Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыж — ня першы. Як траплялі ў няласку набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы


Затрыманьне бізнэсоўца Юрыя Чыжа дае нагоду прыгадаць, што адбывалася зь некаторымі іншымі прадпрымальнікамі і топ-мэнэджарамі, якія лічыліся набліжанымі да Лукашэнкі.

Іван Ціцянкоў быў паплечнікам Лукашэнкі яшчэ з пачатку 90-х, калі абодва былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Ціцянкоў быў у камандзе Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, пасьля перамогі быў прызначаны кіраўніком спраў прэзыдэнта.

Пры Ціцянкову Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (КСП) ператварылася ў бізнэс-імпэрыю, падмяўшы пад сябе даходныя галіны дзяржаўнай гаспадаркі. Пры гэтым фінансавы бок дзейнасьці КСП заўсёды быў невядомы ня толькі грамадзтву, але і Вярхоўнаму Савету, а затым і Палаце прадстаўнікоў.

На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі Ціцянкоў разадраў на даху прэзыдэнцкай адміністрацыі бел-чырвона-белы сьцяг. Менавіта КСП фінансавала рэфэрэндум 1996 году, які быў не прызнаны міжнароднай супольнасьцю і ў выніку якога была зьмененая Канстытуцыя.


У 1999 годзе Ціцянкоў быў вызвалены з пасады кіраўніка спраў па ўласным жаданьні. Паводле вартых даверу крыніцаў, нагодай быў канфлікт паміж ім і Лукашэнкам, падчас якога абодва бакі ўжылі нават фізычную сілу, а падставай канфлікту стала жаданьне Ціцянкова ўлезьці ў сфэры бізнэсу, куды Лукашэнка не хацеў яго пускаць. Пасьля адстаўкі Ціцянкоў зьехаў у Маскву і доўгі час не наведваўся ў Беларусь.

Прадпрымальнік Віктар Лагвінец належаў да кола сяброў Ціцянкова. Лагвінец карыстаўся пратэкцыяй, займаўся дрэваапрацоўкай і рыбаперапрацоўкай. Атрымліваў выгодныя замовы ад ураду, у тым ліку на забудову катэджнага пасёлку ў раёне Цнянскага вадасховішча. Пасьля сыходу Ціцянкова ў адстаўку ў 1999 годзе быў арыштаваны, але кампэнсаваў страты і праз чатыры месяцы выйшаў на волю.

Тамара Віньнікава ўзначальвала «Беларусбанк», куды ў 1995 годзе паводле ўказу Лукашэнкі быў уключаны і Ашчадны банк. Уваходзіла ў кола найбліжэйшых фінансавых кансультантаў Лукашэнкі. Пасьля адстаўкі Станіслава Багданкевіча ў 1996 годзе яе прызначылі старшынём праўленьня Нацыянальнага банку. Праз год яе арыштавалі, утрымлівалі ў СІЗА КДБ, затым перавялі пад хатні арышт. З-пад арышту ўцякла (падрабязнасьці ўцёкаў невядомыя да цяперашняга часу), празь нейкі час паведаміла, што знаходзіцца ў Вялікай Брытаніі.

Тамара Віньнікава
Тамара Віньнікава

Галіна Жураўкова заняла пасаду кіраўніцы спраў прэзыдэнта пасьля Івана Ціцянкова. Пры ёй бізнэс-імпэрыя яшчэ больш пашырылася, створаныя пры КСП кампаніі фактычна манапалізавалі нафтавы і тытунёвы рынкі. У 2004 годзе Жураўкову арыштавалі і за крадзеж больш як трох мільёнаў даляраў асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Аднак яна паклялася ў вернасьці Лукашэнку, кампэнсавала страты і была памілаваная.

Гандляр нафтай і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Скутаў быў арыштаваны ў 2004 годзе, асуджаны за махлярства і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць на сем гадоў пазбаўленьня волі. Выйшаў на свабоду па амністыі праз тры гады і ўладкаваўся на працу ў апарат СНД.

Стваральнік кампаніі «Трайпл» Юры Чыж, які меў ад Лукашэнкі права на забудову сталічных тэрыторыяў, быў затрыманы першы раз у сакавіку 2016 году па падазрэньні ў нявыплаце падаткаў, праседзеў за кратамі да верасьня, прызнаў віну, кампэнсаваў дзяржаве страты і быў вызвалены.

Прадпрымальнік Яўген Баскін у 2006 годзе атрымаў паводле ўказу Лукашэнкі Магілёўскую бройлерную птушкафабрыку, на базе яе стварыў прадпрыемства «Сэрвалюкс Агра». Паступова заняў 30% рынку мяса птушкі, пастаўляў прадукцыю ў Расею. Уваходзіў у Раду разьвіцьця прадпрымальніцтва. Быў узнагароджаны граматай Савету міністраў Беларусі з нагоды 50-годзьдзя. Затрымалі яго ў сакавіку 2016 году, паводле словаў тагачаснага старшыні КДБ Вакульчыка — за незаконныя фінансавыя апэрацыі. Добраахвотна кампэнсаваў страты і быў вызвалены з-пад варты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG