Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаў бязь вестак, арыштаваны КДБ, уцёк у Латвію. Што стала з былымі паплечнікамі Лукашэнкі, якія перайшлі на другі бок


Пераход у адкрытую апазыцыю да дзейнага кіраўніка дзяржавы часта прыносіць праблемы.

Свабода сабрала гісторыі некалькіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія спачатку былі ва ўладзе, а потым па розных прычынах перайшлі на другі бок барыкадаў.

Аляксандар Фядута

У 1994 годзе — адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Лукашэнкі, пасьля ягонай перамогі на выбарах — начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта.

Цяпер — вязень СІЗА КДБ, абвінавачаны ў змове альбо іншых дзеяньнях, скіраваных на захоп улады.

У грамадзкую дзейнасьць і палітыку гарадзенец Аляксандар Фядута прыйшоў яшчэ ў савецкі час. У 1990 годзе ён узначаліў беларускае аддзяленьне савецкага камсамолу, у 1991-м стаў кіраваць новаствораным саюзам моладзі Беларусі. У 1994 годзе стаў адным з кіраўнікоў выбарчага штабу Лукашэнкі. Самому Фядуту тады было толькі 30 гадоў.

Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах Аляксандар Фядута ўзначаліў упраўленьне грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта і амаль адразу ж стаў фігурантам гучнага скандалу. Справа была зьвязаная з дакладам апазыцыйнага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Антончыка, у якім дэпутат раскрываў карупцыйныя схемы ў атачэньні Лукашэнкі. Цэнтральныя выданьні вырашылі перадрукаваць тэкст дакладу, аднак усе яны на наступны дзень выйшлі зь белымі плямамі на старонках. Адказнасьць за забарону друкаваць скандальны матэрыял узяў на сябе Фядута. Супраць Сяргея Антончыка неўзабаве завялі крымінальную справу.

Ужо ў 1995 годзе Фядуту звольнілі з Адміністрацыі, ён пачаў займацца журналістыкай і навуковай дзейнасьцю, працаваў у шэрагу недзяржаўных выданьняў. У 2005 годзе стаў аўтарам першай палітычнай біяграфіі Лукашэнкі, якая так і называлася — «Лукашэнка. Палітычная біяграфія». У гэтай кнізе Фядута расказвае аб прычынах прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады і падрабязна характарызуе ягоную асобу як палітыка і чалавека.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Аляксандар Фядута стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» і выбарчага штабу Ўладзімера Някляева. Вельмі скептычна ацэньваў магчымасьць рэпрэсій у дачыненьні да яго асобы, але быў арыштаваны ў першую ж ноч пасьля выбараў і трапіў у СІЗА КДБ. За кратамі Аляксандар Фядута заставаўся 3,5 месяца, яму прысудзілі два гады пазбаўленьня волі ўмоўна паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Другі раз у СІЗА КДБ Аляксандар Фядута трапіў 12 красавіка 2021 году. Актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2020 году ён ня браў, аднак быў абвінавачаны ў змове, зьвязанай з захопам улады. У «Амэрыканцы» 56-гадовы Фядута знаходзіцца і сёньня.

Віктар Ганчар

У 1994 годзе — адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Лукашэнкі, пасьля яго перамогі на выбарах прызначаны на пасаду віцэ-прэм’ера.

Цяпер лічыцца зьніклым бязь вестак.

Як і Аляксандар Фядута, у палітыку Віктар Ганчар прыйшоў задоўга да супрацы з Лукашэнкам. 3 траўня 1991 году яго прызначылі на пасаду намесьніка кіраўніка Маладачанскага гарвыканкаму. Ганчар таксама быў дэпутатам 12 і 13-га скліканьняў Вярхоўнага Савету. У 1994 годзе спрабаваў увайсьці ў склад Вярхоўнага суду, аднак яго кандыдатуру адхілілі. У выніку Віктар Ганчар пайшоў працаваць у каманду маладога кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Неўзабаве пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах Віктар Ганчар атрымаў пасаду віцэ-прэм’ера, аднак амаль адразу ж яе пазбавіўся. Дэпутат парлямэнту ад БНФ Сяргей Навумчык успамінаў, што гэта магло быць зьвязана з прэзыдэнцкімі амбіцыямі самога Ганчара, які разьлічваў на хуткую адстаўку Лукашэнкі ў выніку імпічмэнту. Ганчар пайшоў у адкрытую апазыцыю да Лукашэнкі, уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, затым узначаліў Цэнтральную выбарчую камісію. Адмовіўся прызнаць вынікі рэфэрэндуму 1996 году і быў зьняты з пасады ўказам Лукашэнкі, насуперак Канстытуцыі. Замест Віктара Ганчара ЦВК узначаліла Лідзія Ярмошына, якая кіруе ёй дагэтуль.

Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар прапаў пры нявысьветленых абставінах. У 2002 годзе суд Савецкага раёну Менску прызнаў палітыка зьніклым бяз вестак. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён мог стаць ахвярай так званага «эскадрону сьмерці». Лёс палітыка застаецца невядомым дагэтуль.

Юры Захаранка

У 1994 годзе — адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі, пасьля яго перамогі прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі.

Цяпер — зьніклы бязь вестак.

У адрозьненьне ад Фядуты і Ганчара, Юры Захаранка да 1994 году ў палітыцы не ўдзельнічаў. Ён узначальваў розныя міліцэйскія структуры. З 1992-га па 1994 год, напрыклад, кіраваў Сьледчым упраўленьнем МУС (аналяг сучаснага Сьледчага камітэту). Пасьля перамогі Лукашэнкі Юры Захаранка прагназавана ўзначаліў Міністэрства ўнутраных справаў, яшчэ празь месяц Лукашэнка прысвоіў свайму паплечніку званьне генэрал-маёра.

У 1995 годзе Юры Захаранка працягваў падтрымліваць кіраўніка дзяржавы. У красавіку у парлямэнце супрацоўнікі міліцыі пабілі дэпутатаў, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму, пазьней у тым жа годзе сілавікі жорстка разагналі пратэст рабочых мэтрапалітэну.

Пераход Захаранкі ў апазыцыю да Лукашэнкі быў зьвязаны зь яго канфліктам з кіраўніком Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Іванам Ціцянковым. А таксама з кадравымі рашэньнямі Лукашэнкі ў сыстэме МУС і КДБ. Пасады міністра Юры Захаранка пазбавіўся ў канцы 1995-га, пасьля чаго адразу перайшоў у АГП і заняўся стварэньнем Саюзу афіцэраў. Удзельнічаў ва ўсіх буйных акцыях апазыцыі таго часу.

Прапаў Юры Захаранка 7 траўня 1999 году. У 2003 годзе менская пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы аб ягоным зьнікненьні, лёс Захаранкі застаецца невядомым дагэтуль.

У канцы 2019 году «Нямецкая хваля» апублікавала прызнаньні былога спэцназаўца Юрыя Гараўскага, у якіх ён расказвае пра свой удзел у забойстве Юрыя Захаранкі. Па словах Гараўскага, былога міністра ўнутраных спраў затрымалі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня на вусны загад Дзьмітрыя Паўлічэнкі, пасьля чаго вывезьлі ў лес непадалёк ад вёскі Валоўшчына ля Менску і расстралялі. Страляў у Захаранку, па словах Гараўскага, асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Неўзабаве пасьля публікацыі «Нямецкай хвалі» Сьледчы камітэт паведаміў аб праверцы новай інфармацыі аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі. Яе вынікі невядомыя.

Аляксандар Казулін

У 1996 годзе стаў рэктарам БДУ, зьяўляўся старшынёй Рады рэктараў ВНУ Беларусі, з 1998 па 2000 год уваходзіў у склад Савету Міністраў.

Цяпер — экс-палітвязень, актыўнай грамадзкай дзейнасьцю не займаецца.

Казулін, у адрозьненьне ад Фядуты, Ганчара і Захаранкі, ніколі не працаваў непасрэдна ў камандзе Лукашэнкі. Разам з тым менавіта пасьля яго прыходу да ўлады кар’ера Аляксандра Казуліна пайшла ўгору. Ён стаў рэктарам, затым увайшоў у склад ураду (на той час рэктар БДУ у Беларусі меў асаблівы статус, які фактычна прыраўноўваўся да пасады міністра). Яшчэ ў кастрычніку 1994 году Лукашэнка асабіста падпісаў указ № 140 аб прызначэньні Казуліна намесьнікам міністра адукацыі і навукі.

Пераломным момантам для Аляксандра Казуліна сталі выбары 2001 году, на якіх Лукашэнку падтрымалі толькі прыкладна 20% студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ. Ужо праз тры тыдні пасьля выбараў Лукашэнка падпісаў указ, які зьнішчаў самастойнасьць БДУ і падпарадкоўваў яго Міністэрству адукацыі. Пасады рэктара Аляксандар Казулін пазбавіўся ў 2003 годзе.

Пераход былога рэктара галоўнага ВНУ краіны ў адкрытую апазыцыю адбыўся нечакана і імкліва. У кастрычніку 2005 году ён узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, у сьнежні быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты. 2 сакавіка 2006 году Аляксандар Казулін паспрабаваў прарвацца на «ўсебеларускі сход», але быў пабіты ў фае Дзьмітрыем Паўлічэнкам і Мікалаем Карпянковым.

25 сакавіка 2006 году Казулін заклікаў тысячы ўдзельнікаў пратэсту ісьці маршам да турмы на Акрэсьціна. Акцыю разагналі, шмат каго з пратэстоўцаў затрымалі, у тым ліку самога Аляксандра Казуліна. Экс-кандыдата асудзілі на 5,5 года за арганізацыю масавых беспарадкаў. За кратамі Аляксандар Казулін прабыў да жніўня 2008-га. Трымаў там 53-дзённую галадоўку пратэсту. На свабоду выйшаў пасьля памілаваньня Лукашэнкам.

Празь некалькі месяцаў пасьля вызваленьня Казулін выйшаў з БСДП і спыніў актыўную грамадзкую дзейнасьць.

Валер Цапкала

У 1994 годзе — адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Лукашэнкі, пасьля яго перамогі — амбасадар Беларусі ў ЗША. У 2005 годзе — паўнамоцны прадстаўнік Лукашэнкі ў парлямэнце. З 2005-га па 2017-ы — дырэктар Парку высокіх тэхналёгій.

Цяпер — палітычны ўцякач, жыве ў Латвіі.

У выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі Валер Цапкала прыйшоў у 29 гадоў. Аляксандар Фядута, успамінаючы працу Цапкалы на выбарах 1994 году, гаварыў пра яго вялікія амбіцыі. Той нібыта хацеў пасьля перамогі ўзначаліць МЗС Беларусі. Амбіцыі спраўдзіліся часткова — Лукашэнка прызначыў Валера Цапкалу першым намесьнікам кіраўніка замежнапалітычнага ведамства. У 1997 годзе Цапкала едзе працаваць амбасадарам Беларусі ў ЗША.

У Беларусь вяртаецца ў 2002-м і празь нейкі час атрымлівае павышэньне — становіцца паўнамоцным прадстаўніком Аляксандра Лукашэнкі ў парлямэнце.

У 2005 годзе Валер Цапкала ўзначальвае новаствораны Парк высокіх тэхналёгій. На гэтай пасадзе будучы апазыцыянэр працуе да 2017 году. Звальненьне з пасады дырэктара ПВТ 2 сакавіка 2017 году было вялікай нечаканасьцю. Замест Цапкалы на гэтую пасаду прыйшоў адказны за ідэалёгію памочнік Лукашэнкі Ўсевалад Янчэўскі. Сам Валер Цапкала прычынамі звальненьня называў свае канфлікты зь сілавымі структурамі.

Заява аб намеры Цапкалы ўдзельнічаць у выбарах 2020 году стала яшчэ большай нечаканасьцю, чым яго сыход з ПВТ. Былы топ-чыноўнік напісаў пра гэта ў сваім фэйсбуку 8 траўня, далей падзеі разьвіваліся імкліва. На сваёй першай выбарчай прэс-канфэрэнцыі Цапкала заявіў, што Лукашэнка «адарваўся ад жыцьця, ня ведае, чым жыве народ, не разумее яго чаканьняў». Кіраўнік дзяржавы ў адказ намякнуў пра магчымы крымінальны перасьлед Валера Цапкалы за ўчыненыя ў час кіраваньня ПВТ злачынствы.

Тым ня менш 20 траўня ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу для вылучэньня Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты, ён пачаў актыўна езьдзіць па краіне і зьбіраць подпісы. Сапраўднымі з 220 тысяч сабраных, па вэрсіі штабу Цапкалы, подпісаў ЦВК прызнала толькі 75 тысяч. 24 ліпеня незарэгістраваны кандыдат разам зь дзецьмі зьехаў спачатку ў Расею, а потым у ЭЗ. Яго жонка Вераніка, якая актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай, пакінула Беларусь напярэдадні выбараў 9 жніўня.

15 жніўня ў Беларусі на Валера Цапкалу завялі крымінальную справу, ён абвешчаны ў міжнародны вышук. Цяпер жыве ў Латвіі. 6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

Бонус. Сяргей Чалы

У 1994 годзе — сябра выбарчага штабу Лукашэнкі, пасьля яго перамогі да 1998 году працаваў у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пра Адміністрацыі прэзыдэнта.

У каманду Аляксандра Лукашэнкі папулярны сёньня аналітык і блогер прыйшоў у 23 гады. Перад гэтым Сяргей Чалы пасьпеў пабыць прыхільнікам арганізацыі «Славянскі сабор «Белая Русь». Сам ён згадвае, што падчас выбараў 1994 году меў таксама прапанову ўвайсьці ў штаб Станіслава Шушкевіча і нават працаваць там за грошы, але выбраў Лукашэнку, бо бачыў у ім большы патэнцыял.

Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах Сяргей Чалы чатыры гады прапрацаваў у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі прэзыдэнта, займаўся там супрацоўніцтвам зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, у тым ліку з МВФ. Пасьля сыходу з Адміністрацыі працаваў у прыватных кампаніях, у тым ліку на Маскоўскай фондавай біржы.

У актыўную палітыку Чалы вярнуўся ў 2015 годзе, калі ўвайшоў у выбарчы штаб Тацяны Караткевіч і нават стаў яе даверанай асобай. Разам з тым аналітык неаднаразова заяўляў, што прэзыдэнцкіх амбіцый ня мае і максымум ягоных жаданьняў — узначаліць Нацыянальны банк Беларусі. Пры гэтым ён настойвае, што пасада кіраўніка НБ хутчэй прадстаўнічая.

У лютым 2011 Сяргей Чалы запусьціў на партале Tut.by аўтарскую праграму «Эканоміка на пальцах», у розных формах яна выходзіць дагэтуль. Ад лютага 2021 году Чалага можна бачыць і на ягоным асабістым канале на YouTube. Праграмы аналітыка зьбіраюць сотні тысяч праглядаў, ён адзін з самых папулярных эканамічных і палітычных экспэртаў Беларусі. Сам Сяргей Чалы сваю актыўнасьць у мэдыйным полі і сувязі з апазыцыяй называе жаданьнем «замаліць грахі маладосьці», маючы на ўвазе ў тым ліку працу ў выбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG