Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў апэратыўна ўхваліла шэраг рэпрэсіўных законапраектаў

абноўлена

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў ужо на пачатку адноўленай веснавой сэсіі прыняла ў першым чытаньні адразу чатыры законапраекты; Праваабаронцы і грамадзянская супольнасьць зьвяртаюць ўвагу на рэпрэсіўны характар заканадаўчых паправак.

Як абгрунтоўваюць новыя законапраекты

«На першы плян выходзіць задача абароны грамадзян ад дэструктыўных сілаў, якія імкнуцца раскалоць беларускае грамадзтва і адкінуць нас у разьвіцьці на дзесяцігодзьдзі назад. Так, мы вытрымалі беспрэцэдэнтны ціск. Але, адрозна ад многіх краін, наша заканадаўства занадта лібэральнае, каб даваць сымэтрычныя адказы на новыя формы экстрэмізму і інфармацыйнай агрэсіі. Ліквідаваць гэты прабел — прамы абавязак дэпутатаў», — патлумачыў прычыну пасьпешнасьці старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Андрэйчанка на 6-м Ўсебеларускім народным сходзе
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Андрэйчанка на 6-м Ўсебеларускім народным сходзе

Ён заклікаў калегаў «апэратыўна прыняць» усе раней ініцыяваныя законы.

«З пазыцыі ўмацаваньня грамадзкай бясьпекі варта разгледзець законапраекты ў пытаньнях абароны пэрсанальных дадзеных, супрацьдзеяньня экстрэмізму, крымінальнай адказнасьці, правядзеньня масавых мерапрыемстваў, працоўных адносін, сродкаў масавай інфармацыі, адвакацкай дзейнасьці і шэраг іншых. Многія вынесеныя на сёньняшняе пасяджэньне. Далейшую працу трэба ўзяць на асаблівы кантроль, паколькі іх прыняцьце дазволіць больш эфэктыўна супрацьстаяць антыдзяржаўнай і антынароднай дзейнасьці», — падсумаваў ён.

Зьявяцца «нацысцкія злачынцы» і​ «экстрэмісцкая сымболіка»

Праекты законаў унёс Савет Міністраў. У дакумэнтах заканадаўча замацоўваюцца азначэньні паняцьцяў «нацысцкія злачынцы», «памагатыя нацысцкіх злачынцаў», а таксама суб’екты супрацьдзеяньня рэабілітацыі нацызму. Функцыю каардынацыі дзейнасьці прапануецца ўскласьці на органы ўнутраных спраў.

Праектам таксама прапануецца вызначыць тэрмін паскоранага разгляду спраў у грамадзянскім працэсе датычна арганізацый з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнаньня сымболікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Заканадаўча замацоўваюцца азначэньні «экстрэмісцкай сымболікі і атрыбутыкі», «экстрэмісцкіх фармаваньняў», пашыраюцца азначэньні тэрмінаў «экстрэмізм» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Пашыраецца пералік дзяржаўных органаў, якія маюць супрацьдзейнічаць экстрэмізму, вызначаецца парадак забароны дзейнасьці экстрэмісцкіх фармаваньняў.

Акцыі толькі з дазволу ўладаў, іх анонсы і стрымы забароняць

Да паўдня дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі».

«Законапраект накіраваны на гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі і абарону грамадзкага парадку», — патлумачыў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

Па яго словах, усе масавыя мерапрыемствы могуць праводзіцца выключна з дазволу мясцовых органаў улады.

«Пры гэтым мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца правам вызначаць месцы, рэкамэндаваныя для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Для арганізатараў, іншых асобаў уводзіцца забарона публічных заклікаў да арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства, у тым ліку шляхам аб’явы ў СМІ, інтэрнэце або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзеньня», — дадаў ён.

Адна з навацый — забараняецца асьвятляць акцыі ў жывым эфіры, калі яны ня ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі.

«Забараняецца асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках у рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэньнем устаноўленага парадку, з мэтай іх папулярызацыі або прапаганды», — гаворыцца ў тлумачэньні да законапраекту.

Уводзяцца і дадатковыя патрабаваньні да журналістаў, якія працуюць на масавым мерапрыемстве. Яны павінны захоўваць грамадзкі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі.

Уводзіцца забарона на «выкананьне журналістамі распарадчых функцый у арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства, а таксама наданьне паўнамоцтваў іншым асобам на аналягічныя дзеяньні».

Палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні будуць адказваць за заклікі іх чальцоў да арганізацыі і правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Не рэгістраваць, пазбаўляць акрэдытацыі, блякаваць рэсурсы

Пасьля перапынку на абед дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зацьвердзілі ў першым чытаньні зьмены ў закон аб СМІ. Да таго цягам гадзіны яны прынялі законапраекты аб супрацьдзеяньні «нацызму і экстрэмізму», а таксама аб масавых мерапрыемствах.

Праект прадставіў міністар інфармацыі Ігар Луцкі. Ён адзначыў, што інтэрнэт стаў «магутным фактарам уплыву на насельніцтва».

«Інтэрнэт стаў інструмэнтам інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэньне грамадзкіх асноваў і маральных каштоўнасьцяў, а часам і цэлых дзяржаваў. Менавіта таму шэраг навацый, якія зьмяшчаюцца ў законапраекце, накіраваныя на рэгуляваньне праваадносінаў у інтэрнэт-прасторы», — цытуе чыноўніка агенцтва БелТА.

Сярод іншага ў абноўленым законе пашыраюцца абавязкі ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў; замацоўваюцца падставы для пазбаўленьня журналістаў акрэдытацыі; вызначаецца пералік відаў забароненай інфармацыі; пашыраецца сьпіс падставаў для адмовы ў рэгістрацыі або перарэгістрацыі СМІ; пералічваюцца прычыны блякаваньня інтэрнэт-рэсурсу.

Генпракурор і абласныя пракуроры змогуць выносіць пастановы аб абмежаваньні доступу, калі будзе зафіксаваны распаўсюд інфармацыі з «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама іншых зьвестак, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам.

Акрамя таго, узгодненыя меры «для абмежаваньня замежнага ўплыву на інфармацыйны рынак, выключыўшы прэфэрэнцыі для рэдакцый СМІ, у статутным фондзе якіх замежныя інвэстыцыі перавышаюць 20%».

Таксама 2 красавіка дэпутаты прынялі ў другім чытаньні законапраект аб абароне пэрсанальных дадзеных. Законапраект унёс у Палату прадстаўнікоў Савет міністраў яшчэ ў чэрвені 2019 году. Паводле БелТА, праект гэтага закону — першы ў Беларусі, які комплексна рэглямэнтуе парадак абыходжаньня з пэрсанальнымі дадзенымі. Законапраект закліканы «забясьпечыць абарону правоў і свабод грамадзян пры зборы, апрацоўцы, распаўсюдзе або прадастаўленьні іх пэрсанальных дадзеных».

Адключэньне інтэрнэту на першае патрабаваньне ААЦ

У першым чытаньні прынялі і папраўкі ў закон «Аб электрасувязі». Апэратыўна-аналітычны цэнтар, створаны пры адміністрацыі Лукашэнкі, зможа адключаць інтэрнэт і іншыя віды сувязі па сваім меркаваньні.

Пры гэтым апэратары сувязі будуць абавязаны выканаць патрабаваньні ААЦ, а невыкананьне будзе прызнавацца грубым парушэньнем заканадаўства і можа пацягнуць пазбаўленьне ліцэнзіі. Калі ж апэратар ня змог выканаць ліцэнзійныя патрабаваньні і ўмовы ў выніку рэалізацыі рашэньняў ААЦ па адключэньні сувязі, тады ніякія карныя захады да апэратара прымяняцца ня будуць.

Больш за тое — апэратары ня будуць вінныя кампэнсаваць абанэнтам страты, панесеныя з-за адключэньня сувязі па рашэньні ААЦ.

Паводле ранейшай рэдакцыі гэтага закону, адключыць насельніцтву сувязь можна было толькі ў выпадку надзвычайных сытуацый, увядзеньня надзвычайнага або вайсковага стану. Хаця гэта не перашкодзіла адключыць ва ўсёй краіне інтэрнэт з 9 да 12 жніўня.

Праваабаронцы: Абноўленае заканадаўства дасьць магутны штуршок чарговай хвалі рэпрэсій

Праваабаронцы, палітычныя аналітыкі, грамадзкія актывісты неаднаразова папярэджвалі: абноўленае заканадаўства ў прапанаваным выглядзе дасьць магутны штуршок чарговай хвалі рэпрэсій і зьняволеньняў, а «экстрэмістам» можа быць абвешчаны практычна кожны жыхар краіны.

Пра гэта ўжо сьведчаць крымінальныя справы, заведзеныя на актывістаў польскіх арганізацый, лідэраў ініцыятываў, творцаў і г.д.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG