Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны думаюць над Пушкіным зрабіць паказальны суд». Мастак Алесь Пушкін амаль месяц у ізалятары


Алесь Пушкін

Палітвязень Алесь Пушкін знаходзіцца ў гарадзенскім СІЗА. Пра гэта паведаміла яго жонка Яніна.

«Сытуацыя не мяняецца, яны вядуць сьледзтва. Я ведаю ня больш, чым тое, што было вядома на момант затрыманьня. Адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні», — сказала яна.

Што інкрымінуюць мастаку?

Мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Алесь Пушкін — фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варажнечы). Паводле пракуратуры, «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця».

Паводле пракуратуры, Жыхар падчас нямецкай акупацыі прайшоў навучаньне ў спэцпадразьдзяленьні Абвэра і ў 1944 годзе быў закінуты ў Полацкую вобласьць. «З 1946 году ён узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія на працягу 9 гадоў у Пастаўскім раёне зьдзяйсьнялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дывэрсіі на чыгунцы», — піша пракуратура.

Паводле пракуратуры, падчас выставы Алесь Пушкін характарызаваў Жыхара як чалавека зь беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і апраўдваў яго дзеі.

«З усяго сьвету ёсьць дапамога»

Яніна сказала, што за гэты час спатканьняў з мужам не было і лісты ад яго не прыходзілі.

«Яго родная сястра езьдзіла ў ізалятар і перадала яму перадачу, але спатканьня не дазволілі, — кажа Яніна. — Людзі, якія дасылаюць яму лісты, нават заказныя, кажуць, што яны вяртаюцца з надпісам: „Такога няма“. Але ён там сядзіць, проста гэтыя лісты яму не перадаюць».

У сям’і двое дзяцей. Мікола вучыцца ў 11-й клясе, а Марына — у 8-й. Яніна працуе настаўніцай.

«Усе мужчынскія працы паляцелі ў тартарары, якраз усе гаспадарчыя справы ў адзін момант і ломяцца. Але гэта дробязі, — кажа яна. — Сябры вунь прыперлі кіляграм 10 сала, мяшок цыбулі — толькі як гэта ў турму перадаць? Ад вяскоўцаў ніякай дапамогі, толькі адзін чалавек сказаў добрае слова, а так сябры спачуваюць, салідарныя. І абсалютна чужыя людзі. Валянтэры накуплялі харчоў, таму з усяго сьвету ёсьць дапамога. Складанага нічога няма, у мяне мама была ўдавой, напрыклад».

Яніна кажа, што 20 чысла на картку Алеся Пушкіна прыйшоў апошні заробак.

«Яны хочуць зрабіць паказальны суд, усіх напужаць. Яны думаюць над Пушкіным зрабіць паказальны суд, а насамрэч Пушкін зробіць паказальны на ўвесь сьвет працэс над мастаком, — кажа Яніна. — І зганьбіць іх на ўвесь сьвет. Таму невядома, хто каго пужае. Гэта ня ўлада будзе тварыць над мастаком, а мастак над імі. Уласна, тут і так усё зразумела, хто тут фашыст».

«Пракуратура патрабуе зачыніць цэнтар»

Па крымінальнай справе быў затрыманы на 72 гадзіны і кіраўнік «Цэнтру гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка. Цяпер ён на волі і праходзіць па справе як падазраваны.

«Ужо хутка месяц з моманту затрыманьня, але ніякіх сьледчых дзеяньняў не адбывалася, — кажа Павал Мажэйка. — Лёс карціны з партрэтам Жыхара я ня ведаю, нам паказваюць яе на фатаздымку».

Паводле Паўла Мажэйкі, паралельна пачалі справу па ліквідацыі «Цэнтру гарадзкога жыцьця», які арганізоўваў выставу. Судовае паседжаньне прызначана на 12 траўня.

«Пракуратура зьвярнулася ў эканамічны суд з просьбай ліквідаваць „Цэнтар гарадзкога жыцьця“, бо была выстава, на якой была карціна Алеся Пушкіна, а яна, на думку пракурораў, парушае закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Ведаю, што яшчэ прызначылі экспэртызу, але пракуратура патрабуе зачыніць цэнтар».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG