Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлады тэрарызуюць шматдзетных маці


Зьняволеная Вольга Залатар, архіўнае фота

У мірным жыцьці, калі чалавек кажа, што хоча зрабіць самагубства, яго ці яе накіроўваюць да псыхіятра і, часам, у псыхіятрычны стацыянар. Задача навакольных у такой сытуацыі — дапамагчы захаваць жыцьцё. Але гэта ў мірны час, калі жыцьцё чалавека амаль безагаворачна лічыцца найвышэйшай каштоўнасьцю; а ў Беларусі цяпер сытуацыя хутчэй нагадвае вайну, дык і рэакцыі адпаведныя.

Палітзьняволеная Алена Маўшук, пачуўшы, колькі пракурор просіць для яе і яе мужа, напісала ў сшытку: «Я павешуся». І я дужа сумняваюся, што зь ёй пасьля гэтага будзе працаваць псыхіятар ці хоць бы крызісны псыхоляг. Затое цалкам верагодна, што яе накіруюць у карцар. У дзяржавы няма задачы захаваць жанчыне жыцьцё, і замест гэтага яна імкнецца літаральна дабіць саму Алену і запалохаць усіх астатніх.

Падобна, гэта новы трэнд у працы рэпрэсіўнай машыны — як можна больш цынічна і па-садысцку ціснуць на шматдзетных маці. У Алены Маўшук пяцёра дзяцей, у Тацяны Гацуры-Яворскай — чацьвёра, у Вольгі Залатар — таксама пяцёра. Іх гісторыі — гэта квінтэсэнцыя дзяржаўнага садызму і вельмі выразнае паведамленьне для іншых: «Бойцеся! Для нас няма нічога сьвятога, і мы ні перад чым ня спынімся».

Трое зь пяці дзяцей у сям’і Маўшук ужо паўналетнія, і таму пасьля затрыманьня бацькоў яны былі ў адноснай бясьпецы. Адна з непаўналетніх дачок аказалася ў прытулку вельмі хутка, хоць Сяргея Маўшука, мужа Алены, і перавялі пад хатні арышт. Рэч у тым, што для старэйшай дзяўчынкі ён быў айчымам. Але цяпер у прытулку і малодшая дачка — яе туды забралі, пакуль бацька паехаў на суд.

Мужа Тацяны Гацуры-Яворскай, грамадзяніна Украіны, выслалі зь Беларусі і забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў. Вядома, што малодшы сын выехаў разам з Уладзімірам Яворскім.

Вольгу Залатар у сакавіку затрымалі «за актыўную пратэставую дзейнасьць», і цяпер яна ў СІЗА. Ёй ужо выставілі афіцыйнае абвінавачваньне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Яе муж у той жа дзень быў затрыманы за тое, што цяпер лічыцца адміністрацыйным правапарушэньнем — за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў вакне дома, але сам мужчына сьцьвярджае, што ў іх нават не было сьцяга. Вольга заяўляла пра фізычны гвалт — так ад яе патрабавалі разблякаваць тэлефон.

Жорсткае абыходжаньне са шматдзетнымі жанчынамі — гэта не выпадковасьць і не статыстычная хібнасьць. Улады ў Беларусі заўжды казалі пра сьвятасьць мацярынства і пра тое, як важна для краіны, каб жанчыны нараджалі больш дзяцей. Тое, што цяпер з гэтых жанчын зьдзекуюцца — гэта прадуманая акцыя запалохваньня ўсіх астатніх. Гэта паведамленьне: «Нам усё адно, наколькі важнымі вы лічыліся раней. Цяпер вы ворагі, і мы вас не пашкадуем».

Сумнявацца ў пагрозах не даводзіцца. І праўда, ня будзем жа мы разьлічваць на высокія маральныя якасьці сілавікоў, сьледчых і іншых удзельнікаў і ўдзельніц рэпрэсій. Альбо на тое, што яны будуць выконваць законы. Але самі па сабе гэтыя пагрозы наводзяць на думку, што ўлады падвышаюць стаўкі. І гэта значыць, што ранейшыя мэтады запалохваньня не спрацоўвалі.

Я не сумняваюся ў творчых здольнасьцях супрацоўнікаў і супрацоўніц шматлікіх ведамстваў і службаў. Яны шмат што яшчэ могуць прыдумаць — ажно да публічных павешаньняў. Вось праўда, я і такому ўжо не зьдзіўлюся. Фашызм, як аказалася, вельмі лёгка аднавіць у эўрапейскай краіне ў 21 стагодзьдзі.

Але ўсё яшчэ спадзяюся, што Алена Маўшук будзе жыць. Як і ўсе астатнія палітзьняволеныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG