Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падобная да мяне, але прыгожая». Палітвязень Эдуард Пальчыс нарэшце ўбачыў фота маленькай дачкі


Эдуард Пальчыс падчас Курапацкай варты, 2018

Амаль паўгода за кратамі ўтрымліваюць вядомага блогера, палітвязьня Эдуарда Пальчыса. Яго затрымалі 27 верасьня ў Менску.

Адбыўшы 30 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку, Эдуард Пальчыс меўся выйсьці на волю, але дома не зьявіўся, а аказаўся ў СІЗА на Валадарскага.

Пазьней стала вядома, што на блогера завялі крымінальную справу па 342-м артыкуле — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Тры тыдні хварэў «невядома на што»

Першыя два месяцы ад новага арышту Эдуард Пальчыс адбыў на «Валадарцы». У сьнежні палітвязьня перавялі ў СІЗА ў Жодзіне, а ў канцы студзеня вярнулі зноў у менскае СІЗА на Валадарскага.

«Верагодна, гэта было зьвязана са сьледзтвам па ягонай справе, але ведаю, што цяпер зноў ніякіх сьледчых дзеяньняў няма», — расказала жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя.

Вікторыя Пальчыс працытавала ліст, які нядаўна атрымала ад мужа.

«Ем, сплю, адказваю на лісты, чытаю, хаджу на прагулкі. Падзеі вакол сьледзтва, абвінавачаньня, будучага суду мяне ўвогуле не хвалююць», — напісаў ёй Эдуард.


Па зьвестках Вікторыі, справа мужа яшчэ не перададзеная ў суд. Пры гэтым, паводле Вікторыі Пальчыс, Эдуард мяркуе, што на волю хутка ня выйдзе. «У лістах ён ужо замовіў для перадачы яму летняе адзеньне па правілах зоны. То бок не выключае, што ўлетку адправяць у калёнію», — кажа Вікторыя Пальчыс.

У Жодзінскім СІЗА Эдуард Пальчыс хварэў. Вікторыя не выключае, што муж на нагах перанёс каранавірус.

«Напісаў, што хвароба цягнулася недзе тры тыдні. Была падвышаная тэмпэратура, насмарк, увесь час адчуваў стому. Але тэсту яму там не рабілі, што дакладна зь ім было — невядома. Цяпер нібыта нармальны стан, але мае патрэбу ў вітамінах, напісаў, якія даслаць. Спрабуе, як можа, падтрымліваць здароўе, у тым ліку займаецца фізкультурай», — паведаміла Вікторыя Пальчыс.

«Чытае мастацкую літаратуру і Біблію»

Ёй вядома, што цяпер мужа трымаюць у камэры, разьлічанай на 10 чалавек. Парушэньняў турэмных парадкаў у яго няма, у карцар не трапляў.

«Чытае мастацкую літаратуру і Біблію. Яшчэ ведаю, што ў камэры ёсьць тэлевізар. Глядзелі неяк „Уцёкі з Шоўшэнку“, усе сукамэрнікі не хавалі радасьці ад фіналу», — расказала Вікторыя Пальчыс.

Праз два месяцы, як Эдуарда Пальчыса затрымалі, у яго нарадзілася дачка, назвалі Эміліяй. Цяпер Вікторыя і Эмілія Пальчысы часова жывуць у Вільні. Дзяўчынцы ўжо 4 месяцы, але толькі месяц таму да Эдуарда ў лісьце дайшоў яе фатаздымак.

«Напісаў, што вельмі рады, і адзначыў, што яна падобная да яго, але пры гэтым прыгожая», — паведаміла жонка блогера Вікторыя.

Раней, калі ў ліст да мужа ў вязьніцу ўкладвалі фатаздымкі дачкі, цэнзура іх не прапускала.

«Гэта было ў Жодзіне, а як перавялі на „Валадарку“, дык фотку прапусьцілі», — адзначае Вікторыя.

Паводле маладой маці, іх з Эдуардам дачка расьце выдатна.

«Шчочкі наела, ужо ўмее гуляць з цацкамі і агукаць», — кажа Вікторыя.

Жанчына кажа, што марыць пра тое, каб муж змог упершыню пабачыць і пацалаваць іх дачку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG