Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа генэрал-губэрнатара Мураўёва і папячыцеля Карнілава жыве


Расейскія танкі каля г. Горы, Грузія. 19 жніўня 2008 г.

Здаецца, ніхто дагэтуль не супастаўляў сьпісы постсавецкіх краін з расейскай вайсковай прысутнасьцю і з расейскай мовай як афіцыйнай. Я супаставіў, вынік прадказальны. Нататка да „дня едіненія“. 

Сьцісла:

  • У падкантрольным Армэніі Нагорным Карабаху, дзе практычна няма этнічных расейцаў, ухвалілі статус расейскай мовы як афіцыйнай.
  • Усюды ў дзяржавах на постсавецкай прасторы, дзе расейская мова мае афіцыйны статус, прысутнае і расейскае войска.
  • Ідэі папячыцеля Івана Карнілава жыве: расейская моўная прысутнасьць ня менш важная за вайсковую.

Акурат вывучаю юрыдычны статус расейскае мовы ў краінах на постсавецкай прасторы. І тут навіна ў тэму: расейская стала афіцыйнаю ў Нагорным Карабаху (непрызнаная Нагорна-Карабаская Рэспубліка, або Арцах; паводле міжнароднага права тэрыторыя Азэрбайджану). Расейская мова там цяпер можа ўжывацца нароўні з армянскаю. Пуцінскі прэс-сакратар Пяскоў вітаў гэтае рашэньне.

Этнічных расейцаў у Нагорным Карабаху 0,12% (перапіс 2005 г.). Але зьмену ў моўным законе тамтэйшыя заканатворцы лёгка абгрунтавалі:

Доўгатэрміновая прысутнасьць у Арцаху расейскіх міратворцаў, усьведамленьне неабходнасьці супольнага разьвязаньня шматлікіх сацыяльных і камунікацыйных праблемаў ... вымагае пераацэнкі ролі расейскай мовы“.

А што калі супаставіць прысутнасьць расейскага войска на постсавецкай прасторы па-за Расеяй і статус расейскае мовы ў тых краінах?

* * *

Армэнія. Вайсковая база Паўднёвай вайсковай акругі Расеі, да 5000 чал.; аб’яднаная групоўка войскаў (сілаў) Узброеных сілаў Расеі і Армэніі; памежнае ўпраўленьне ФСБ Расеі ў Армэніі, да 4500 чал. (тут і ніжэй факты і лічбы з адкрытых публікацыяў).

Статус расейскай мовы — замежная; у адукацыйнай сыстэме — „першая замежная“.

Беларусь. 2 расейскія вайсковыя аб’екты — вузел сувязі ВМФ пад Вялейкай (да 250 чал.) і асобны радыётэхнічны вузел пад Ганцавічамі (каля 600 чал.); Узброеныя Сілы Беларусі ёсьць часткаю „рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) Рэспублікі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі“ зь яе безупыннымі вучэньнямі на тэрыторыі Беларусі.

Статус расейскай мовы — дзяржаўная.

Казахстан. Найбольш вайсковых аб’ектаў Расеі па-за яе тэрыторыяй, прычым буйных: Сярод іх 5 выпрабавальных палігонаў, радыётэхнічны вузел, вымяральная станцыя ракетных войскаў, РЛС, авіяполк і іншае.

Статус расейскай мовы — афіцыйная.

Кіргізстан. Расейская аб’яднаная вайсковая база: авіябаза, выпрабавальная база, вузел сувязі і інш.; у супольным карыстаньні авіяпалігон.

Статус расейскай мовы — афіцыйная.

Таджыкістан. Расейская вайсковая база; комплекс кантролю касьмічнай прасторы.

Статус расейскай мовы — „мова міжнацыянальных зносінаў“.

* * *

Такім чынам, дзе расейскі салдат — там і расейская мова. І наадварот. У іншых дзяржавах на постсавецкай прасторы няма ані расейскага войска (зразумела, акрамя акупаваных Расеяй іхных тэрыторыяў), ані афіцыйнага статусу расейскай мовы (у тым ліку на гэты момант і ў Малдове).

Толькі Армэнія крыху выпадала з заканамернасьці. Але фактычна падкантрольны ёй Нагорны Карабах заканамернасьць пацьвердзіў.

Для паўнаты карціны зірнем на моўную палітыку на тэрыторыях суседзяў, фактычна акупаваных Расеяй. Яна прадказальная.

Прыднястроўе (непрызнанае ўтварэньне ў частцы Малдовы). Апэратыўная група Заходняй вайсковай акругі Расеі: два мотастралковыя батальёны, батальён аховы. Да 1700 чал.

Статус расейскай мовы — афіцыйная (фармальна нароўні з малдаўскай і ўкраінскай, фактычна паноўная).

Паўднёвая Асэтыя (непрызнанае ўтварэньне на тэрыторыі Грузіі). Гвардзейская вайсковая база Паўднёвай вайсковай акругі Расеі. Да 3000 чал.

Статус расейскай мовы — дзяржаўная.

Абхазія (непрызнанае ўтварэньне на тэрыторыі Грузіі). 7-я аб’яднаная база расейскіх Узброеных сілаў, да 4000 чал.

Статус расейскай мовы — афіцыйная („поруч з абхаскай прызнаецца моваю дзяржаўных і іншых установаў“).

„ДНР“ і „ЛНР“ (марыянэткавыя ўтварэньні на тэрыторыі Ўкраіны). Расея адмаўляе вайсковую прысутнасьць, але доказаў адваротнага дастаткова.

Расейская мова — „адзіная дзяржаўная“.

Крым (анэксаваная Расеяй тэрыторыя Ўкраіны). Расейскіх вайсковых аб’ектаў і жывой сілы мноства.

Статус расейскай мовы — дзяржаўная ў РФ, дзяржаўная ў Крыме (фармальна разам з украінскай і крымскататарскай), „мова міжнацыянальных зносінаў“.

Што ж да рашэньня адміністрацыі Нагорнага Карабаху, то дэмакратычны палітык, былы в. а. прэзыдэнта Азэрбайджану Іса Гамбар пракамэнтаваў яго магчымыя палітычныя наступствы:

„...А заўтра так званы карабахскі ўрад можа вынесьці рашэньне аб падвойным грамадзянстве — як армянскім, так і расейскім. Расея ж заявіць, што нясе адказнасьць за абарону ўласных грамадзян“.

Характэрная цытата з прапагандысцкага тэксту, якім абгрунтоўваецца ўвядзеньне дзяржаўнага статусу расейскай мовы на яшчэ адной зь земляў, дзе ніколі расейцы ў больш-менш прыкметнай колькасьці не жылі: „...В первую очередь, русский язык это тот язык, на котором говорили наши спасители солдаты Российской Армии“.

З Масквы пасьлядоўна ідзе ціск на постсавецкія дзяржавы, каб прымусіць іх абвясьціць расейскую мову дзяржаўнай або прынамсі зафіксаваць яе статус іншым чынам. У 2016 годзе пасол для асаблівых даручэньняў МЗС Расеі Элеанора Мітрафанава агучыла і рэгулярна паўтарае мэту расейскага замежнапалітычнага ведамства — дамагацца, каб расейская мова набывала статус другой дзяржаўнай у краінах былога СССР.

Ня буду тут дасьледаваць у кожным канкрэтным выпадку, што было перш — расейская вайсковая прысутнасьць ці фіксацыя статусу расейскае мовы. Зазначу толькі, што тэза папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, выканаўцы мураўёўскай русыфікацыйнай палітыкі Івана Карнілава Русское образование сильнее русского штыка нікуды не падзелася, а творча разьвіваецца наступнікамі. Расейская мова і расейскі штых ідуць поруч.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG