Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў: «Чалавека за пытаньне кінулі ў камэру голым. Фашызм адчувае сябе зусім камфортна ў ЦІПе, у СІЗА». ВІДЭА


Мікалай Казлоў, архіўнае фота.

Лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова 7 красавіка вывезьлі з турмы на Акрэсьціна ў Менску ў кайданках з галавой, заціснутай паміж каленямі, і выкінулі за Менскам. Ён расказаў пра зьдзекі ахоўнікаў.

Палітык заявіў аб невыносных умовах утрыманьня ў ЦІП на Акрэсьціна. Прамую адказнасьць за гэта ён усклаў ня толькі на кіраўніка турмы маёра Яўгена Шапецьку, але і міністра ўнустраных спраў Івана Кубракова і ягоны асяродак, піша старонка АГП у фэйсбуку.

ЦІП на Акрэсьціна Мікалай Казлоў назваў «невялікім беларускім Асьвенцімам».

«Гэта ня проста парушэньне закону 24 гадзіны на суткі, гэта робіцца дэманстратыўна-паказальна. Такое адчуваньне, што ў супрацоўніка ЦІПу прафэсія — зьневажаць людзей. Вы ня можаце напісаць скаргу, таму што ў вас элемэнтарна няма паперы і асадкі. Вам адмаўляюць у сустрэчы з адвакатам і тэрарызуюць».

На думку старшыні АГП, «абаср...ныя каровы на лукашэнкаўскіх фэрмах маюць больш правоў, чым людзі ў камэрах ЦІПу».

Людзі сьпяць на падлозе, няма матрацаў і нават ірваных прасьцінаў і падушак, набітых ватай. Людзей столькі, што яны дыхаюць «шматкроць перапрацаваным паветрам зь мінімальнай колькасьцю кіслароду».

«Я прайшоў карцар, пяцідзённую галадоўку, камэру зь сямю бяздомнікамі, у якіх любімы занятак — лавіць і душыць вошай. Перадачу, якую ў ЦІП прынесьлі для мяне ў мінулы чацьвер, на рукі мне выдалі толькі ў дзень выхаду на волю. З такіх дробных гадасьцяў вытканы ўсе паводзіны адміністрацыі ЦІПу», — гаворыць Казлоў.

Па словах палітыка, аднаго чалавека забралі з камэры толькі таму, што задаў пытаньне, яго разьдзелі і голага вярнулі назад у камэру. У карцар залілі шмат хлёркі, і людзям стала дрэнна празь некалькі хвілін. У самога Казлова моцна балелі вочы.

«Гэта што? Хочацца спытаць, зь якім нацызмам, фашызмам зьбіраецца змагацца Лукашэнка? Фашызм тут, ён адчувае сябе зусім камфортна ў ЦІПе, у СІЗА. І яго крыніца — беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць сілавікоў».

Казлоў кажа, што калі інфармацыя аб катаваньнях хлёркай выйшла за сьцены ЦІП, прыехала здымачная група прапагандысцкага тэлеканалу БТ і арыштаваных пачалі схіляць да заяваў, што нічога такога не было.

Пры гэтым Казлоў адзначае, што ніхто з арыштаваных ня ныў і не шкадаваў аб сваіх учынках. Ён назваў сукамэрнікаў «грамадзянамі зь вялікай літары». Кожную раніцу Казлоў пачынаў зваротам да ахоўнікаў, гаворачы ім аб парушэньнях закону і абавязковай адказнасьці за гэта.

Мікалая Казлова выпусьцілі зь ЦІП на суткі пазьней за тэрмін без усякіх тлумачэньняў. І не далі блізкім і сваякам сустрэць яго каля ізалятару, вывезьлі на край гораду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG