Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў прапанаваў зрабіць Польшчу новай пляцоўкай перамоваў аб Данбасе замест Беларусі


Леанід Краўчук

Раней украінская дэлегацыя адмовілася прылятаць на перамовы ў Беларусь, паколькі рэжым Лукашэнкі, на яе думку, знаходзіцца пад поўным уплывам Расеі, якая зьяўляецца адным з бакоў на перамовах у Трохбаковай кантактнай групе.

Кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) Леанід Краўчук заявіў, што перамовы аб урэгуляваньні сытуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей па заканчэньні карантыну праз COVID-19 могуць перанесьці ў Польшчу, піша «Інтэрфакс-Захад».

Раней перамовы ТКГ адбываліся ў Беларусі, у Менску.

«Калі ўзяць былыя сацыялістычныя краіны, дык я б назваў Польшчу. Тут ня будзе пытаньня. Мы з Польшчай не заўсёды былі сябрамі, але былі і часы дружбы. Калі ўзяць краіны несацыялістычнага блёку, дык такіх краін вельмі шмат. Гэта мае быць нэўтральная дэмакратычная краіна», — заявіў Краўчук у этэры тэлеканалу «Україна 24».

Ён падкрэсьліў, што працягваць перамовы ТКГ у Беларусі «нельга ні ў якім разе», бо «вуснамі Лукашэнкі вымаўляюцца непрыстойныя ў дачыненьні Ўкраіны рэчы», у Беларусі «душаць мірных мітынгоўцаў», а таксама праз палітыку Лукашэнкі краіна «пад абцасам Расеі».

Па словах Краўчука, Расея будзе супраць пераносу, бо ёй неабходна, каб на перамовах прысутнічалі прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР», але вывозіць іх у заходнія краіны будзе праблемна.

Напярэдадні ўкраінскі міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторый Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Ўкраіна адмаўляецца ўдзельнічаць у перамовах ТКГ на тэрыторыі Беларусі, бо краіна знаходзіцца пад моцным уплывам Расеі.

Яшчэ ў 2018 годзе, калі перамовы ТКГ зайшлі ў тупік, гучала прапанова ад тагачаснага прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева перанесьці перамоўную пляцоўку зь Беларусі ў яго краіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG