзі недаацэньвалі той рэжым, пры якім мы жывём
  • Беларусь паводле міжнародных рэйтынгаў даўно ператварылася ў адзін з самых рэпрэсіўных рэжымаў

Чуліцкая

  • За гэты год адбылася дывэрсыфікацыя палітычнага і грамадзкага поля
  • Я б казала не пра рэвалюцыю, а пра палітычны крызіс, які нікуды не падзеўся
  • З канца 90-х гадоў да 2020 году беларускае грамадзтва было дэпалітызаванае
  • Год таму ў беларускую палітыку прыйшлі масы
Тацяна Чуліцкая
Тацяна Чуліцкая
  • Мяркую, што гэта будзе вызначаць і далейшае разьвіцьцё Беларусі
  • Зараз людзі не выходзяць на пратэсты, але яны не вярнуліся ў той стан, які быў да выбараў
  • Раскол у грамадзтве — не наконт таго, уваходзіць ці не ў Расею
  • Толькі невялікая частка грамадзтва хацела б, каб Беларусь была ў Расеі
  • Асноўны раскол — адносна дзейнай улады, адносна Аляксандра Лукашэнкі
  • Ён насамрэч — наконт дэмакратыі, наконт выбараў, наконт магчымасьці зьмены ўлады праз выбары
  • Складанае пытаньне, што будуць рабіць людзі, якія хочуць стабільнасьці, у выпадку зьмены ўлады
  • Зараз цяжка сказаць, варта ці ня варта было тое, што адбылося летась
  • Гэта было непазьбежна
  • Рэпрэсіі закранулі людзей, якія раней нават не ўяўлялі, што такое магчыма
  • Я ніколі ня думала, што рэжым Лукашэнкі здольны эвалюцыянаваць у бок большай дэмакратычнасьці
  • На жаль, калі Лукашэнка захаваецца, то мы і працягнем жыць ва ўмовах ваганьняў ад большай да меншай рэпрэсіўнасьці

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG