Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права на бесчалавечнасьць як прыкмета агоніі рэжыму


Калі крэсла пад уладай захісталася, стратэгію свайго ратаваньня яна ўбачыла толькі ў адным — расчалавечыць, абвесьціць права на беспакаранасьць.

Сьцісла

  • У крытычны момант Лукашэнка вярнуўся да праверанай зброі — абвясьціў для сваіх прыхільнікаў «права на ганьбу», права на беспакаранасьць.
  • Калі чалавеку дазваляецца рабіць зь іншымі што заўгодна і гэта нават ухваляецца зьверху, далёка ня ўсе могуць застацца людзьмі.
  • Стратэгія ўлады — абарваць усе апошнія ніці, якія яшчэ зьвязвалі абаронцаў гэтай улады з законнасьцю, з гуманнасьцю, з сумленьнем.
  • Улада, якая ставіць на найгоршае ў чалавеку, гістарычна асуджаная на паразу і забыцьцё.

У 1995 годзе, адразу пасьля рэфэрэндуму аб мове, сымбалях і інтэграцыі з Расеяй, я напісаў у газэце «Свабода» артыкул «Права на ганьбу», які ў той момант прагучаў даволі прыкметна і пра які мне дагэтуль часам нагадваюць зусім не знаёмыя людзі. Галоўная ідэя таго тэксту палягала ў тым, што Аляксандар Лукашэнка сваімі дзеяньнямі і рыторыкай наўмысна абуджае ў людзях самыя нізкія, прымітыўныя пачуцьці, дае дазвол на нянавісьць, на нелюбоў да пасьпяховых, стратэгічна — цягне людзей ня ўгору, а ўніз. Загаловак быў узяты з цытаты Дастаеўскага — «Провозгласите право на бесчестие, и все побегут за вами».

Мінула чвэрць стагодзьдзя, апошнія гады ў Беларусі нават зьявіліся прыкметы «мяккай беларусізацыі», лібэралізацыі, расла недзяржаўная эканоміка — і многім здалося, што рэжым непазьбежна вымушаны будзе паступова мяняцца, зьмякчацца, цывілізавацца.

Але гэта была ілюзія. Мянялася грамадзтва, але ня ўлада. У крытычны момант Лукашэнка вярнуўся да праверанай зброі — абвясьціў для сваіх прыхільнікаў «права на ганьбу», права на беспакаранасьць.

«Я вызвалю вас ад хімэры, якая называецца „сумленьне“», — казаў адзін гістарычны пэрсанаж, пры якім «ня ўсё толькі кепскае было ў Германіі». «Иногда не до законов», — сказаў у 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка.

«Рабіце, што хочаце, і вам за гэта нічога ня будзе», — было сказана сілавікам. Гэта не эмацыйная рыторыка публіцыста. Ёсьць шмат сьведчаньняў і доказаў, што ад 9 жніўня сілавікам быў дадзены дазвол і нават загад не лібэральнічаць, паводзіць сябе з затрыманымі так, каб ім больш не хацелася выступаць супраць улады. «Я цябе заб’ю, і мне за гэта нічога ня будзе», — казалі людзі ў чорным пратэстоўцам. «Трапіш да мяне ў камэру, і я пакажу табе, хто з нас сапраўдны мастак», — сказаў адзін зь сілавікоў затрыманаму з фарбай хлопцу, які ляжаў побач са мной на зямлі ў двары на Акрэсьціна.

На шматлікіх кадрах, якія мы назіралі за гэтыя месяцы, можна пабачыць, як вельмі па-рознаму паводзілі сябе сілавікі. Адны агрэсіўна кідаліся на затрыманых, білі іх зь нейкім шаленствам, нават калі не было ніякага намёку на супраціў ці пагрозу. (І гэта на вуліцы, дзе яны разумелі, што іхныя дзеяньні могуць трапіць на відэа — у аўтазаках і за сьценамі турмаў быў нашмат страшнейшы ўзровень зьверстваў). Іншыя не прымянялі дубінак, маглі проста пхнуць затрыманага нагой — так, «для выгляду», для праформы. Адны бяз дай прычыны маглі ўдарыць чалавека, які стаіць на каленях і не супраціўляецца, іншыя казалі затрыманым: «Уцякайце адсюль».

Нават на тым сумнавядомым відэа з РАУС, дзе затрыманых прапускаюць «праз строй», адны людзі ў форме б’юць іх з усёй сілы, зь нейкай радасьцю і захапленьнем, іншыя — адбываюць павіннасьць, проста стаяць альбо фармальна абазначаюць удары.

Калі чалавеку дазваляецца рабіць зь іншымі што заўгодна і гэта нават ухваляецца зьверху, далёка ня ўсе могуць застацца людзьмі. Тым больш, калі твая «чалавечнасьць» можа стаць крыніцай праблемаў на службе ў структурах, дзе гуманнасьць і сумленьне фактычна прызнаныя непатрэбнымі ці нават варожымі якасьцямі. У структурах, дзе хоць нейкі намёк на самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў, намёк на імкненьне служыць закону, а ня ўладзе гвалтоўна выкарчоўваўся ўсе амаль 27 гадоў.

Дзясяткі вялікіх літаратурных твораў напісаныя пра тое, што чалавек міжволі дзічэе на вайне, хутка скідае налёт цывілізаванасьці. Таму, каб чалавек у форме выконваў самыя жорсткія і бязьлітасныя загады, спачатку трэба яго пераканаць, што ён на вайне. «Вайна ўсё сьпіша...»

Паказальна, што калі летам 2020 году крэсла пад уладай захісталася, стратэгію свайго ратаваньня яна ўбачыла толькі ў адным — расчалавечыць. Абарваць усе апошнія ніці, якія яшчэ зьвязвалі абаронцаў гэтай улады з законнасьцю, з гуманнасьцю, з сумленьнем. Ператварыць іх у зомбі, у паслухмяную злосную біямасу, гатовую выканаць любы загад.

Ці варта мне нагадваць банальную ісьціну, што ўлада, якая ставіць на найгоршае ў чалавеку, гістарычна асуджаная на паразу і забыцьцё?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG