Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь не зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай», — чалец Трохбаковай кантактнай групы ў справе Данбасу


Будынак, у якім у Менску адбываліся перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе

Пра сытуацыю на перамовах пад эгідай АБСЭ расказаў «Настоящему времени» прадстаўнік Данецку ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) па Данбасе Дзяніс Казанскі.

Украіна ня мае намеру накіроўваць сваю дэлегацыю ў Менск для перамоваў у справе ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Пра гэта заявіў міністар у пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Аляксей Рэзьнікаў. Прычына — «варожая рыторыка Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны». Паводле ўкраінскага міністра, Беларусь цяпер знаходзіцца пад уплывам Расеі. Рэзьнікаў таксама лічыць, што трэба шукаць іншае месца для перамоваў у справе мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны.

Пра сытуацыю карэспандэнт «Настоящего времени» пагаварыў з прадстаўніком Данецку ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) па Данбасе Дзянісам Казанскім.

— Вы падтрымліваеце заяву спадара Рэзьнікава, што сустрэчу ў Менску праводзіць ня трэба?

— Насамрэч сустрэчы ў Менску не праводзяцца ўжо каля году, колькі я бяру ўдзел у працы ТКГ, я ні разу ў Менску ня быў. Мы ўвесь час маем зносіны празь відэасувязь з прычыны пандэміі, і, напэўна, гэта як раз той выпадак, калі, як той казаў, не было б шчасьця, дык няшчасьце дапамагло. Насамрэч выніковасьці ў вочных сустрэчах было не болей, чым цяпер у такіх завочных празь відэасувязь — затое эканоміцца вельмі шмат часу, сілаў і сродкаў. Навошта нам марнаваць грошы падаткаплатнікаў, кудысьці лятаць, недзе жыць, плаціць за гэта ўсё, калі мы можам пагутарыць празь відэасувязь? На шчасьце, сучасныя сродкі камунікацыі гэта дазваляюць. Таму я ня бачу нічога сэнсацыйнага ў гэтых заявах.

Сапраўды, мы ўсе разумеем, што Беларусь не зьяўляецца на гэты момант сувэрэннай дзяржавай. Гэта значыць, фактычна Беларусь знаходзіцца ў залежнасьці ад Расеі цалкам. Дыктатарскі рэжым у Беларусі не зьяўляецца легітымным, зноў жа, думаю, гэта відавочна для ўсіх пасьля таго, што адбылося на выбарах прэзыдэнта, і наступных падзеяў. Нам не да канца зразумела, як сябе паводзіць зь Беларусьсю і ў якім статусе наагул улады гэтай краіны цяпер знаходзяцца.

Таму я думаю, што так, сапраўды лепш устрымацца ад якіх-небудзь афіцыйных візытаў у Беларусь і можна знайсьці альтэрнатыўныя пляцоўкі. Калі мы гаворым пра вочныя сустрэчы, то, вядома, нам цяжка будзе цяпер дамовіцца, выбраць нейкі іншы горад, таму што, вядома, для гэтага патрэбна згода ўсіх бакоў. Я падазраю, што згоды расейскага боку ня будзе цяпер, ён будзе настойваць, каб сустрэчы працягваліся ў Менску. Але ў любым выпадку да таго часу, пакуль у нас ня скончылася пандэмія, на гэты момант не стаялі пытаньні аб тым, каб асабіста прыяжджаць у Менск і там размаўляць. Пакуль што ў нас сустрэчы праходзяць празь відэасувязь, і канца і краю, як той казаў, гэтаму фармату пакуль няма.

— А вось гэтыя сустрэчы празь відэасувязь у рамках Трохбаковай кантактнай групы як зьмяніліся з улікам новай эскаляцыі напружанасьці?

— Мы прывыклі ўжо да таго, што гэтыя людзі, якіх Расея з сабой прыводзіць і за якімі яна нібыта хаваецца, гэтыя прадстаўнікі так званых «ДНР», «ЛНР», як яны сябе называюць — яны займаюцца пастаянна тым, што спрабуюць нейкім чынам справакаваць сварку, і падчас апошніх сустрэчаў у нас марнаваліся рэальна гадзіны на тое, каб неяк урэгуляваць арганізацыйныя пытаньні і пачаць абмеркаваньне пытаньняў, якія тычацца вырашэньня праблемаў.

Таму тут няшмат памянялася, гэта пачалося яшчэ да эскаляцыі. І цяпер мы бачым адсутнасьць увогуле якога-небудзь разуменьня і дыялёгу. Мы знаходзімся, на жаль, у такім тупіку ўжо досыць даўно. І, натуральна, расейскі бок абвінавачвае ў гэтым нас.

Палітыка Расеі не памянялася, яна прымушае Ўкраіну да таго, каб мы наўпрост размаўлялі з вось гэтымі людзьмі, якія іграюць ролю нейкіх рэспублік, хоць мы ўсе разумеем, што гэта проста, па-першае, грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, яны і самі гэтага ўжо не хаваюць, то бок гэта не ўкраінскія грамадзяне, гэта расейцы. Па-другое, яны, у прынцыпе, прызначаліся туды.

— Часта нават маюць два пашпарты.

Так, яны маюць, але справа ў тым, што ў іх былі ўкраінскія пашпарты, потым яны атрымалі расейскія пашпарты, цяпер яны ўжо не хаваюць, што яны расейцы. Гэта таксама, дарэчы, добрае пытаньне — а калі яны іх атрымалі? Бо мы ведаем, што ў іх ёсьць пашпарты. Але, можа быць, яны іх мелі да пачатку канфлікту. Зразумела, што гэтыя людзі не прадстаўляюць жыхароў Данбасу. Гэта значыць, іх ніхто не выбіраў, яны проста прызначаныя сваімі куратарамі з Масквы, прычым я хачу падкрэсьліць, што гэта ня нейкія інсынуацыі ўкраінскага боку, гэта словы, якія агучвалі самі расейцы.

Напрыклад, той самы Ігар Стралкоў, вядомы ўсім палявы камандзір, які стаяў ля вытокаў гэтага канфлікту. Ён наогул адкрыта кажа, што і Пушыліна, і гэтых нібыта луганскіх прадстаўнікоў — Платніцкага, Бортніка — іх прызначаў Суркоў. То бок гэта стаўленікі Суркова, на той момант ён быў куратар, цяпер замест яго ўжо Козак і Назараў куратары. Гэта не прадстаўнікі жыхароў тых тэрыторыяў, гэта людзі, прызначаныя з Масквы. Ну і адпаведна, калі нам кажуць, што мы мусім зь імі пра нешта дамовіцца, нейкія прамыя перамовы весьці, гэта выглядае трохі як жарт, і зразумела, што дамовіцца пра што-небудзь з клеркам, з чалавекам, які выконвае чыста намінальную тэхнічную функцыю, немагчыма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG